Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцы пачынаюць трохмесячную акцыю-маратон у розных гарадах краіны.


Ад сёньняшняга дня ў розных гарадах Беларусі цягам трох месяцаў будуць вывешвацца нацыянальныя сьцягі і сьцягі Эўразьвязу ў рамках маратону пад лёзунгам “Беларусь у Эўропу”. Маладафронтаўцы будуць у розных рэгіёнах праводзіць віктарыны сярод моладзі пра тое, што ёсьць эўрапейскага у тым ці іншым горадзе. Апроч таго, яны будуць запытваць у юнакоў і дзяўчат ці хочуць тыя жыць у складзе Расеі, альбо жадаюць, каб Беларусь далучылася да краінаў Эўразьвязу.

Старт маратону дала вулічная акцыя маладафронтаўцаў, якая адбылася ўвечары 14 лютага ў Менску. Традыцыйна ў дзень сьвятога Валянціна маладзёны сабраліся на плошчы Свабоды. Яны прайшлі шэсьцем па менскіх вуліцах, абыходзячы амбасады заходнеэўрапейскіх краінаў і ЗША. За некалькі гадзінаў да вечаровай акцыі ў Салігорску міліцыянты затрымалі пяць актывістаў “Маладога фронту”, але потым усіх адпусьцілі і яны мелі магчымасьць далучыцца да менскай акцыі.

Крысьціна Самойлава была сярод затрыманых. Яна апавяла “Свабодзе”, што для яе шэсьце 14 лютага – самая любімая акцыя.

“Чыстая, сьветлая, прыгожая акцыя. Не заўсёды атрымліваецца ў нас зьбірацца на якія-небудзь такія пазытыўныя прыемныя мерапрыемствы. Гэта акцыя, якая праслаўляе любоў да сваёй Радзімы. Мне здаецца, што цяпер гэта вельмі неабходна”.

Кася Галіцкая дадала:

“Я лічу, што гэта адна з нешматлікіх апазыцыйных акцый, якая насамрэч шчырая, бо ў свае шэрагі ўключае ў асноўным моладзь. Можна нават на фотаздымках пабачыць, што на гэтай акцыі людзі заўсёды ўсьміхаюцца, заўсёды нейкія прасьветленыя твары. Я ня ведаю іншай такой акцыі, якая б была настолькі шчырай”.

Уладзімер Сяргееў некалькі гадоў запар удзельнічае ў акцыі “Беларусь у Эўропу”.

“Які год “Малады фронт”, наша моладзь беларуская выходзіць у гэты дзень сьвяткаваць на вуліцы горада. Канешне ж абыходзім амбасады з тым жа заклікам, што месца Беларусі ў сэрцы вольнай Эўропы”.

Міліцыянты назіралі за моладзевай акцыяй. Яны здымалі яе на відэакамэру, ішлі ў цывільным у калёне моладзі. Аўтазак, які стаяў каля музэю “Дом I з’езду РСДРП” адразу ад’ехаў у іншае месца, як толькі да яго стала набліжацца калёна дэманстрантаў.

Па ўсяму было відаць, што міліцыянты мелі загад не затрымліваць маладзёнаў. Назіральнікі казалі, што гэта выглядала дзіўна і незразумела на тле нядаўніх арыштаў, калі за краты трапілі больш за паўсотні моладзевых актывістаў.

Сёньня ўвечары моладзь партыі БНФ сумесна з гуманітарным ліцэем імя Якуба Коласа ладзіць вечарыну, прысьвечаную Дню сьвятога Валянціна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG