Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывісты моладзевага дэмакратычнага руху пачынаюць кампанію прыпыненьня міжнародных кантактаў з тымі ВНУ, якія адлічылі студэнтаў за грамадзка-палітычную дзейнасьць.


Кампанія будзе доўжыцца да таго часу, пакуль адміністрацыі гэтых ВНУ не адновяць на вучобе адлічаных студэнтаў, якія пасьпяхова вучыліся.

Моладзевыя актывісты з розных незарэгістраваных арганізацыяў зьвярнуліся да сваіх міжнародных партнэраў у заходнеэўрапейскіх краінах і ва Ўкраіне з просьбай паспрыяць прыпыненьню міжнародных кантактаў зь Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам.

Да такіх захадаў маладых людзей падштурхнула адлічэньне з вучобы Франка Вячоркі.

Старшыня моладзевага крыла партыі БНФ Алесь Каліта паведаміў “Свабодзе”:

“Мы будзем скіроўваць свае высілкі на тое, каб замежныя партнэры БДУ часова прыпынілі стасункі з гэтым унівэрсытэтам. Гэта мы будзем рабіць праз нашы кантакты, празь перамовы з партнэрскімі ўнівэрсытэтамі БДУ. Натуральна, што гэты крок можа назваць непапулярным. Натуральна, мы дапускаем, што ад гэтага могуць пацярпець тыя выкладчыкі, якія ня мелі дачыненьня да адлічэньня Франка Вячоркі. Але гэта вымушаная мера. Ужываем тактыку ўзаемных дзеяньняў”.

Толькі сёлета больш за 1 300 навуковых супрацоўнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў БДУ бралі ўдзел у розных міжнародных праграмах. Сярод фундацыяў, якія гэта фінансавалі, – INTAS Young Scientist Fellowship, INTAS-Belarus, CERN, праекты ААН, Эўразьвязу ды іншыя. Удзел у міжнародных праектах і канфэрэнцыях неабходны маладым навукоўцам. Ён спрыяе кантактам, якія дапамагаюць прасоўваць свае распрацоўкі на сусьветны рынак.

Кіраўнік упраўленьня зьнешніх сувязяў БДУ Ўладзімер Ціханаў апавёў “Свабодзе”, што большасьць выкладчыкаў стажыравалася ў Нямеччыне, Польшчы, Швэцыі, амаль ва ўсіх краінах Заходняй Эўропы.

“Зьезьдзілі – і добра. Чым больш езьдзяць, тым лепш. Кітай далей – езьдзяць менш. Эўропа бліжэй – туды езьдзяць больш. У якія краіны... Большасьць – у Польшчу, Нямеччыну, Францыю, Швэцыю”.

За апошнія два гады зь беларускіх унівэрсытэтаў і каледжаў за ўдзел у вулічных акцыях апазыцыі былі выключаныя некалькі дзясяткаў студэнтаў. Міжнародныя структуры далі магчымасьць студэнтам прадоўжыць навучаньне ў замежных унівэрсытэтах. Назіральнікі адзначаюць, што беларускія ўлады зьмянілі тактыку. Калі раней палітычныя матывы былі відавочныя, то цяпер сытуацыя выглядае інакш.

Франак Вячорка цягам арышту прапусьціў два экзамэны. Яму дазволілі здаваць іх адмысловай камісіі. Франак, які да гэтага вучыўся на “выдатна”, сьцьвярджае, што выкладчыкі задавалі яму пытаньні не па праграме і паставілі нездавальняючыя адзнакі. Ён мае намер падаць на адміністрацыю БДУ ў суд:

“Я маю рэчавыя доказы маёй рацыі. Я запісваў на дыктафон экзамэнацыйную камісію і зьбіраюся аспрэчыць рашэньне пра маё адлічэньне з вучобы за непасьпяховасьць, бо пытаньні на экзамэне ня тычыліся ўласна вучобы. Калі ў Беларусі гэта ня вырашыцца, а тут няма аб'ектыўнага суду, буду зьвяртацца ў міжнародныя судовыя структуры, каб пацьвердзіць, што я маю права звацца студэнтам і вучыцца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце”.

Старшыня камітэту дапамогі палітрэпрэсаваным Іна Кулей заявіла, што сябры арганізацыі далучаюцца да моладзевай акцыі.

Бацька Франака Вячоркі цяпер зь візытам у Швэцыі. Даведаўшыся пра адлічэньне сына, ён пачаў ладзіць адмысловыя сустрэчы, каб прыпыніць стажыроўкі выкладчыкаў і студэнтаў БДУ ў гэтай краіне.

Сёлета некалькі дзясяткаў студэнтаў, адбыўшы арышты падчас зімовай сэсіі, апынуліся пад пагрозай адлічэньня з ВНУ. Але фактычна з навучаньня адлічылі ўсяго некалькі чалавек. Сярод іх – Кася Салаўёва з Полацкага ўнівэрсытэту, Антон Каліноўскі зь лінгвістычнага ўнівэрсытэту, Франак Вячорка з БДУ, Юрась Чаранкоў з Мазырскага пэдунівэрсытэту і Зьміцер Жалезьнічэнка з Гомельскага ўнівэрсытэту. Усіх адлічылі нібыта за непасьпяховасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG