Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі зноў пратэстуюць


Сёньня а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску чакаецца чарговы несанкцыянаваны мітынг пратэсту. Шэраг актывістаў выкліканыя ў суд.


Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў нагадаў, што рашэньне выйсьці сёньня на плошчу было прынятае ўдзельнікамі мітынгу 21 студзеня. Спадар Гарбачоў мяркуе, што любая, нават маленькая, акцыя наводзіць на ўладу страх:

“21 чысла на плошчы было больш за дзьве тысячы чалавек. Яны прынялі рашэньне, што сустракаемся 18-га, каб абмеркаваць гэтую праблему. Калі масы гэта прынялі, то яны павінны гэта і выканаць. Няхай нават яна будзе зь меншай колькасьцю. Проста, што народ крыху стаміўся праводзіць гэтыя акцыі. Нічога страшнага, падрыхтуемся лепш да наступнай – 25 сакавіка”.

Лідэр рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка сказаў, што сёньняшняя акцыя – гэта рашэньне саміх прадпрымальнікаў. І “Пэрспэктыва” гэтае рашэньне паважае:

“Вулічныя акцыі – гэта адзіны спосаб заявіць пра свае праблемы. Бо дзяржава ня хоча і ня чуе прадпрымальнікаў. І на лісты патрэбным чынам не рэагуе. Але для таго, каб вулічныя акцыі мелі нейкі рэзананс, эфэкт – яны павінны быць прадуманымі, эфэктыўнымі, а галоўнае – масавымі. І адпавядаць канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Масавая салідарнасьць здольная абараніць свае інтарэсы. Тым больш, што гэта гарантавана канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь”.

Сябра рады Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа заяўляе пра вельмі нэгатыўнае стаўленьне да ўказу №760 і яго наступстваў:

“Тое, што гэтыя выхады на плошчы, мітынгі і маршы ў цэнтры горада ўзьнікалі – безумоўна, ляжыць на ўладах. Але наша пазыцыя такая, што дадзеныя акцыі не прывядуць да станоўчых вынікаў. А тое, што 70 арыштаў вакол мінулых акцый, і ёсьць пачатая крымінальная справа – гэта нас вельмі трывожыць, бо людзі могуць самым сур’ёзным чынам пацярпець”.

Учора ўвечары чацьвёра міліцыянтаў затрымалі прадпрымальніка з Узды Віктара Крываля. Яны прынесьлі яму дахаты позву зьявіцца сёньня а 9 раніцы “для апытаньня па матэрыялу праверкі”. Аднак, яны прымусілі спадара Крываля неадкладна паехаць зь імі ў міліцыю. У гэты момант карэспандэнт Свабоды зьвязаўся зь ім па тэлефоне:

“Вязуць. Я ў майцы, спартыўных штанах і тапачках”.

Пазьней тэлефон спадара Крываля не адказваў, а ў міліцыі адмовіліся ад тлумачэньняў.

У Баранавічах пяцёра прадпрымальнікаў выкліканыя сёньня ў суд. Яны падавалі заяўку на правядзеньне мітынгу ў цэнтры горада 11 лютага. Улады яго не дазволілі, аднак прадпрымальнікі сабраліся несанкцыянавана. Мікалай Чарнавус мусіць зьявіцца сёньня ў суд а 9-й гадзіне. Адносна дзеяньняў уладаў ён сказаў:

“Яны баяцца, Чаму яны нас і выклікалі ў суд – каб зьбіць гэты апэтыт. Чаму яны ўвесь час цікавяцца: ці паедуць, колькі чалавек паедзе ў Менск? Трэба ехаць, трэба падымацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG