Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыі спатрэбіліся яшчэ тысяча бронекамізэлек?


У Полацку зьявіліся чуткі, што адно з прадпрыемстваў гораду атрымала вялікі заказ на вытворчасьць бронекамізэлек. Паводле чутак, бронекамізэлькі мае закупіць МУС.


З чым зьвязаны такі буйны заказ?

Пра вялікі заказ на бронекамізэлькі распавёў працаўнік полацкага аб’яднаньня “Шкловалакно” Мікола Шарах. Навіну распаўсюдзілі ў горадзе працаўнікі сумеснага прадпрыемства “FGV- Polspo”, якое знаходзіцца на пляцоўцы “Шкловалакна”.

Шарах: “Мы атрымалі ад людзей, якія там працуюць інфармацыю, што на завод прыйшоў вылікі заказ на выраб бронекамізэлек. Заказ настолькі вялікі і тэрміновы, што прадпрыемства нават адмовілася ад часткі ранейшых заказаў на карысьць іншых прадпрыемстваў. А гэта, пагадзіцеся, у наш час нечакана. Людзі цяпер гадаюць: гэта зьвязана з расейскімі выбарамі, ці з нашым Днём Волі 25-га сакавіка? Невядома, дзе гэтыя бронекамізэлькі будуць больш запатрабаваныя”.

Каб спраўдзіць зьвесткі Міколы Шараха, я пазваніў дырэктару сумеснага расейска-беларускага прадпрыемства “FGV- Polspo” Аляксандру Буханаву. Навіна пацьвердзілася толькі часткова.

“Не, быў тэндэр, але пакуль заказу няма. Мы сапраўды вырабляем бронекамізэлькі, але яшчэ не пад гэты заказ. Па ім пакуль яшчэ камісія робіць свае высновы”.

Паводле Аляксандра Буханава, тэндэр абвешчаны міністэрствам ўнутраных спраў для ўнутраных войск. У ранейшыя гады МУС ужо закупляў на прадпрыемстве да тысячы бронекамізэлек у год, паведаміў дырэктар СП. Цяперашні памер заказу ён не назваў.

У Беларусі бронекамізэлькамі забясьпечаныя таксама некаторыя часткі Міністэрства абароны. Але там прызнаюць, што гэта старыя, яшчэ савецкіх часоў мадэлі і плянуюць замяніць іх на сучасныя, айчыннай вытворчасьці. Калі гэта будзе зроблена дакладна, ня кажуць.

У міліцыі бронекамізэлькамі карыстаюцца адмысловыя часткі, ахова і тыя, хто задзейнічаны ў затрыманьні злачынцаў, патлумачыў прадстаўнік МУС Алег Сьлепчанка. Паводле яго, ужо зараз дастаткова сродкаў, каб забясьпечыць парадак на любых мерапрыемствах.

Сьлепчанка: “Мы цягам ужо некалькі гадоў займаемся пераўзбраеньнем і перааснашчэньнем свайго асабовага складу і тэхнікі. Па-мойму, гэта было добра бачна на розных мерапрыемствах”.

Пра тэндэр на новую партыю бронекамізэлек прадстаўнік МУС Алег Сьлепчанка сказаў: “Мне пра гэта невядома”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG