Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “Ніякага пераходу на расейскі рубель!”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Слухачы адгукаюцца на заявы прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. На прэсавай канфэрэнцыі 14 лютага ён выказаўся за ўвядзеньне расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. “Сёньня, калі расейская фінансавая сыстэма стабільная як ніколі, упэўнены, для беларускай эканомікі, для грамадзянаў Беларусі нічога, акрамя плюсоў, тут няма. Мы гатовыя пайсьці так далёка, як гэтага хочуць нашы беларускія партнэры. І найперш, на маю думку, гаворка павінна ісьці пра інтэграцыю ў сфэры эканомікі”, — заявіў Уладзімер Пуцін.

Камэнтары слухачоў “Свабоды”:

Спадар: “Цудоўна сказаў палітоляг пра прэсавую канфэрэнцыю Пуціна. Калі на Беларусь будзе накінутая эканамічная пятля ў выглядзе расейскага рубля, гэта значыць — поўная эканамічная залежнасьць, то палітычная ўлада сама ўпадзе да іхніх ног”.

Мікалай: “Улады, спыніце гульні ў так званую саюзную дзяржаву. Гэтая ідэя пераўтварылася ў пудзіла для ўсіх беларусаў. Колькі можна трымаць у трывожным напружаньні незалежную краіну, якой прапануюць каляніяльнае расейскае нявольніцтва, у якім мы ўжо былі 200 год? Ніякага пераходу на расейскі рубель! Няхай жыве вольная Беларусь!”

Слухачы “Свабоды” дзеляцца сваімі думкамі пра беларуска-расейскія стасункі:

Сьвятлана: “Адзін са слухачоў сказаў, што ва ўсіх пакутах беларусаў вінаватыя эўрапейцы. Хто агнём і мячом праходзіў па беларускім княстве і цэлымі гарадамі зводзіў беларусаў у няволю? Толькі Канстанцін Астроскі за 30 гадоў адбіў болей за 30 нашэсьцяў татараў і расейцаў. А колькі пакутаў прынесьлі беларусам Іван ІІІ і Васіль ІІІ? Яны забралі ў беларусаў Смаленск і Бранск. Супраць каго падняў паўстаньне і змагаўся Кастусь Каліноўскі? Сувораў жорстка вешаў беларусаў паабапал дарогі ад Варшавы да Вільні, Пётар Першы спаліў Магілёў. Хто ў 30-я гады расстрэльваў беларусаў і вазіў іх у Сыбір? Які народ акупаваў Беларусь і навязаў сваю мову? Куды падзеліся савецкія ўклады беларусаў? Якая краіна падтрымлівае рэжым у Беларусі? Не эўрапейцы, а Масква!”

Аўтары тэлефанаваньня таксама турбуюцца станам беларускай мовы:

Спадарыня: “Беларускі прэзыдэнт жаліцца, што яго брудам паліваюць. А хто аддаў загад на той бруд, які льецца з экранаў ад дыктараў, якія ламаюць свой язык ад русізмаў? Хто вырывае ў нас беларускасьць? Хто?!”

Спадар: “Я хачу сказаць Ніне Ярмалінскай з Салігорску. Я — ваш аднадумца. Вы гаворыце, што трэба, каб паўсюль была нашая беларуская мова. Пакуль намі будзе кіраваць гэта ўлада, беларускай мовы чакаць доўга прыйдзецца. Але я думаю, што такі час набліжаецца. Я набыў сабе спадарожнікавую талерку і гляджу каналы ўсяго сьвету. Усе размаўляюць на сваіх мовах. І мне становіцца да сьлёз крыўдна, як зьдзекуюцца з народу і нашай гісторыі”.

XS
SM
MD
LG