Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму шэнгенскія візы для беларусаў такія дарагія?


Чаму шэнгенскія візы для беларусаў даражэйшыя, чым для расейцаў і ўкраінцаў? Апытаньне на вуліцах Менску.


Спадар: “Нічога з гэтай нагоды сказаць не магу. Бо ніколі не займаўся гэтым пытаньнем”.

Юначка: “Напэўна, ня любяць нас. Магчыма, што чуткі нейкія пра нас ходзяць. Ня ведаю”.

Спадар: “Папраўдзе сказаць, ня ведаю, хоць мяне гэта вельмі цікавіць. Можа, гэтак Лукашэнку любяць?”

Спадарыня: “Ня ведаю, не задумвалася пра гэта”.

Спадар: “Я думаю, што гэта не прынцыпова. Калі чалавек сабраўся паехаць, то ён павінен ведаць, што ў яго будуць дадатковыя выдаткі. Вядома, кепска, што для беларусаў даражэй. Але трэба кіравацца рэальнасьцю: калі гэтага патрабуе нейкая справа, ці для адпачынку, то трэба плаціць. А ваяваць можна і пасьля”.

Карэспандэнтка: “Чаму візы для беларусаў, на вашую думку, даражэйшыя, чым для расейцаў і ўкраінцаў?”

Юнак: “Папраўдзе сказаць, ня ведаю. Пэўна, гэта залежыць ад нас саміх, ад беларусаў, хто нас прэзэнтуе ў сьвеце. Магчыма, у нас складаюцца такія адносіны з тымі краінамі, што гэта ўплывае на кошты ў цэлым і кошты на візы таксама”.

Юначка: “Візы ў Эўропу? Ня ведаю, што адказаць”.

Спадар: “Не, пра гэта я не магу вам сказаць. Ня ведаю, ня ведаю... Да прыкладу, ведаю, што ў Прыбалтыцы беларусаў паважаюць, бо яны працавітыя. А чаму так здарылася, ня ведаю”.

Юначка: “Пэўна, гэта іх пазыцыя адносна нашай краіны. Я думаю так”.

Юнак: “Магчыма, што з-за зьнешняй палітыкі Беларусі. Магчыма, з-за таго, што Эўропа цалкам увайшла ў НАТА і таксама цалкам увайшла ў Шэнгенскую зону. І як вынік — павышаюцца кошты. Расея — у яе складаюцца дастаткова блізкія адносіны з НАТА. З-за гэтага, магчыма, для яе і больш танныя візы. А Ўкраіна — яна сама рвецца ў Эўропу, але ёй пакуль далёка. Бо эканамічнае становішча не дазволіць”.

Юнак: “Гэта тычыцца Заходняй Эўропы? Я лічу, што гэта зьвязана з урадам нашай краіны. З-за яго ўсё і адбываецца. Бо наш урад, пэўна, ставіць сябе ня вельмі адэкватна і добра да ўрадаў заходніх краінаў. Іхная палітыка не супадае, іхныя думкі не супадаюць, а таму так і адбываецца. Таму і візы для нас яны робяць даражэйшымі”.
XS
SM
MD
LG