Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Адбірае ў людзей грошы і нахабна сьцьвярджае, што людзі гэта ўхваляюць...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Значная частка пошты Свабоды — гэта расповеды пра паўсядзённыя клопаты, пра тое, якія зьмены адбываюцца сёньня ў жыцьці шараговага беларускага грамадзяніна. Калі меркаваць па большасьці лістоў на гэту тэму, зьмены апошняга часу цяжка назваць станоўчымі.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, які пільна сочыць за мясцовым жыцьцём і вядзе яго абʼектыўны летапіс:

«Абвесьцілі, што ў нас у Макранах і Ляхаўцах цяпер не калгас і не каапэратыў, а акцыянэрнае таварыства. Назва новая, а сутнасьць — тая ж. Палі не ўзараныя, грошай на ўгнаеньні няма, кароў карміць няма чым, салома і сена шмат дзе засталіся ня ўбранымі... Цяпер узяліся за масавыя скарачэньні. Звальняюць усіх, каго толькі можна. Найперш бяз працы застаюцца пʼяніцы. Астатнім абразаюць заробкі.

Такая ж бяда ня толькі ў нас у вёсцы. З Кобрыня мне паведамляюць: там таксама скарачаюць працаўнікоў праўдамі і няпраўдамі. Многіх пераводзяць на скарочаны працоўны тыдзень. Паўсюль сталі меней плаціць... Мой сваяк працуе на будоўлі, дык кажа, што праца пакуль ёсьць, а вось заробак зусім ня той, што раней.

І вось цяпер яшчэ падвышаюць пэнсійны ўзрост. Як на маю думку, падвышаць трэба найперш тым, хто ўжо ў 45 год становіцца пэнсіянэрам — міліцыі ды вайскоўцам. Яны ж, выйшаўшы на пэнсію, працягваюць займаць працоўныя месцы. А моладзі куды падзецца? Мая ўнучка зараз вучыцца і адначасова шукае працу. Дык паспрабуй найдзі вакансіі: усе месцы займаюць пэнсіянэры. А цяпер, калі пэнсійны ўзрост паднімуць, маладым спэцыялістам стане яшчэ цяжэй. Ці думае хто пра гэта?».

Улады запэўніваюць, што пра гэта падумалі. Вось зусім нядаўна віцэ-прэмʼер Натальля Качанава, усяляк ухваляючы ідэю падвышэньня пэнсійнага ўзросту, абяцала, што ва ўрадзе «ўсё пралічана» і што ў Беларусі штогод будзе стварацца 50 тысяч новых працоўных месцаў, а то і болей... Адкуль возьмецца столькі працы — незразумела: паўсюль зь месцаў паступаюць паведамленьні толькі пра скарачэньні, звальненьні і згортваньне вытворчасьці. Хіба што здарыцца цуд, і зноў рэзка ўзьнімецца цана нафты...

Гарачая тэма апошніх тыдняў — рашэньне ўлады істотна падвысіць узрост выхаду на пэнсію. Адзін зь лістоў на гэтую тэму даслаў нам Іван Сотнік зь Менску:

«Мы з жонкай вельмі разьлічвалі на тое, што ўжо праз два гады яна выйдзе на пэнсію. Працы цяпер амаль няма, і тыя два мільёны рублёў пэнсіі — вялізная падтрымка для сямʼі. І вось табе маеш: Лукашэнка паднімае пэнсійны ўзрост, і цяпер давядзецца чакаць ня два гады, а пяць. Па сутнасьці, ён адбірае ў людзей грошы. І пры гэтым яшчэ нахабна сьцьвярджае, што людзі гэта ўхваляюць... Ды за такое трэба гнаць у карак усю гэту шайку...»

Тым, у каго пэнсійны ўзрост ужо зусім блізка, улада зьбіраецца даць невялікую палёгку. Так што вашай жонцы, спадар Іван, чакаць пэнсіі давядзецца ня пяць гадоў, а, магчыма, чатыры ці тры з паловай: падрабязнасьці неўзабаве стануць вядомыя. Але ў цэлым навіна большасьцю людзей перадпэнсійнага ўзросту была ўспрынята гэтак жа, як і вамі. Мяркую нават, што гэтым рашэньнем Лукашэнка найперш і застанецца ў народнай памяці. Запомніцца найперш тое, што вось Пуцін адабраў Крым ва ўкраінцаў, а Лукашэнка адабраў пэнсіі ва ўласнага народу.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Барыс Руцько зь Менску з трывогай сочыць за міжнароднымі падзеямі, найперш — за тэрарыстычнымі атакамі ісламістаў:

«Відавочна, што разам з натоўпамі ўцекачоў у Эўропу прабраліся і тэрарысты. Для іх гэта вельмі зручны маршрут. Думаю, што ўсё было задумана загадзя. Той, хто арганізаваў бунты ў краінах Паўночнай Афрыкі і Блізкага Ўсходу, ставіў перад сабой і такую мэту.

А тое, што адбылося — гэта ж толькі пачатак. Колькі ахвяраў і нэгатыўных эканамічных наступстваў наперадзе — можна толькі здагадвацца.

Думаю, дзеля таго, каб эфэктыўна супрацьстаяць гэтай навале, Эўропа павінна абʼяднаць свае намаганьні з Расеяй, у якой ёсьць багаты досьвед. Не варагаваць з Масквой трэба, а наладжваць супрацу перад пагрозай, якая навісла і над Захадам, і над Расеяй».

Дык а хто вінаваты ў тым, што стасункі пагоршыліся, спадар Барыс? Ня Захад жа парушыў усе міжнародныя дамоўленасьці і анэксаваў Крым. Масква выдатна ведае, што трэба зрабіць, каб аднавіць былыя добрыя дачыненьні і скасаваць заходнія санкцыі. Але замест таго, каб вярнуцца ў рэчышча міжнароднага права, імкнецца зайсьці зь іншага боку, шукае абыходныя шляхі. У Крамлі разьлічваюць на тое, што актыўная роля Масквы ў сырыйскім канфлікце і барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» адцягне ўвагу ад Крыма і сьпіша ўсе былыя грахі. Ды разьлікі гэтыя пакуль што марныя.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск −5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

XS
SM
MD
LG