Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар “Свабоды” Барыс Гарэцкі пра свае погляды на жыцьцё і жыцьцёвыя прыярытэты.


Уліцёнак: “Барыс, вы навучаецеся ў Віленскім пэдінстытуце на аддзяленьні беларусістыкі. У такім разе: хто для вас аўтарытэт, клясык у беларускай літаратуры?”

Гарэцкі: “Гэта Васіль Уладзімеравіч Быкаў”.

Уліцёнак: “А любімы літаратурны герой?”

Гарэцкі: “Даволі вялікі выбар – магчыма, нехта з пэрсанажаў Якуба Коласа…”

Уліцёнак: “Вядомы ўсім настаўнік…”
Вось-вось! Як зьбіральны вобраз, якога паказваў ня толькі дзядзька Якуб, але й іншыя пісьменьнікі з такой як бы народніцкай літаратуры”.

Уліцёнак: “Ну а ў рэальным жыцьці вы некага бачыце на п’едэстале?”

Гарэцкі: “Хіба што няма ў мяне такога чалавека”.

Уліцёнак: “Песьня, якую вы з задавальненьнем слухаеце?”

Гарэцкі: “Безумоўна, “Краму” й увесь яе альбом – розныя песьні кшталту “Неба – лёс арла” або іншыя іхнія творы, якія перадаюць вось гэты смак свабоды”.

Уліцёнак: “Што для беларусаў каштоўнасьць нумар адзін?”

Гарэцкі: “Для мяне – незалежнасьць. Але не для большасьці беларусаў…”

Уліцёнак: “Ваш найвялікшы посьпех у сваім 20-гадовым жыцьці?”

Гарэцкі: “Напэўна тое, што працягваю навучаньне й імкнуся да атрыманьня дыплёму эўрапейскага ўзору. Тое, што адчуваю нягледзячы ні на што імкненьне да адукацыі. Да ведаў. Да таго, каб працаваць па набытай спэцыяльнасьці”.

Уліцёнак: “Ну а параза нумар адзін?”

Гарэцкі: “Самае агіднае ў маім жыцьці – гэта тое, што намётавае мястэчка ў 2006 годзе на Кастрычніцкай плошчы ўсё ж было разагнанае. Не дасягнуўшы той мэты, дзеля якой стваралася”.

Уліцёнак: “У што вы верыце, Барыс?”

Гарэцкі: “Як хрысьціянін перш за ўсё ў Ісуса Хрыста. У Госпада-збаўцу. Веру, што ён мае вялізны, вельмі добры плян для нашае краіны. І хай, магчыма, наперадзе яшчэ будзе нешта больш горшае, але я ўпэўнены: у выніку Беларусь апынецца ў значна, значна лепшым стане, чым ёсьць цяпер”.
XS
SM
MD
LG