Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гэндырэктар «А-100 АЗС» Ірына Валадзько: Наша мэта — каб беларуская мова гучала шырэй


Сетка аўтазаправачных станцыяў «А-100» з 1 студзеня 2015 году распачала пераход на беларускую мову. Перадусім — што да працоўнай мовы, а таксама тэхнічнага і рэклямнага афармленьня. Кіраўніцтва групы кампаній называе гэта першымі крокамі доўгатэрміновага праекту беларусізацыі «А-100 АЗС».

Аўтазаправачная станцыя кампаніі «А-100» на Баравой, 7 пад Менскам — адна з трыццаці трох, разьмешчаных у розных гарадах Беларусі. Пэрсанал сеткі абслугоўваньня — моладзь у веку «25 плюс-мінус 5». Хлопцы і дзяўчаты за стойкамі кавярні і апэратары запраўкі ў форменнай вопратцы спакойна і нібыта звыкла вітаюць частых наведнікаў па-беларуску, прапаноўваюць каву, нагадваюць, каб не забывалі рэшту. Тым часам для бальшыні зь іх — гэта толькі першыя дні камунікацыяў па-беларуску. Гаворыць адна з супрацоўніц:

Карэспандэнтка: «Дзе і калі вы ўпершыню загаварылі па-беларуску?»

Супрацоўніца: «Тут, ад пачатку гэтага году — як толькі такое правіла было ўведзенае, так і загаварыла».

Карэспандэнтка: «Складана было?»

Супрацоўніца: «Не, у Беларусі ж жыву».

Карэспандэнтка: «Як вы сябе пачувалі, не баяліся нейкай рэакцыі людзей?»

Супрацоўніца: «Не, людзі ў нас добрыя, нармальна ставяцца — усё добра».

Карэспандэнтка: «А як вы паставіліся да такой прапановы, калі ўпершыню пачулі, што будзеце працаваць і размаўляць па-беларуску?»

Супрацоўніца: «Цікава было, што з гэтага атрымаецца. Ну вось, нібыта атрымліваецца».

Сярод 500 супрацоўнікаў кампаніі ёсьць ня толькі беларусы, але і выхадцы з Расеі, і людзі іншых нацыянальнасьцяў. А таму напачатку для ўсіх распрацаваны неабходны слоўны мінімум. Гэтаксама як і ў зьнешнім афармленьні станцыяў — перавод на беларускую мову шыльдаў, надпісаў і цэтлікаў адбываецца паступова, кажа кіраўніца ўпраўленьня маркетынгу групы кампаніяў «А-100 АЗС» Ніна Ніканорава:

«Мы вырашылі распачаць з сэрца нашай гандлёвай залі — кава-куточка. Таму вы можаце заўважыць, што зьявіліся нейкія цэтлікі, нейкія інструкцыі па выкарыстаньні кава-апаратаў, інструкцыі па выкарыстаньні мікрахвалёўкі. Таксама вы бачыце тут рэклямныя матэрыялы па-беларуску. І гэта толькі пачатак. Мы ствараем для нашых кліентаў камфортнае беларускамоўнае асяродзьдзе. І, каб гэта не было неспадзяванасьцю, мы робім гэта малымі крокамі. Але паступова ўся аздоба, усе знакі навігацыі для кліентаў стануць беларускамоўнымі».

Супрацоўнікі «А-100» паведамляюць: пасьля таго як праз інтэрнэт распаўсюдзілася інфармацыя пра беларускую мову на аўтазапраўках іхняй кампаніі, заўважна паболела наведнікаў, перадусім — беларускамоўных і ўвогуле тых, хто прыхільна ставіцца да роднай мовы. І сапраўды, сярод наведнікаў наша здымачная група не спаткала іншых. Размаўляю зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Ці ўпершыню вы тут на гэтай станцыі?»

Спадар сярэдняга веку: «Не, не ўпершыню — пастаянна тут бываю».

Карэспандэнтка: «Нешта новае заўважылі?»

Спадар: «Пачуў беларускую мову. Цікава, незвычайна, прыемна».

Карэспандэнтка: «Самі гатовыя размаўляць?»

Спадар: «Ну, я дрэнна размаўляю па-беларуску. А так, чаму не?»

Карэспандэнтка: «Тое, што апэратары перайшлі на беларускую мову, — вы як да гэтага паставіліся?»

Юнак: «Прыемна, вельмі прыемна, цудоўна нават».

Карэспандэнтка: «Самі ці перайшлі зь імі на беларускую мову, ці прынамсі спрабавалі?»

Юнак: «Канечне, канечне, таксама адказваў па-беларуску. Бо гэта наша будучыня. Я вельмі хварэю за сваю мову».

Карэспандэнтка: «На якой мове вас абслугоўвалі?»

Кіроўца: «На нашай, беларускай».

Карэспандэнтка: «Ці вы дзе-небудзь яшчэ чулі на запраўках беларускую мову?»

Кіроўца: «Чыста беларускую — не».

Карэспандэнтка: «Прыемна было?»

Кіроўца: «Канечне, прыемна. Наша мова вельмі прыгожая, проста мы ёю не карыстаемся. А калі б вось так размаўлялі, то нармальна ўсё было б».

Юначка-кіроўца: «Я на запраўках „А-100“ бываю заўжды. Так, заўважыла тут беларускую мову».

Карэспандэнтка: «Як вы да гэтага паставіліся?»

Юначка-кіроўца: «Думаю, што гэта добрая ініцыятыва. Бо беларуская мова ў нашай паўсядзённасьці выкарыстоўваецца вельмі мала, калі выкарыстоўваецца ўвогуле. Таму гэтая ініцыятыва цудоўная. І спадзяюся, што кліенты будуць з задавальненьнем вучыцца беларускай мове, хоць бы вось гэткім апасродкаваным чынам».

Карэспандэнтка: «Вы самі гатовыя?»

Юначка-кіроўца: «Паспрабую».

Ірына Валадзько

Ірына Валадзько

Пераход групы кампаніяў «А-100 АЗС» на беларускую мову з 1 студзеня 2015 году — гэта сацыяльны праект па адраджэньні беларускай мовы, які заахвочвае, але не абавязвае да ўдзелу ў ім супрацоўнікаў кампаніі. Па жаданьні наведнікаў абслугоўваньне вядзецца таксама і на расейскай мове, кажа генэральны дырэктар Ірына Валадзько. Перадусім ідзецца пра папулярызацыю беларускай мовы, а празь яе — і беларускага бізнэсу, кажа яна. Перад пачаткам інтэрвію спадарыня Ірына выбачаецца за магчымыя памылкі ў беларускай мове і просіць іх выпраўляць, але гаворыць па-беларуску амаль бездакорна:

«Кампанія „А-100“ — гэта цалкам беларускі бізнэс. І пытаньне пераходу на беларускую мову для нас было ўсяго толькі пытаньнем часу. Мы жадаем, каб да беларускай мовы было крыху іншае стаўленьне, каб людзі далучаліся да беларускай культуры. Наша мэта — каб беларуская мова гучала шырэй. Невялікімі крокамі мы гэта робім у нашым бізнэсе, і таму, напэўна, ён будзе пашырацца таксама. Мы заўсёды адрозьніваліся і цяпер працягваем быць наперадзе сярод тых, хто таксама стараецца. І я ўпэўнена, што гэтая ініцыятыва будзе падтрыманая і іншымі прадстаўнікамі сэрвісных кампаніяў».

Ірына Валадзько кажа, што пачатку пераходу на беларускую мову папярэднічалі курсы «Мова Нанова», у якіх цягам чатырох месяцаў удзельнічалі і працягваюць удзельнічаць супрацоўнікі кампаніі, у тым ліку і сама Ірына Валадзько. І гэта толькі першыя крокі ў справе беларусізацыі кампаніі, кажа гендырэктарка:

«Па-першае, усе нашы вэб-рэсурсы стануць беларускамоўнымі — яны ўжо сталі беларускамоўнымі. Па-другое, усе нашы матэрыялы на паліўных станцыях таксама пяройдуць на беларускую мову. Па-трэцяе, шыльдачкі, цэньнікі — усё гэта паступова будзе пераведзенае на беларускую мову. Так, празь некаторы час уся аздоба паліўных станцыяў стане беларускамоўнай. Я вельмі ганаруся тым, што нашы супрацоўнікі падхапілі гэтую ідэю і падчас падрыхтоўкі сапраўды захапіліся ёю. Ёсьць таксама людзі, якім цяжэй, чым тым, хто размаўляе вольна. Яны рыхтуюцца крыху больш — я, у прыватнасьці, рыхтуюся больш за ўсіх. Мы будзем усім вельмі ўдзячныя за моўную дапамогу, бо яна патрэбная і мне, яна патрэбная і нам. Мы будзем вельмі ўдзячныя ўсім, хто дапаможа нам у гэтым кірунку. Мы будзем удзячныя і за крытыку, але заўважу, што такія справы робяцца паступова — не бывае ўсё „на раз“ і адразу на сто адсоткаў».

На разьвітаньне супрацоўнікі дораць фірмовыя настольныя календары, дзе па-беларуску ня толькі назвы месяцаў і рэклямныя слоганы, а ёсьць яшчэ і беларуска-расейскі міні-слоўнік. Гэндырэктар Ірына Валадзько запрашае наведаць кампанію «А-100 АЗС» праз паўгода, каб разам пераканацца, што за гэты час беларуская мова тут набудзе новае гучаньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG