Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца, што Косава ў аднабаковым парадку зьбіраецца прыняць дэклярацыю аб незалежнасьці ад Сэрбіі ў нядзелю, 17-га лютага.


Гл. таксама: Косава - аўдыё-слайд-шоў

Але новаўтвораная эўрапейская дзяржава ня будзе прызнаная ані Сэрбіяй, ані Расеяй, ані ААН. Косава будзе ў значанай ступені існаваць як пратэктарат Эўрапейскага Зьвязу.

У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку завяршылася пазачарговае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у пытаньні Косава. 5 сябраў рады з 15-ці падтрымалі плян Марці Ахтысаары – спэцыяльнага пасланца генэральнага сакратара ААН у Косаве. Яго плян прадугледжвае незалежнасьць Косава. З гэтым пагадзіліся сталыя члены Рады Бясьпекі ААН ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія і нясталыя Бэльгія і Італія.

Сэрбія і Расея - супраць незалежнасьці Косава

"Сэрбія ніколі не прызнае гэтай незалежнасьці", – заявіў на паседжаньні міністар замежных справаў Сэрбіі Вук Яраміч. Бялград будзе выкарыстоўваць усе дыпляматычныя, палітычныя і эканамічныя захады, каб перашкодзіць абвяшчэньню незалежнасьці Прышцінай. Яраміч падкрэсьліў, што Сэрбія паўстрымаецца ад выкарыстаньня ваеннай сілы.

Прадстаўнік Расеі ў ААН Віталь Чуркін заклікаў ААН у выпадку прыняцьця дэклярацыі незалежнасьці Косава прызнаць яе незаконнай. Расея будзе змушаная ўлічваць магчымасьць абвяшчэньня незалежнасьці Косава ў сваёй палітыцы адносна Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Гэта – заява МЗС Расеі пасьля сустрэчы міністра Сяргея Лаўрова з кіраўнікамі непрызнаваных рэспублік Сяргеем Багапшам і Эдуардам Какойты.

ЗША: гэта добра як для касавараў, так і для сэрбаў

Намесьнік пасла ЗША ў ААН Алехандра Вольф заявіў, што пазыцыя Амэрыкі абсалютна зразумелая, яна была неаднаразова агучаная і раней. Плян Марці Ахтысаары – а гэта незалежнасьць краю Косава ад Сэрбіі, – правільная мера для забесьпячэньня добрай будучыні як для касавараў, так і для сэрбаў. Гэта, на думку Вольфа, дазволіць і Косаву, і Сэрбіі рухацца ў кірунку эўраатлянтычных структур.

Чакаецца, што зь нядзелі ў Эўропе будзе новы незалежны сьцяг, новы незалежны гімн, у незалежнай краіны Косава будзе падтрымка бальшыні на Захадзе. Але калі Прышціна ўрэшце стане новай сталіцай новай незалежнай краіны, гэтая краіна сутыкнецца зь вялікімі праблемамі. Пра гэта гавораць ня толькі палітыкі, але й аналітыкі.

"Паводле сэрбаў, пытаньне Косава будзе заставацца адкрытым"

Віцэ-прэзыдэнт Цэнтру досьледаў для постканфліктнага сьвету і апэрацыяў стабільнасьці ў амэрыканскім Інстытуце міру Дэніэль Сэрвэр заўважае, што сувэрэннае Косава ня будзе мець паўнавартаснага статусу сярод незалежных дзяржаваў і дадае:

Сэрвэр: "Гэта вельмі кепская рэч, пачынаць сваю гісторыю без прызнаньня тваім самым вялікім суседам, ад якога ідзе вялікая небясьпека. Гэта вельмі кепска. Самае важнае, што, паводле сэрбаў, пытаньне Косава будзе заставацца адкрытым. Гэта будзе ўзмацняць нацыяналістычныя сілы ў Сэрбіі.

Што да Косава, дык гэтая дзяржава зьбіраецца абапірацца на нас больш, чым мы гэтага хочам, і ці будзе гэта добра для яе... Такім чынам, мы замыкаем сябе ў вельмі працяглых у часе абавязаньнях".

Косава пяройдзе з ААНаўскага пратэктарату ў пратэктарат Эўразьвязу. У чаканьні нядзельнага абвяшчэньня незалежнасьці Эўрапейскі Зьвяз рыхтуе паслаць у Косава прыкладна 2 тысячы паліцэйскіх, судзьдзяў, цывільных кіраўнікоў. Эўрапейская каманда заменіць каманду ААН да чэрвеня. Пакуль невядома, як доўга працягнецца місія Эўразьвязу ў Косаве і якія паўнамоцтвы ён там будзе мець.

"Будуць праблемы, але незалежнасьць Косава ў інтарэсах ЭЗ"

Балканскі карэспандэнт брытанскага часопісу "Эконаміст" Тым Джуда, аўтар кнігі "Косава: вайна і рэванш" лічыць, што посьпех місіі Эўразьвязу быў бы вельмі карысным для аб'яднанай Эўропы.

Джуда: "Паглядзіце на мапу. Паглядзіце на разьмяшчэньне. Гэта не пэрыфэрыя Эўропы. Гэта ў сярэдзіне тэрыторый НАТО і Эўразьвязу. Гэта якраз у сярэдзіне. Так, натуральна, гэта мае шанец. Жыцьцё будзе складным. Будуць забурэньні. Будуць праблемы. Але гэта на тэрыторыі, аточанай Эўразьвязам. І таму гэта ў інтарэсах Эўропы, што вельмі моцны блок з 500 мільёнаў чалавек і 27 краін не дазволіць тут паразы".

Тым часам Сэрбія адчыніла ўрадавы офіс у Мітровіцы, што ў паўночнай частцы Косава. Косаўскія сэрбы плянуюць утварыць уласную асамблею ў гэтым рэгіёне. Некаторыя аналітыкі, у тым ліку ўжо памянёны Тым Джуда, не выключаюць, што такім чынам Косава апынецца падзеленым – рэгіён з косаўскімі сэрбамі стане дэ факта часткай Сэрбіі.

Косава – паўднёвая правінцыя Сэрбіі памерам з амэрыканскі штат Канэктыкут ці дзяржаву Катар. 90 працэнтаў насельніцтва – альбанцы (2 мільёны чалавек). Сэрбаў – каля 100 тысяч, і яны знаходзяцца пад аховай сіл НАТО. Беспрацоўе ў правінцыі складае 50 працэнтаў, перадусім – сярод маладога насельніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG