Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства адукацыі Беларусі ўласным прыкладам заклікала ўсе дзяржаўныя адукацыйныя ўстановы краіны ствараць першасныя суполкі “Белай Русі”.


Нядаўна ў Мінадукацыі была ўтвораная першасная арганізацыя, куды ўступілі 138 супрацоўнікаў. “Настаўніцкая газета” 12 лютага на першай старонцы надрукавала перадавіцу пра Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Белая Русь”, якое “было створана як прапрэзыдэнцкая арганізацыя, мэтай якой павінна стаць рэалізацыя праграмы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі па разьвіцьці краіны”, а таксама фотаздымак, на якім старшыня “Белай Русі” міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў цісьне руку старшыні міністэрскай суполкі Анатолю Кучынскаму.

Ва ўсе школы краіны паступіў загад да 11 лютага здаць справаздачы аб колькасьці ўступіўшых у “Белую Русь”. Па электроннай пошце разаслалі формы заяваў, пратаколы, статут арганізацыі і загадалі тэрмінова правесьці ўстаноўчыя сходы. У школах Барысаўскага раёну, да прыкладу, згоды ў настаўнікаў не пыталіся – усіх сабралі на сход, далі падпісацца пад пратаколам, і аўтаматычна усе прысутныя на сходзе сталі сябрамі “Белай Русі”. Сабралі па 3500 рублёў так званага рэгістрацыйнага збору, а потым будуць штомесячныя ўнёскі ў залежнасьці ад заробку.

Распавядае настаўніца адной зь сельскіх школ Слуцкага раёна:

“Уступіла міністэрства – значыць, уступіць аблана, рана, уступяць усе школы. У нашай школе дырэктар школы Савіцкі Ўладзімер Францавіч стаў кіраўніком пярвічкі”.

Карэспандэнтка: “А адмовіцца ў прынцыпе можна? Ці потым не дадуць спакойна жыць?”

Альбо падпісвайце заявы, альбо думайце, як будзеце звальняцца.
“Канечне, не дадуць спакойна жыць. Усё роўна даціснуць. Дырэктар нашай школы, да прыкладу, заўсёды ў першых шэрагах, паставіў перад настаўнікамі ўльтыматум: альбо падпісвайце заявы, альбо думайце, як будзеце звальняцца. У суседняй школе таксама, мне сказалі настаўнікі, анкеты ўжо запоўненыя, застаецца толькі подпісы паставіць. Настаўнікі будуць, канечне, уступаць. Інакш ім няма куды дзявацца, асабліва ў рэгіёнах”.

Дырэктар сярэдняй школы пасёлку Вежа Слуцкага раёну Ўладзімер Савіцкі пацьвердзіў, што паступіў загад з раённага аддзелу адукацыі, каб настаўнікі ўступалі ў “Белую Русь”:

“Стварылі пярвічную арганізацыю. 16 чалавек уступіла (пэдагагічны калектыў з дзіцячым садам), падалі заявы, выбралі старшыню і чакаем раённага сходу. Статут вывучым, і згодна са статутам будзем дзейнічаць”.

Карэспандэнтка: “А хтосьці адмаўляўся ўступаць?”

“У нас жа калектыў большы, мы нікога не прымушалі, хто не падаў заяву, той не падаў”.

З пэдагагічнага калектыву Вескай сярэдняй школы Слуцкага раёну не падпісала заяву толькі адна настаўніца гісторыі, малады спэцыяліст, якая працуе ў школе па разьмеркаваньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG