Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жахлівая праўда пра “шчасьлівы гандаль людзьмі”


Аб'яўкі гандляроў людзьмі ў малдаўскай газэце

Аб'яўкі гандляроў людзьмі ў малдаўскай газэце

У Вене адбываецца арганізаваная ААН міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная барацьбе з гандлем людзьмі.


У канфэрэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі ўладных структураў і няўрадавых арганізацыяў, зоркі шоў-бізнэсу і экспэрты, а таксама ахвяры гандлю людзьмі з 116 дзяржаваў.

Удзельнікі канфэрэнцыі заклікаюць разбурыць “сьцяну маўчаньня”, якой адгароджаныя ахвяры гандлю людзьмі, а таксама байкатаваць падазроныя віды дзейнасьці, якія служаць прыкрыцьцем для злачынцаў.

Паводле ацэнак ААН, у сьвеце штогод два з паловай мільёна чалавек становяцца ахвярамі гандлю людзей. Сярод іх ці не найболей жанчын, якіх прымушаюць займацца прастытуцыяй.

“Happy Trafficking” паводле прынцыпу "піраміды"

Доўгі час фізычны прымус быў галоўнай зброяй гандляроў жанчынамі. Аднак нядаўна, як адзначаецца на канфэрэнцыі, гандляры знайшлі новы спосаб зьменшыць для сябе рызыку і значна павялічыць прыбытак і ў без таго вельмі прыбытковым бізнэсе, які дае мільярды даляраў штогод. Камбінуючы псыхалягічны ціск і фінансавыя стымулы, яны змаглі пераўтварыць сваіх былых ахвяраў у новых гандляроў, найперш выкарыстоўваючы іх як вэрбоўнікаў. Гэты спосаб нагадвае схему “піраміды” з жывых людзей. Журналісты нават вынайшлі выраз дзеля вызначэньня гэтай зьявы – “Happy Trafficking”, што можна перакласьці як “шчасьлівы гандаль людзьмі”.

Асаблівая вычварнасьць новай схемы ў тым, што ўлады практычна ня могуць яе выявіць, бо самі былыя ахвяры ў ёй зацікаўленыя. Яны набываюць свабоду, атрымліваюць матэрыяльную ўзнагароду ўзамен за тое, што замест сябе яны завэрбуюць новых жанчын.

Міжнародныя СМІ сыгналізавалі пра зьяўленьне “шчасьлівага гандлю” спачатку на Балканах і ў Італіі, але на канфэрэнцыі ў Вене адзначаецца, што гэта стала агульнай практыкай па ўсім сьвеце.

"Не магу знайсьці словы, каб апісаць кашмар, празь які я прайшла"

Лію, дзяўчыну з Малдовы, завэрбаваў, як яна кажа, “сябар”, і яна была змушаная займацца прастытуцыяй у Турэччыне. Вось што яна расказала пра свае адчуваньні ў адмысловым інтэрвію нашаму радыё:

“Без маёй згоды мяне прадалі і сталі выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Мяне зьневажалі, і я не магу знайсьці словы, каб апісаць кашмар, празь які я прайшла. Пры кожнай магчымасьці я ішла ў ванную, каб змыць зь сябе бруд і зьдзекі... Не было ніводнага дня, каб мяне не прымушалі і каб мне не пагражалі. Я адчувала сябе зьняважанай і безабароннай”.

16-гадовая Ірына, таксама малдаванка, была прададзеная ў Расею за 200 даляраў:

“Калі вы адмаўляецеся рабіць тое, што яны вам загадваюць, тады вас б’юць, вам пагражаюць, што выкінуць з балькона, што заб’юць вас. Яны кажуць: мы вас купілі, мы заплацілі за вас добрыя грошы і можам з вамі цяпер рабіць усё, што захочам”.

Ахвяры паходзяць у асноўным з Усходняй Эўропы

Сёньня гандаль жанчынамі набыў транснацыянальны і транскантынэнтальны характар. Гэты бізнэс ацэньваецца прыкладна ў 32 мільярды даляраў. Палова зь яго прыходзіцца на разьвітыя краіны. А сэксуальныя ахвяры пастаўляюцца туды перадусім з усходнеэўрапейскіх краінаў – Расеі, Украіны, Малдовы. Баўгарыі, Румыніі.

Тым часам у сьвеце нарастае рух у барацьбе супраць гандлю людзьмі. Так, узьнікла глябальная кааліцыя “Спыніць гандаль людзьмі”, якая аб’ядноўвае каля 700 арганізацыяў у 60 краінах сьвету. Сярод праблемаў, да якіх спрабуюць прыцягнуць увагу актывісты руху, – “сьцяна маўчаньня”, бо бракуе ня тое што статыстыкі пра эксплюатацыю жанчын, але нават фактаў пра гэты жахлівы гандаль.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG