Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто пятнаццаць гадоў таму 18 лютага на Мсьціслаўшчыне ў вёсцы Малая Багацькаўка нарадзіўся пісьменьнік, пэдагог, навукоўца Максім Гарэцкі.


Яму наканавана было пражыць сорак пяць гадоў. 10 лютага 1938 году Максіма Гарэцкага расстралялі ў расейскай Вязьме. Творчасьць пісьменьніка да 1960 году была ў забыцьці. Цяпер творы Максіма Гарэцкага няхай сабе і не рэгулярна, але выдаюцца. У 1986 годзе пабачыў сьвет чатырохтомнік твораў пісьменьніка. Да стагодзьдзя Гарэцкага выйшаў яшчэ адзін зборнік ягоных твораў. Ці ўсё сказана пра ягоную творчасьць?

З тым, што пра творчасьць Максіма Гарэцкага ня ўсё сказана згаджаецца яго пляменьнік акадэмік Радзім Гарэцкі. Ён параўноўвае, як адзначаўся стогадовы юбілей Гарэцкага з тым, што адбываецца цяпер.

Пятнаццаць год таму на знак павагі да творчасьці Максіма Гарэцкага ў тэатры імя Янкі Купалы адбыўся ўрачысты сход, які наведала вышэйшае кіраўніцтва краіны на чале са Станіславам Шушкевічам.

“Адчуваньне ёсьць такое, што ён, відаць, ня надта падабаецца сваёй беларускасьцю. Вось зараз сто пятнаццаць гадоў. Былі гарэцкія чытаньні – гэта былі ўжо шаснаццатыя, але таксама сьціпла. Былі толькі прыхільнікі яго творчасьці. Ніводнага прадстаўніка нашых дзяржаўных ці афіцыйных асобаў не было. І выдаюць яго слабавата, я б сказаў”, – зазначае Радзім Гарэцкі.

Многія творы пісьменьніка – напрыклад, апошнія “Скарбы жыцьця” – выйшлі толькі да стагодзьдзя ў часопісе “Полымя” і больш не перавыдаваліся.
Адчуваньне ёсьць такое, што ён, відаць, ня надта падабаецца сваёй беларускасьцю.

У свой час літаратурны крытык Антон Адамовіч назваў Максіма Гарэцкага першым летапісцам беларускай літаратурнай гісторыі. У сваёй манаграфіі аб творчасьці Максіма Гарэцкага ён даводзіць, што Гарэцкі сфармуляваў і спрабаваў адказаць на вечныя пытаньні беларуса: “Скуль усё, і што яно?”

Максім Гарэцкі ня толькі быў летапісцам, але ўдзельнічаў у важных грамадзка-палітычных падзеях, якія прывялі да паўстаньня цяперашняй незалежнай Беларусі.

5 сьнежня 1917 году ён удзельнічаў у Першым Усебеларускім зьезьдзе.

“Канечне, на яго гэта дужа паўплывала. Каб не было гэтага зьезду, не было б БНР. Не было б, я думаю, і БССР. Бальшавікі ў Смаленску абвясьцілі БССР. Там таксама быў і Максім Гарэцкі. Менавіта ў Смаленску ён пачаў пісаць свой выдатны твор “Дзьве душы”. У ім ён паказаў двухдушша бальшавікоў”, – мяркуе Радзім Гарэцкі.

У Смаленску Максім Гарэцкі працаваў у газэце “Зьвязда”. У 1919 годзе рэдакцыя газэты пераяжджае ў Менск, а пасьля абвяшчэньня Літоўска-Беларускай рэспублікі – у Вільню.

У Вільні Максім Гарэцкі выкладае ў Першай беларускай Віленскай гімназіі ды на беларускіх настаўніцкіх курсах, рэдагуе газэты “Наша думка” й “Беларускія ведамасьці”.

Максім Гарэцкі ўдзельнічае і ў палітычным жыцьці Віленшчыны. 20 студзеня 1922 году Максіма Грэцкага разам зь яшчэ трыццацю двума актывістамі дэпартуюць зь Віленшчыны. Польскія ўлады зьвінавацілі іх у агітацыі супраць правядзеньня выбараў у Віленскім сойм.

Пасьля непрацяглага побыту ў Коўне Максім Гарэцкі пераяжджае ў савецкую Беларусь. Ці займаўся ён тут палітыкай? Радзім Гарэцкі кажа, што афіцыйна не:

“Ён быў грамадзянін, ён, як сапраўды пісьменьнік, заўсёды пісаў праўду. А праўду, на жаль, і цяпер не заўжды можна напісаць”.

У Савецкім Саюзе Максіма Гарэцкага арыштоўвалі двойчы. У чэрвені 1930 году яго саслалі ў Вятку й забаранілі займацца выкладчыцкай дзейнасьцю. У ссылцы Гарэцкі піша раман “Віленскія камунары” без спадзеву на яго выданьне. У 1937 годзе пісьменьніка зноў арыштоўваюць і 10 лютага 1938 году расстрэльваюць.

Цяпер на сфармуляваныя Максімам Гарэцкім пытаньні адказваюць грамадзяне Незалежнай Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG