Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бундэстаг прагаласуе аб новых цэнах на візы для беларусаў


Сёньня пасьля 19-й гадзіны паводле менскага часу ў нямецкім Бундэстагу адбудзецца дыскусія па беларускім пытаньні. На парадку дня праекты рэзалюцыяў, падрыхтаваныя кіроўчай кааліцыяй (хрысьціянскімі і сацыял-дэмакратамі), а таксама апазыцыяй (фракцыямі вольных дэмакратаў і “зялёных”).


І кааліцыя, і апазыцыя прапанавалі свае асобныя праекты рэзалюцыяў у справе зьмяненьня візавых цэнаў для беларусаў. Палітычныя апанэнты згодныя ў тым, што візавыя зборы ў памеры 60 эўра недаступныя для большасьці беларускіх грамадзянаў.

У той час як хрысьціянскія і сацыял-дэмакраты прапануюць консульскім супрацоўнікам пры выдачы візаў аддаваць моладзі да 26 гадоў больш увагі, зялёныя і вольныя дэмакраты настойваюць на цалкам бясплатных візах для моладзі і некаторых іншых катэгорыяў.

Першай гэтае пытаньне вынесла на разгляд парлямэнтароў дэпутатка ад фракцыі “зялёных” Марылюіза Бэк. Гэта было ў 2006 годзе. Потым свой праект па візах для беларусаў падрыхтавала кіроўчая кааліцыя. Некалькі разоў пытаньне выносілася на парадак дня паседжаньня Бундэстагу, аднак з тэхнічных прычынаў так і не было разгледжана.

Як прагназуюць аглядальнікі, ухвалены хутчэй за ўсё будзе праект кааліцыі. Тым больш, што яго падтрымаў парлямэнцкі камітэт па міжнароднай палітыцы. Прадстаўнікі апазыцыі тым часам лічаць, што сёньняшняе галасаваньне спрагназаваць вельмі цяжка.

“Дэбаты працягнуцца 30 хвілінаў, – сказалі нашаму радыё ў бюро Марылюізы Бэк. – Спрагназаваць іх хаду, як і вынікі галасаваньня, вельмі цяжка. У кожным выпадку за імі можна будзе назіраць у жывым эфіры на сайце нямецкага парлямэнту. Адрозна ад кіроўчай кааліцыі, мы выступаем з больш цьвёрдымі фармулёўкамі”.

На абмеркаваньне нямецкіх парлямэнтароў выстаўлены і другі праект апазыцыі адносна падтрымкі дэмакратычнага руху ў Беларусі. Ён таксама ініцыяваны “зялёнымі” на чале з Марылюізай Бэк. Размова ідзе аб працаўладкаваньні ў Нямеччыне беларусаў, якія страцілі працу з палітычных прычын, а таксама аб тым, каб заснаваць стыпэндыі для выключаных з унівэрсытэтаў беларускіх студэнтаў. Сярод іншых прапановаў “зялёных” – пашырэньне культурных і навуковых кантактаў, падтрымка супрацоўніцтва паміж нямецкімі партыямі і беларускай грамадзянскай супольнасьцю.

Гэты праект таксама падрыхтаваны ў 2006 годзе. Там утрымліваюцца й некаторыя састарэлыя на сёньня патрабаваньні. Напрыклад, аб вызваленьні Мілінкевіча. “Ня выключана, што кааліцыя адхіліць дакумэнт менавіта з прычыны састарэласьці”, – кажуць прадстаўнікі апазыцыі.

Аднак пры гэты дадаюць : “Прадказаць усё загадзя цяжка”.
XS
SM
MD
LG