Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Гісторыя пра сьвятога Валянціна – чароўная казка...”


Як вы ставіцеся да Дня сьвятога Валянціна, ці адзначаеце яго? На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенцы.


Спадар: “Гэтага сьвята я не адзначаю, таму што выхаваны ў савецкай традыцыі, а яна не дапускала іншых сьвятаў, апроч афіцыйных. Дзень сьвятога Валянціна ўвайшоў у нашае жыцьцё зусім нядаўна. Яго называюць днём закаханых, але я думаю, што кахаць і прызнавацца ў каханьні мы павінны кожны дзень. Таму для мяне гэта ня сьвята”.

Сталы спадар: “Кожнае сьвята мае права на існаваньне, нашае яно ці не, але Дзень сьвятога Валянціна ёсьць рэальна”.

Карэспандэнт: “А самі вы яго адзначаеце?”

Сталы спадар: “Дачку павіншаваў, моладзі падабаюцца валянцінкі ды ўсё іншае”.

Карэспандэнт: “А жонку павіншавалі?”

Сталы спадар: “Так, вядома, гэта ж жонка. Я ж не самагубца, зь ёй жа жыць трэба!..”

Спадар: “Можа, нам і падабаецца гэтае сьвята, але адзначаць не адзначаем. Нашым яно, магчыма, стане толькі зараз ці празь некалькі год. Я проста добра ведаю гісторыю, ведаю, хто такі сьвяты Валянцін. Усё гэта – чароўная казка, якую прыдумалі на Захадзе, каб лепей прадаваўся сёй-той тавар. Магчыма, гэта добра”.

Спадарыня: “Мы ідзем падарунак купляць”.

Карэспандэнт: “Вы ўжо дамовіліся, што гэта можа быць і на якую суму?”

Яе муж: “Як Бог дасьць”.

Карэспандэнт: “А вы на якую суму хацелі б, ці ня ў суме сэнс?”

Спадарыня: “Справа ня ў суме, а ў патрэбе рэчы. Гэта – ювэлірны выраб”.

Спадар: “Я лічу, што гэта сьвята ўсіх людзей, ня важна, у якой краіне. Без каханьня і шчасьця нічога добрага ў сьвеце няма”.

Дзяўчына: “Мы чакаем сьвята і дорым валянцінкі і сувэніры”.

Маладая спадарыня: “З мужам абменьваемся падарункамі, гэта можа быць проста валянцінка, паштоўка, сыну якуюсьці цацку мілую набуду. Проста дробязь, але каб было прыемна”.

Спадарыня: “Будзем з мужам абавязкова адзначаць, купім штосьці смачнае, торцік, сядзем за стол, пап'ем кавы”.

Карэспандэнт: “А падарункі будуць?”

Яе муж: “Усё, падарункі ёсьць ужо, я набыў набор японскіх кубачкаў для кавы”.
XS
SM
MD
LG