Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмен Саўчанкі на Ярафеева і Аляксандрава можа не адбыцца


Надзея Саўчанка. Аляксандар Аляксандраў і Яўген Ярафееў, каляж.
Надзея Саўчанка. Аляксандар Аляксандраў і Яўген Ярафееў, каляж.

Адвакат Аксана Сакалоўская сьцьвярджае, што перамовы пра абмен Яўгена Ярафеева і Аляксандра Аляксандрава, прызнаных кіеўскім судом вайскоўцамі ГРУ Генштабу Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, на ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанка прыпыніліся.

«Наколькі я разумею, усе мы разумеем, — гэта двухбаковае пагадненьне. І Расея, і Ўкраіна ўзялі паўзу ў гэтым пытаньні. Былі пэўныя дамоўленасьці, якія яшчэ ня выкананыя. Магчыма, што бакі чакаюць уступленьня ў сілу прысуду Ярафееву і Аляксандраву. Але цяпер я прыходжу да высновы, што абмен можа не адбыцца. І ў выпадку непадачы апэляцыі нашы падабаронныя будуць пазбаўленыя права далейшага абскарджаньня, у тым ліку і ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека, на нашу думку, незаконнага прысуду», — заявіла Аксана Сакалоўская ў інтэрвію Радыё Свабода.

Паводле яе слоў, раней былі дасягнуты дамоўленасьці, якія, у прыватнасьці, прадугледжваюць абмен асуджаных праз працэдуру памілаваньня прэзыдэнтамі Расеі і Ўкраіны.

«Такіх актаў не было ні з аднаго, ні зь іншага боку. У Саўчанкі пытаньне пра абскарджаньне вынесенага ёй прысуду зьнята з парадку дня, а для нашых падабаронных гэтае пытаньне адкрытае і актуальнае. Зараз мы сумняваемся, што могуць быць выкананы дамоўленасьці па перадачы асуджаных на радзіму, паколькі для гэтага неабходна, каб Украіна прызнала прысуд Саўчанкі, а Расея — прысуд Ярафееву і Аляксандраву. Аднак відавочна, што ні адзін, ні другі бок гэтага рабіць ня стануць. Такім чынам, Ярафееў і Аляксандраў будуць пазбаўленыя якога-небудзь права на абскарджаньне, і яны вымушаныя будуць адбываць пакараньне на тэрыторыі Ўкраіны, калі, вядома ж, ня будуць выкананыя ранейшыя дамоўленасьці. У мяне была інфармацыя, што абмен плянаваўся да травеньскіх сьвятаў. Паколькі гэтага не адбылося, то я не выключаю падачы апэляцыі на прысуд, які ўступае ў сілу 23 траўня», — адзначыла адвакат Ярафеева Аксана Сакалоўская.

Абарона расейцаў мае намер вызначыцца з падачай апэляцыі прыкладна 20 траўня. Між тым, адвакат Саўчанкі Марк Фейгін ня мае інфармацыі аб спыненьні ці прыпыненьні перамоваў аб абмене яго падабароннай на расейскіх гэрэушнікаў.

«У мяне няма такой інфармацыі. Хачу падкрэсьліць, у дадзенай сытуацыі я наогул асьцерагаюся камэнтаваць палітычны складнік. На вышэйшым узроўні прынцыпова рашэньне прынята. Па-ранейшаму пытаньне ў тым, як перавесьці гэта ў строгую юрыдычную плоскасьць», — заявіў Фейгін агенцтву «Укрінфарм».

18 красавіка 2016 года суд у Кіеве прысудзіў Яўгена Ярафеева і Аляксандра Аляксандрава да 14 гадоў зьняволеньня, абвінаваціўшы іх у вядзеньні агрэсіўнай вайны супраць Украіны, учненьні тэрактаў і садзейнічаньні тэрарыстычнай арганізацыі.

Расея і Ўкраіна, як неаднаразова паведамлялася раней, вядуць перамовы пра абмен асуджанай у Расеі ўкраінкі Надзеі Саўчанкі на расейцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ярафеева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG