Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Kde domov můj?

Пад канец 2007-га, амаль пасьля 10 гадоў у Чэхіі, я пакінуў Прагу і перабраўся жыць на вёску. Гэта, фактычна, ня вёска, а мястэчка, адлеглае ад станцыі мэтро 25 хвілін язды на аўтобусе, але ўсё роўна тут я адчуваю сябе куды больш вольна і ўтульна, чым у сталічнай мэтраполіі. Мне, народжанаму і выхаванаму на падляскім хутары, мулялі душу гарадзкія пэйзажы, ці то ў Беластоку, ці то ў Празе.

Цяпер з вакна маёй новай дамоўкі відаць прасьцяг хвалістых палёў і ніцых вёсачак з дамкамі, крытымі чырвонай дахоўкай. Вёскі — мураваныя, стаяць у лагчынках між пакатых і нярэдка скалістых схілаў. Дарогі тут зьвілістыя. Мне ў тутэйшым краявідзе не хапае хваёва-бярозавага лесу, але душа пачынае вычуваць ужо нешта больш людзкае, чым у горадзе.

Недзе пяць гадоў назад, калі мы з жонкай вярталіся з паездкі на Беласточчыну, нам першы раз падумалася, што мы менавіта вяртаемся дадому. Пяць папярэдніх гадоў трывала наша абжываньне чэскай прасторы, каб урэшце ўнутрана адчуць, што наш дом тут, а ня там, на Падляшшы.

А што з маім бацькоўскім домам, які ўсё яшчэ стаіць там? Ён яшчэ мой ці ўжо не? Я туды наведваюся раз ці два на год, але часам мне нават ня хочацца адамкнуць дзьверы і зайсьці ў сярэдзіну. Хапае прайсьціся pruhmeniom і pozakłuniami. Душа як бы адчувала, што нечага істотнага я ў роднай хаце не знайду, так што няварта глядзець. Гэтая істотнасьць не даецца акрэсьліць звычайным словам, але яе абрысы спрабуе абазначыць паэзія:

...калі чалавек вяртаецца
дык ніколі не трапляе ў той самы дом
нават калі толькі сходзіць у прадуктовую краму за рогам.
Нешта перайначылася. Нехта іншы ўжо пажыў там.
І нават тое, што гэта мог быць толькі ты сам
тут ні пры чым.
Нешта мяняецца ў рэчах, так што яны ўтвараюць
крывое люстра
або, магчыма, тэлескоп
у кожным разе чалавек бачыць сябе
з штораз большай адлегласьці.


Генрык Нордбрант, „Сон аб маці”, („АRCHE”, 7-8, 2007)

Сто мэтраў ад майго замкнёнага дому стаіць дом нашых хутаранскіх суседзяў. Там з маці жыве Коля, найбліжэйшы сябар майго дзяцінства. Калі мне выпадае заглянуць у мой родны кут, я прывожу Колі папяросы, а ягонай маці трохі каўбасы зь беластоцкай крамы. Яны абое фактычна жывуць на адну пэнсію.

Le temps perdu

Коля старэйшы за мяне на пяць ці шэсьць гадоў — дакладна ня ведаю. Калі табе 40 або 50, гэткая розьніца ў гадах ня мае ніякага значэньня. Але калі табе 7, а твайму сябру 12, гэта як быццам два розныя пакаленьні. Твой старэйшы сябра становіцца тваім аўтарытэтам і настаўнікам.

Коля быў абсалютна тупы да навукі. Пачынаючы з другой клясы, яго ў кожнай клясе пакідалі на другі год. Але гэта нічога не дапамагала. Коля і так нічога не навучыўся, прынамсі з таго, што вучылі на занятках. Калі я пайшоў у школу, я стаў пісаць Коліны хатнія задачкі з матэматыкі і польскай мовы. Коля дазваляў мне гэта рабіць не таму, што хацеў быць падрыхтаваны да ўрокаў — у гэткай форме ён даваў мне адчуць, што ён мой сябар.

Я потайна марыў аб часе, калі Коля застанецца яшчэ раз паўтараць нейкую клясу, а я яго даганю, і мы будзем разам хадзіць у школу і сядзець за адной партай. Аднак калі Колю пакінулі паўтараць пятую клясу, ён перастаў хадзіць у школу наогул. А я толькі што скончыў трэцюю клясу. Гэта было маё першае сур’ёзнае расчараваньне ў жыцьці, якое да той пары было бясхмарным.

Коля вучыў мяне курыць папяросы і лавіць рыбу ў мэліярацыйным рове — лазовай калыскай, у якой выкалыхалі яго, ягонага старэйшага брата, дзьве старэйшыя сястры і адну маладзейшую. А аднае зімы, калі той роў выліўся і замёрз, мы выправіліся па лёдзе на каньках і дакаталіся адно да Ступнікаў, вёскі, якая была яшчэ далей, чым Кожына. У той час у Кожына мне было забаронена хадзіць аднаму, бо вёска была задалёка, а я замалы.

Іншым разам я дастаў ад бацькі гарачую лупцоўку за тое, што без дазволу паехаў з Колем фурманкай у Паўлы, вёску, куды выйшла замуж ягоная найстарэйшая сястра. Паўлы — гэта быў край сьвету, гледзячы з нашага хутара.

Потым мне даводзілася яшчэ некалькі разоў даставаць у скуру з-за Колі, але ўжо не ад бацькі, а на вясковых патанцоўках і вясельлях. Коля стаў выпіваць і напівацца, а з гэтым у яго зьявілася дурнаватая звычка прыдзірацца да іншых. Біцца ён ня ўмеў і заўсёды атрымліваў па мухаедах, а разам зь ім я, які браўся абараняць яго ў адчайным акце хутаранскай салідарнасьці. Спакваля ў тых бойках Коля стаў траціць зубы, а я ўпершыню адчуў паколваньне подленькага страху, калі пачаў прыкідвацца, што Колевых боек не заўважаю, каб ня ўвязвацца.

Коля быў таксама першы, хто мне растлумачыў, чаму старэйшыя хлопцы мацаюць дзяўчат на вясковых вечарынах і што хлопец робіць зь дзяўчынай, калі такая пара ні з таго, ні зь сяго аддаліцца цёмнай вясковай вуліцай і потым паверне пад чыюсьці клуню. Помню, што пасьля гэтага сяброўскага адкрыцьця я некалькі разоў падмаўляў Колеву сястру (што была ў дашкольным узросьце) залезьці на сена ў іхнай клуні і пагуляць у доктара, які мусіць зрабіць апэрацыю на апэндыцыце. (Мой апэндыцыт выразалі ў Беластоку, калі мне было 7 гадоў, а таму я ведаў, што яго выразаюць і дзе ён знаходзіцца.) Сузіраючы сьціпленькую анатомію Колевай сястры і параўновуючы яе з сваёй, я пакутліва сумняваўся, ці Коля ня строіў зь мяне дурня, калі тлумачыў пра хлопцаў і дзяўчат.

Non omnis moriar?

Коля не ажаніўся. Ня ведаю, ці ўвогуле спрабаваў сватацца калі-небудзь да нейкай дзяўчыны. У 1970-тыя і 1980-тыя, калі яшчэ рэальна мог гэта зрабіць, з падляскіх вёсак паўцякалі ў горад усе дзеўкі, на лягчэйшы хлеб. Ажаніцца для вясковага кавалера стала невырашальнай праблемай. Як дзясяткам і сотням у падобным сацыяльным становішчы, Колю засталася праца на гаспадарцы ў будні і гарэлка ў сьвяты. А потым гарэлка ў сьвяты і будні, пакуль можна было нешта прадаць ці то з дабытку, ці то зь зямлі.

Колева жыцьцё ў апошнія дваццаць гадоў я ўяўляю досыць цьмяна і фрагмэнтарна, перш за ўсё паводле маміных расповедаў, бо ў сваёй роднай старонцы я бываў штораз радзей. Ягоны брат пайшоў у прымакі ў іншую вёску, старэйшыя сёстры павыходзілі замуж таксама ў іншыя вёскі, малодшая сястра (зь якой я гуляў у доктара) скончыла нейкае прафвучылішча ў Беластоку і там абзавялася сям'ёй. Колеў бацька, якога ўлюбёнай прымаўкай было pomaleńku hrošy propjem, памёр недзе ў палове 1980-тых. Хоць і стараўся, але ўсяго не прапіў, і нешта яшчэ засталося Колю. Але недзе ў палове 1990-тых Коля падчысьціў гаспадарку дашчэнту і стаў прасіць грошай у маці, якая ў міжчасе атрымала мізэрную сялянскую пэнсію. Спачатку прасіў, а потым стаў адбіраць сілай. Калі не аддавала, біў яе.

Колева маці жыла нейкі час у дачкі ў Беластоку, трохі лекавалася, але потым вярнулася да сына на хутар. Мая мама яе намаўляла, каб не вярталася, а засталася ў каторайсьці дачкі. Але сьцежкі чалавечага сэрца нязьведаныя — diadina Viêra вярнулася на хутар і жыве там дасюль, церпячы пабоі і сасьлізгваньне сына ў штораз большую дэградацыю.

Я пабачыўся з Колем і ягонай маці летам мінулага году. Калі Коля адыйшоўся на хвіліну з папяросамі, што я яму прывёз, diadina Viêra паціху сказала мне, што апошнім разам, калі Коля яе пабіў, яна некалькі гадзін праляжала паўпрытомная на панадворку. Праўда, Коля потым вярнуўся і занёс яе дахаты на ложак. Магчыма, таму, што не знайшоў грошай, якія яна добра схавала.

Мне цяжка глядзець у вочы Колевай маці. Мне цяжка глядзець у вочы маім аднавяскоўцам, калі да іх наведваюся. Хоць ведаю, што яны не адчуваюць ніякай зайздрасьці за маё жыцьцё, а хутчэй гонар, што я пра іх не забыўся і наведаўся з далёкага сьвету, у іхных позірках я вычуваю яшчэ нейкі нямы дакор, ад якога на душы робіцца цяжка і вусьцішна.

Калі глядзець у сутнасьць, а не ў відавочнасьць, дык я здрадзіў сваёй бацькаўшчыне ня ў меншай ступені, чым Коля. І на яго, і на маім полі буяе малады лес і камянее дзірван. І ён, і я, мы не пакінем нічога па сабе ў месцы, дзе нарадзіліся і вырасьлі. Магчыма, застаецца нейкая надзея на апраўданьне, калі будуць важыць на шалях нашу здраду і тое, што мы за яе набылі і як (ды ці ўвогуле) стараліся яе адкупіць.

Я знаю, што ніколі не змагу запытацца ў Колі пра гэтую здраду, ці думае ён пра яе. Гэта занадта інтымная справа. Але, магчыма, калі-небудзь, калі я завязу яму папяросы і буталь гарэлкі, змагу запытацца пра адзін эпізод з нашага раньняга знаёмства, калі Коля плакаў так надрыўна, што ажно зь яго горла пайшла кроў і ён пляваўся ёю на траву. Мне было гадоў пяць, і я стаяў перад Колем, ня ведаючы, што рабіць і як яму дапамагчы. Чаго ён тады так плакаў? Я ўжо не помню. А ён?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG