Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: выстава да ўгодкаў незалежнасьці Літвы <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


“Місія Сібір” – так называецца фотавыстава, якая адкрылася сёньня ў Гарадзенскай выставачнай зале.


На выставе – 40 здымкаў, зробленых мінулым летам удзельнікамі літоўскай моладзевай экспэдыцыі ў месцы ссылак і канцэнтрацыйных лягераў у Краснаярскім краі, куды ссылала літоўцаў савецкая ўлада. Выстава, якую наладзіла Генэральнае консульства Літвы ў Горадні, прысьвечана 90-м угодкам абвяшчэньня незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі.



Падчас экспэдыцыі моладзь прыводзіла ў належны стан закінутыя могілкі, дзе пахаваны літоўцы, сустракаліся зь людзьмі, якім удалося дажыць да сёньняшніх дзён і якія дагэтуль размаўляюць па-літоўску.

У Літве выстава ўжо экспанавалася на Віленскай Катэдральнай плошчы, у цэнтры Каўнаса, у сярэдніх школах, унівэрсытэтах, шмат якіх амбасадах. Загадчык аддзела Беларусі ў Літоўскім Міністэрства замежных спраў Марыюс Дудзінас кажа, што выстава мае аб’ехаць усе гарады Літвы.

Я запытаўся спадара Дудзінаса, які рэзананс выклікала выстава ў літоўскім грамадзтве.

Дудзінас: “Некаторыя людзі глядзелі на гэта і, напэўна, узгадвалі тыя часы, калі давялося ўсё гэта выцярпець. А моладзь глядзела й толькі здагадвалася, як гэта можна было перажыць...”.

Я пацікавіўся ў Марыюса Дудзінаса: чаму выстава прыехала ў Горадню раней, чым яе паказалі ва ўсёй Літве?

Дудзінас: “Гэты горад знаходзіцца побач з нашай краінай і, напэўна, людзі перажылі тут тое самае, што і ў нас. Я думаю, што гэта агульная гісторыя, і літоўцы павінны ведаць беларускую гісторыю, а беларусы літоўскую. Каб потым вучыцца з гэтых урокаў...”

Патронамі экспэдыцыі “Місія Сібір” выступілі былыя прэзыдэнты Літвы: Альгірдас Бразаўскас і Вітаўтас Ландсбэргіс.




XS
SM
MD
LG