Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія донары стварылі няўрадавую арганізацыю


16 лютага ў Магілёве адбыўся ўстаноўчы сход дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня “Кропля жыцьця”.


На сходзе дзесяць донараў-заснавальнікаў зацьвердзілі статут аб’яднаньня й пастанавілі падаць ва ўправу юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму дакумэнты на рэгістрацыю.

Старшынём адзінай у Беларусі донарскай няўрадавай арганізацыі абраны Ігар Каваленка.

“Мы будзем донарскім прафсаюзам, будзем бараніць правы й законныя інтарэсы донараў. У беларускім донарстве крыві й плязмы шмат праблемаў, але ёсьць дзьве найбольш значныя. Донараў пазбавілі двух важных кампэнсацыяў, пяцідзесяці працэнтнай зьніжкі на набыцьцё мэдычных прэпаратаў і бясплатнага зубапратэзаваньня.

Акрамя таго, донары часта становяцца ахвярамі памылковых дыягназаў. Ім забараняюць здаваць кроў, потым выяўляюць памылку, але людзей не аднаўляюць у донарскіх правах. Мэханізмаў разьвязаньня такіх праблемаў у Беларусі няма. Такія донары маюць патрэбу ў рэабілітацыі. Гэтым ніхто не займаецца”, зазначыў “Свабодзе” па сканчэньні сходу Ігар Каваленка.

Арганізацыя будзе дзейнічаць у Магілёве й Магілёўскім раёне.

У чэрвені група магілёўскіх донараў праводзіла тыднёвы папераджальны страйк супраць скасаваньня льготаў. Донарам удалося захаваць сарака працэнтную надбаўку да пэнсіі, магчымасьць сыходзіць у адпачынак у любы зручны час. Акрамя таго, толькі магілёўскія донары адстаялі бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ў межах гораду.

Магілёўская станцыя пераліваньня крыві мае на ўліку каля пяці тысяч донараў. Ад 2004 году іх колькасьць штогод зьмяншаецца на 8 працэнтаў.
XS
SM
MD
LG