Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры Топала ў Менску


Сёньня ўвечары ў сталічнай бібліятэцы імя Пушкіна адбылася прэзэнтацыя кнігі “Анёл”, пад вокладкай якой сабраныя творы знакамітых чэскіх пісьменьнікаў Ёзафа, Яхіма і Філіпа Топалаў.


З гэтай нагоды з Прагі ў Менск прыехаў адзін зь іх, чыім творам і названая кніга – Яхім Топал. На прэзэнтацыі пабывала нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Яхім Топал – старэйшы сын выбітнага чэскага драматурга-дысыдэнта Ёзафа Топала. На прэзэнтацыі ён пажартаваў, што ў жыцьці яны з братам і бацькам рэдка сустракаюцца, а з выхадам кнігі іхніх беларускіх перакладаў цяпер разам будуць назаўжды.

Куратар перакладаў сучаснай чэскай літаратуры Сяргей Сматрычэнка так аргумэнтаваў выбар аўтараў для чарговае кнігі:

“Ёзаф Топал – гэта адзін з самых выбітных драматургаў другой паловы дваццатага стагодзьдзя. Яхім Топал – гэта на сёньняшні дзень самы перакладаны чэскі пісьменьнік у Эўропе, толькі за адзін апошні год у яго выйшлі чатыры кнігі ў замежных перакладах. Ну а Філіп Топал хоць і вядомы больш у Чэхіі як сьпявак, але і не абы які пісьменьнік, паэт”.

На прэзэнтацыі Яхім Топал прызнаўся:

“У юнацтве, хочучы ня быць ценем бацькі, я пісаў пад псэўданімам, але праўда і тое, што пасьля таго, як бацька падпісаў славутую Хартыю-77, яму было забаронена друкавацца, і ён зарабляў на хлеб, працуючы на будоўлі”.

Яшчэ Яхім Топал сказаў, што сёньня ў музэі Вялікай айчыннай вайны нечакана даведаўся, дзе знаходзіцца Малы Трасьцянец, куды вывозілі на расстрэл у вайну праскіх габрэяў і пра якую распавядае адзін з рэальных герояў ягонай аповесьці “Анёл”.

Прысутныя на прэзэнтацыі пачулі ўрыўкі з гэтага славутага твору ў аўтарскім выкананьні і з вуснаў перакладчыцы Веранікі Бяльковіч.
XS
SM
MD
LG