Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня першы віцэ-прэм’ер Расеі, кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітры Мядзьведзеў выступіў у Краснаярску з праграмнай прамовай, у якой выклаў сваё бачаньне разьвіцьця краіны.


Ён заявіў аб сваёй прыхільнасьці да незалежнасьці судоў і недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці.

Ён падкрэсьліў, што “ашчаднае стаўленьне да прыватнай уласнасьці з боку дзяржавы павінна стаць прыкладам для грамадзтва ў цэлым і для кожнага грамадзяніна паасобку”. Кандыдат заявіў, што забесьпячэньне поўнай незалежнасьці судоў мусіць стаць ключавым прыярытэтам, “мы павінны выкараніць практыку неправасудных рашэньняў “па званку” ці за грошы”.

З вуснаў Мядзьведзева прагучалі словы, якія апошнія гады рэдка можна было пачуць з вуснаў расейскіх кіраўнікоў.

Мядзьведзеў: “У падмурку нашай палітыкі павінен ляжаць прынцып, які лічу, нягледзячы на ягоную відавочнасьць, найважнейшым у дзейнасьці любой сучаснай дзяржавы, якая імкнецца да дасягненьня высокіх стандартаў жыцьця. Гэты прынцып – свабода лепш, чым несвабода”.

Праўда, расейскі віцэ-прэм'ер падкрэсьліў, што для яго свабода не зьяўляецца адзінай каштоўнасьцю.

Мядзьведзеў: “Лічу дасягненьне гармоніі паміж свабодай і правапарадкам самым важным на дадзеным этапе”.

Ён сказаў, што не насьмельваецца прапанаваць выбаршчыкам сваю ўласную выбарчую, як ён сказаў, “праграмку”, калі ёсьць плян Пуціна.

Сваю трактоўку гэтых сёньняшніх заяваў кандыдата на прэзыдэнта Расеі прапануе наш аглядальнік Юры Дракахруст.

Дракахруст
: “Такія панэгірыкі свабодзе з вуснаў цяперашняга гаспадара Крамля Ўладзіміра Пуціна, сапраўды, не гучалі ўжо даўно. Мядзьведзеў у сваёй краснаярскай прамове наўпрост зьвязаў дасягненьне дабрабыту не з дабрадзейнай “жорсткай рукой”, а менавіта са свабодай. Гэта ў любым выпадку добры знак, якой умоўнай ні была б ягоная заява. Нават калі ў яе аснове – усяго толькі спроба зрабіць добрае ўражаньне на заходніх партнэраў Расеі, гэта лепш, чым бразганьне зброяй і пагрозы.

Праўда, варта сказаць, што сам ягоны шлях да Крамля, характар цяперашняй выбарчай кампаніі, скажам вельмі мякка, адпавядае прынцыпам палітычнай свабоды ня ў поўнай ступені. І, напрыклад, манапалізацыя расейскіх электронных мэдыяў ці суд над Хадаркоўскім з наступным падзелам ягонай прыватнай уласнасьці адбываліся паводле загаду таго самага Пуціна, у вернасьці пляну якога Дзьмітры Мядзьведзеў зараз клянецца.

Але ад крамлёўскага кандыдата і ня варта было б чакаць, каб ён ужо зараз пачаў бэсьціць свайго дабрадзея, а ў будучым, магчыма, і суўладара. Але, зь іншага боку, ніхто і нішто пець хваласьпеў свабодзе Мядзьведзева не прымушаў, і ня выключана, што гэтыя словы – намёк і расейскаму грамадзтву і сьвету, што пры ім справы са свабодай у Расеі пойдуць крыху ня так, як пры ягоным папярэдніку.

Яшчэ адно тлумачэньне вынікае з кантэксту прамовы кандыдата. Кажучы пра свабоду разам зь незалежнасьцю судоў і абаронай прыватнай уласнасьці, Мядзьведзеў, магчыма, меў на ўвазе ў першую чаргу асабістыя, а не палітычныя свабоды, у тым ліку і эканамічную свабоду. Такі падыход уласьцівы многім лібэральным аўтарытарным рэжымам, клясычныя прыклады – Тайвань ці Паўдзённая Карэя 50-х гадоў ці Чылі часоў Піначэта.

Калі Мядзьведзеў меў на ўвазе менавіта гэта, то ягоны падыход прынамсі канцэптуальна ня надта адрозьніваецца ад падыходу Пуціна: цяперашні расейскі прэзыдэнт праціўнікам эканамічнай свабоды як такой ніколі ня быў і ня ёсьць, прыватны сэктар дае 75% ВУП Расеі, у адрозьненьні, скажам, ад Беларусі, дзе на прыватны сэктар прыпадае толькі чвэрць ВУП.

Што б ні меў Мядзьведзеў на ўвазе, ягоная задэкляраваная прыхільнасьць да свабоды абяцае Расеі лепшую будучыню, чым вера ва ўсемагутную руку дзяржавы. Але невядома, у якой ступені ён захоча і зможа ўвасобіць гэтую прыхільнасьць у сваім дзяржаўным служэньні.
XS
SM
MD
LG