Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьце моладзі пад лёзунгам “Беларусь у Эўропу”


А 5-й вечара на плошчы Свабоды сабраліся актывісты “Маладога фронту” і сябры іншых моладзевых незарэгістраваных арганізацыяў, каб ладзіць сьвяточнае шэсьце ў Дзень сьвятога Валянціна. Падчас акцыі яе ўдзельнікі абышлі пасольствы Францыі, Вялікай Брытаніі, Польшчы і ЗША, перадаючы пэтыцыю з заклікам да ўрадаў Эўразьвязу і ЗША зьвярнуць увагу на праблему палітычных зьняволеных у Беларусі.


Сябры афіцыйнай дзяржаўнай моладзевай арганізацыі БРСМ тым часам павіншавалі з Днём сьвятога Валянціна паштоўкамі дзяржаўных чыноўнікаў, спартоўцаў і дзеячоў мастацтва. Адметна, што яшчэ нядаўна афіцыйныя ўлады не прызнавалі гэтага сьвята і зводзілі яго да рэклямаваньня сродкаў бясьпечнага сэксу.

Побач з удзельнікамі шэсьця знаходзілася нашая карэспандэнтка. Далей яе рэпартаж, запісаны ў 18.10 паводле менскага часу.

Любоў Лунёва: Я знаходжуся на праспэкце Незалежнасьці, калёна дэманстрантаў рухаецца ў бок вуліцы Янкі Купалы. Як і плянавалася, моладзь сабралася а 5-й гадзіне на плошчы Свабоды. Актывісты разгарнулі расьцяжкі "Малады фронт", трымаюць бел-чырвона-белыя балёнікі, шмат сьцягоў.

Шэсьце пачаў Зьміцер Дашкевіч, які зьвярнуўся да прысутных і сказаў, што гэтая акцыя адбываецца ня толькі пад лёзунгам "Беларусь у Эўропу", але і "Беларусь – у кантэксьце ўсеагульнай эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі".

Спачатку ўдзельнікі акцыі скіравалі да францускай амбасады, пасьля гэтага моладзь рушыла калёнай па вуліцы Леніна. Як толькі праскандавалі лёзунг "Беларусь – да Бога", адразу ж пайшоў сьнег, і моладзевыя актывісты палічылі гэта добрым знакам, бо ў Беларусі ўсю зіму амаль што не было сьнегу.

Моладзь рухаецца калёнай, скандуе лёзунгі, кіроўцы аўтамабіляў час ад часу сыгналяць у знак салідарнасьці. Міліцыянты паводзяць сябе даволі неагрэсіўна, некалькі мікрааўтобусаў без апазнавальных знакаў рухаюцца ў хвасьце калёны і ніяк ня ўмешваюцца ў шэсьце. Толькі аднойчы, калі моладзь выйшла на праезную частку з мэтай перайсьці дарогу, супрацоўнікі ДАІ папярэдзілі праз гукаўзмацняльнікі, каб удзельнікі акцыі не парушалі правілаў руху.

Моладзь заплянавала наведаць польскую амбасаду, а потым зрабіць марш па вуліцы Кісялёва і наведаць амэрыканскую амбасаду.

Да акцыі далучыўся Аляксандар Мілінкевіч, прыйшлі праваабаронцы, сярод іх – Людміла Гразнова, але асноўная маса ўдзельнікаў – моладзь.

Таксама на сёньня заплянаванае "Шоў беларушчыны", распачнецца маратон віктарын, вывешваньня бел-чырвона-белых сьцягоў і сьцягоў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG