Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі шпіён у Аўстрыі аказаўся злодзеем


Год таму зь венскага офісу партыі “зялёных” былі скрадзеныя тры ноўтбукі з інфармацыяй дэпутацкай камісіі па расьсьледаваньні справы вакол набыцьця Аўстрыяй ваенных самалётаў “Eurofighter”.


Члены партыі “зялёных” выступілі з гучнымі заявамі аб палітычнай змове і шпіянажы.

Днямі гісторыя атрымала нечаканае разьвіцьцё. Паводле вэрдыкту аўстрыйскага суду, выкрадальнікам кампутараў прызнаны 19-гадовы беларус, які, паводле аўстрыйскай прэсы, зьяўляецца наркаманам і злодзеем.

Некаторы час таму аўстрыйскі ўрад, ня гледзячы на шматлікія пратэсты ў грамадзтве, набыў некалькі дзясяткаў дарагіх самалётаў-зьнішчальнікаў “Eurofighter 2000” сумеснай вытворчасьці Нямеччыны, Італіі, Гішпаніі ды Вялікабрытаніі. Палітычная апазыцыя Аўстрыі на чале зь “зялёнымі” заявіла пра карупцыю ды ініцыявала стварэньне адмысловай парлямэнцкай камісіі па расьсьледаваньні справы. Паводле сьведчаньняў апазыцыйных палітыкаў, ім удалося сабраць салідны кампрамат. Аднак… Летась у лютым сакрэтныя матэрыялы былі выкрадзеныя. У венскі офіс зялёных пранік невядомы, які вынес з партыйных схованак тры кампутары з каштоўнай інфармацыяй.

Першым пра палітычную змову выказаўся адзін з кіраўнікоў венскага офісу Карл Элінгер. Пазьней падобныя заявы сталі рабіць іншыя сябры партыі.

Вэрдыкт судзьдзі Отмара Крафта прагучаў для многіх нечакана:

“Канкрэтнае злачынства ня мае ніякай палітычнай матывацыі, а таксама ніякага дачыненьня да дзейнасьці дэпутацкай камісіі. Шпіянаж – гэта ўсяго толькі меркаваньні зялёных. Абвінавачаны – звычайны злодзей”.

Імя выкрадальніка сакрэтнай інфармацыі суд не называе. Вядома, што яму 19 гадоў і што ён прыбыў у Аўстрыю зь Менску. Малады чалавек адразу ж заявіў пра жаданьне атрымаць палітычны прытулак. Сваё рашэньне аргумэнтаваў тым, што ведае некаторых бандытаў, якія забілі ў Беларусі яго бацькоў. Менавіта таму сваё далейшае знаходжаньне на радзіме ён лічыць жыцьцёва небясьпечным.

Як высьветлілася, яшчэ да пранікненьня ў офіс “зялёных” малады чалавек зрабіў некалькі невялікіх крадзяжоў. Да таго ж, ён мае наркатычную залежнасьць ад гераіну і какаіну. Злодзей меркаваў прадаць тры выкрадзеныя ім ноўтбукі, каб набыць сабе неабходную дозу. З судовых матэрыялаў таксама вынікала, што беларус ня меў ніякага ўяўленьня як пра існаваньне зьнішчальнікаў “Eurofighter”, так і пра партыйны офіс, у які ён пранік.

Суд пакараў 19-гадовага 4 месяцамі турмы, пасьля чаго ён будзе дэпартаваны на радзіму. З гэтым рашэньнем малады чалавек катэгарычна ня згодны. Ён просіць больш працяглага пакараньня. Абвінавачаны кажа, што аўстрыйская турма можа стаць для яго сапраўднай тэрапіяй, у тым ліку і ад нарказалежнасьці.

Паводле прадстаўнікоў аўстрыйскай Фэміды, “гэта першы ў гісторыі Аўстрыі прэцэдэнт, калі злачынца настойвае на больш жорсткім пакараньні”.
XS
SM
MD
LG