Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сутыкнуўшыся з вострымі эканамічнымі праблемамі, улады шукаюць грошы найперш у кішэнях уласных грамадзянаў. Апошнія захады тычацца ліміту на тавары, якія набываюцца за мяжой — як падчас шоп-тураў, так і ў выглядзе пасылак для ўласнага карыстаньня.

Адным з галоўных лабістаў жорсткага заканадаўства, якое не дазволіць шараговым грамадзянам эканоміць на больш даступным імпарце, — колішні прэм’ер-міністар, экс-старшыня Акадэміі навук, а цяпер кіраўнік Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясьніковіч. Яшчэ летась у чэрвені чыноўнік заявіў, што з пасылак, якія прыходзяць з-за мяжы, трэба спаганяць падатак на дададзеную вартасьць:

«Міжнародныя адпраўленьні лявінападобна растуць, аднак фактычна не даюць „Белпошце“ істотных прыбыткаў. У 2014-м у Беларусь прыйшло 6,5 мільёна пасылак з таварам, за паўгода 2015-га — ужо больш за 5 мільёнаў. Прычым пасылкі прыходзяць ня толькі для асабістага карыстаньня, але ўтрымліваюць цэлыя партыі тавараў, якія потым рэалізуюцца на рынках, у іншых месцах. Пералічваючы грошы, напрыклад, у Кітай, пакупнік ня плаціць падатак на дададзеную вартасьць. Калі мы ідзём у краму, купляем хлеб, малако, то аўтаматам плацім ПДВ. Але, набываючы рэч за мяжой, падатак не выплочваецца», — патлумачыў Мясьніковіч, паабяцаўшы, што неўзабаве сытуацыя будзе ўзятая пад кантроль.

І не падмануў: ад сярэдзіны красавіка 2016-га пачнуць дзейнічаць новыя ліміты на тавары, якія набываюцца за мяжой. Бязмытна можна будзе атрымаць пасылку для асабістага карыстаньня на суму ня больш як 22 эўра на месяц вагой ня больш за 10 кіляграмаў (было, адпаведна, 200 эўра і 31 кіляграм).

Акрамя таго, унесеныя зьмены ў парадак перамяшчэньня тавараў асабістага карыстаньня праз аўтадарожныя і чыгуначныя пункты пропуску: калі грамадзяне перасякаць мяжу часьцей, чым раз на тры месяцы, то тавары звыш 300 эўра ня будуць прызнавацца «для асабістага карыстаньня», а будуць падлягаць мытнаму афармленьню са сплатай мыта.

Як выявілася, Міхаіл Мясьніковіч фігуруе і за ідэяй упарадкаваць схему замоваў у замежных інтэрнэт-крамах. Паводле ягоных словаў, выклікае вялікі сумнеў, якім чынам грамадзяне ацэньваюць кошт зьдзелкі: маўляў, атрымальнік указвае той цэньнік, які дазваляе ўклініцца ў «дазвольную сыстэму»: «Думаю, гэтае пытаньне мы вырашым», — запэўніў чыноўнік, і зноў так і сталася. Цяпер «махінатараў» будуць мэтанакіравана вылічваць. Апроч таго, атрымаць міжнародную пасылку ня змогуць даўжнікі, якія ня плацяць алімэнтаў і не вяртаюць грошай. І наўрад ці гэта простае застрашваньне, бо судовыя выканаўцы ўжо маюць права арыштоўваць аўтамабілі і здымаць грошы з інтэрнэт-рахункаў.

Ідэя абкласьці падаткам беларусаў, якія не працуюць, — таксама вынік актыўнасьці Міхаіла Мясьніковіча. Упершыню ён яе агучыў у рангу прэм’ер-міністра яшчэ летам 2013 году, выступаючы перад актывам Магілёўскай вобласьці. У прыватнасьці, заявіў, што лічыць мэтазгодным увесьці падатак на «дармаедзтва»:

«Каля 445 тысяч чалавек працаздольнага насельніцтва Беларусі нідзе не працуе, а значыць — ня ўносіць ніякага ўкладу ў разьвіцьцё эканомікі. Сытуацыю неабходна выпраўляць. Адзін са спосабаў — увядзеньне падатку на тых, хто не працуе».

Варта адзначыць, што рэалізаваная ўрэшце ідэя «падатку на дармаедаў» — гэта трансфармацыя іншай «аўтарскай» ініцыятывы. Раней Мясьніковіч заклікаў абвясьціць вайну ўтрыманству — праўда, тады пад гэтым мелася на ўвазе барацьба зь фіктыўным працаўладкаваньнем. Зрэшты, хто можа гарантаваць, што неўзабаве чарга ня дойдзе і да «левых» работнікаў?

Яшчэ адзін плён дзейнасьці ўраду Мясьніковіча — увядзеньне дзяржаўнай пошліны за допуск аўтамабіляў да дарожнага руху. Пры канцы таго ж 2013-га ён асабіста пераконваў парлямэнтароў ухваліць законапраект, сьцьвярджаючы, што так званы транспартны падатак стане адным з варыянтаў дадатковай крыніцы бюджэтных паступленьняў: «Усё гэта пойдзе мэтавым чынам на дарогі. Такая мера можа, і непапулярная, але прасіў бы вас падтрымаць гэтую прапанову». Як правіла, доўга ўгаворваць народных абраньнікаў не даводзіцца, і рэзанансная дзяржпошліна стала ці ня самай гучнай сярод навацыяў-2014.

Але што там пасылкі, дармаеды і абураныя кіроўцы... У ліпені 2012 году ў рангу прэм’ер-міністра менавіта Мясьніковіч паставіў подпіс пад генэральным кантрактам на будоўлю атамнай электрастанцыі ў Астраўцы на Гарадзеншчыне. З боку Расеі як гаранта і крэдытора праекту кантракт падпісаў кіраўнік ураду Дзьмітры Мядзьведзеў. Непазьбежнасьць атамных пэрспэктываў для Беларусі Мясьніковіч прадказваў яшчэ на пасадзе старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук, пераконваючы грамадзкасьць, што ў зьменлівым сьвеце безь «мірнага атаму» ня выкруціцца. Прынамсі, свайго боса пераканаў дакладна — у год, калі адзначаецца 30-годзьдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС, працы на аб’екце ідуць поўным ходам.

Паказальна, што днямі ў продаж паступіла кніга Міхаіла Мясьніковіча пад грувасткай назвай «Эвалюцыйныя трансфармацыі эканомікі Беларусі». Праўда, прапаноўваючы рэцэпты аздараўленьня нацыянальнай эканомікі, аўтар нічога не расказвае пра новыя гарызонты ў справе «раскулачваньня» беларусаў.

А ў гэтай справе яшчэ вялікі патэнцыял. Прапануем чыноўніку высокага палёту магчымыя варыянты спагнаньняў, якія ў розныя часы прыносілі ў бюджэт рэальныя даходы.

  • Падатак на прыбіральні: Старажытны Рым.
  • Падатак на свабоду: Старажытны Рым.
  • Падатак на цяпло: Бізантыя, IX стагодзьдзе.
  • Падатак на баязьлівасьць: Англія, ХІІ стагодзьдзе.
  • Падатак на жыцьцё: Англія, XIV стагодзьдзе.
  • Падатак на бароды: Англія, XVII стагодзьдзе.
  • Падатак на вераб’ёў: Нямеччына, XVIII стагодзьдзе.
  • Падатак на капелюшы: Англія, XVIII стагодзьдзе.
  • Падатак на дысыдэнтаў: Англія, XVIII стагодзьдзе.
  • Падатак на коміны: Расея, XVIII стагодзьдзе.
  • Падатак на вокны і дзьверы: Францыя, XVIII стагодзьдзе. Падатак на гадзіньнік: Англія, XVIІI стагодзьдзе.
  • Падатак на вочы: Расея, XVIІI стагодзьдзе.
  • Падатак на выпас сьвіней у лесе: Англія, XVIІI стагодзьдзе.
  • Падатак на соль: Кітай, Індыя, XIX стагодзьдзе.
  • Падатак на вушы: Тыбэт, ХХ стагодзьдзе.
  • Падатак на паласканьне бялізны ў палонцы: Расея, ХХ стагодзьдзе.
  • Падатак на ровары: Расея, ХХ стагодзьдзе.

Нягледзячы на абсурднасьць асобных пазыцыяў, усе гэтыя ды многія іншыя падаткі спраўна выплочваліся і папаўнялі дзяржаўную скарбонку — за нявыплату пагражала сур’ёзнае пакараньне.

У нашы дні ў розных частках сьвету спаганяюць ня менш дзіўныя зборы, якія таксама могуць быць узятыя на заметку спадаром Мясьніковічам — найперш за нестандартнасьць падыходу да прадмету падаткаабкладаньня.

  • Падатак на цень: Вэнэцыя.
  • Падатак на гіпс: Аўстрыя.
  • Падушны падатак зь немусульманскага насельніцтва («джызья»): Сырыя, Эгіпет.
  • Падатак на мір: Гвінэйская Рэспубліка.
  • Падаходны падатак з продажу наркотыкаў: ЗША.
  • Падатак на пыл: Армэнія.
  • Падатак на танец жывата: Эгіпет.
  • Падатак на сонца: Балеарскія выспы, Гішпанія.
  • Падатак на тэлебачаньне: Вялікая Брытанія, Фінляндыя, Ізраіль.
  • Падатак на татуіроўкі: ЗША.
  • Падаходны падатак з хабару: Эстонія.
  • Падатак на грыль: Бэльгія.
  • Падатак на палачкі для ежы: Кітай.
  • Падатак на грамадзянскі шлюб: Кітай.
  • Падатак на вылет з краіны: Фіджы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG