Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А Лукашэнка — адно слова: дыплямат», — апытаньне ў Шклове


Шклоўскі краявід

Шклоўскі краявід

Апытаньне ў Шклове: «На які вынік спадзяюцца жыхары Шклова, землякі Лукашэнкі, ад Менскіх перамоваў па сытуацыі на Данбасе? Ці лічаць Лукашэнку міратворцам, ці ганарацца ім?»

Спадарыня: «Мне б хацелася, каб быў найлепшы вынік — станоўчы, асабліва для Ўкраіны. Паглядзіш кадры адтуль — становіцца страшна. Мы ж усе народ. У нас ёсьць дзеці, маці. За намі нехта стаіць. Там сытуацыя дужа страшная».

Спадар сталага веку: «Ад Лукашэнкі мала што залежыць. Ён толькі арганізатар. Прыняў усіх гасьцей як трэба — па-сяброўску, прыветліва. Ягоных рашэньняў тут ніякіх. Вядома ж, гонар, што незалежна ад таго, што б там ні адбывалася — мы паводзім сябе прыстойна. Ня ўмешваемся нікуды. Каб гэтак паводзілі сябе ўсе, то было б добра».

Спадарыня: «Усе спадзяёмся, што вынік будзе станоўчы. Не дапусьцяць маштабных ваенных дзеяньняў. Дужа спадзяёмся. Да Бога зьвяртаемся і да нашых кіраўнікоў. Думаем, што дамовяцца. Мір ёсьць мір. Мы ганарымся нашым „бацькам“, што ён узяўся за такую ролю пасярэдніка. Ён вядзе да гэтых перамоваў».

Спадар: «Там жа нашы блізкія сябры жывуць, суседзі. Мы хочам, каб там быў мір і спакой. Каб тыя, хто пры ўладзе, слухалі народ, а не дзялілі партфэлі».

Спадар: «Будзе мір. Навошта ваяваць? Ёсьць нейкі гонар, што перамовы праходзяць у Беларусі. Мы ж, беларусы, мірныя людзі. А пра Аляксандра Лукашэнку — што мне пра яго казаць? Нічога не скажу».

Спадар сталага веку: «Мне б хацелася, каб там быў мір. Але я бачу, што яны ня могуць дамовіцца між сабой. То ў адных прэтэнзіі, то ў другіх. Да агульнага яны не прыходзяць. Лукашэнка тут ніякі не міратворца. Проста дапамагае. Ён даў месца і абстаноўку стварыў спрыяльную».

Спадар: «Я дужа хацеў бы, каб надышло замірэньне. А які вынік будзе тут, мне дужа цяжка адказаць. Спадзяюся, што здаровы розум пераможа. Я дужа рады, што Беларусь стала пасярэднікам у такой добрай справе. А Аляксандар Лукашэнка — дыплямат. Адно слова — дыплямат».

XS
SM
MD
LG