Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Менску не даляцелі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня раніцай на лётнішчы армянскай сталіцы Ерэвану пацярпеў крушэньне пасажырскі самалёт кампаніі “Белавія”.


Самалёт канадзкай вытворчасьці "CRJ-100" на ўзьлёце нечакана страціў раўнавагу і, зачапіўшы крылом бэтон, пачаў куляцца. У выніку борт разваліўся на дзьве часткі і загарэўся. Больш за два дзясяткі пасажыраў, уключна зь пілётамі, былі выратаваныя службамі аэрапорту. Некалькі чалавек шпіталізаваныя з апёкамі. Гэта першы выпадак надзвычайнага здарэньня з пасажырскім самалётам у гісторыі незалежнай Беларусі. Катастрофы транспартных суднаў беларускіх авіякампаніяў з чалавечымі ахвярамі здараліся неаднаразова.
Сем чалавек
цяпер у бальніцах, шпіталізаваныя. Паведамляецца, што асабліва цяжкіх выпадкаў няма

Як паведамілі ў амбасадзе Армэніі ў Менску са спасылкай на нацыянальныя авіяцыйныя службы, у выніку катастрофы самалёта, які належыць кампаніі “Белавія”, сем чалавек з траўмамі і апёкамі шпіталізаваныя. Беларускія грамадзяне — тры пілёты і адна пасажырка — не пацярпелі. Дастаўку людзей у Менск праз Маскву і Кіеў возьмуць на сябе іншыя авіякампаніі.

Супрацоўніца дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Ганна Курыцкая паведаміла, што, паводле папярэдняй інфармацыі, на борце знаходзіліся грамадзяне розных краінаў:

“Там усяго было 18 чалавек, у тым ліку грамадзяне Армэніі, Грузіі, Беларусі, а таксама расейцы і ўкраінцы. Іншымі словамі, 18 чалавек, а колькі сярод іх аказалася розных нацыянальнасьцяў! Дзякуй Богу, канечне, што ўсё для іх адносна добра завяршылася. Сем чалавек цяпер у бальніцах, шпіталізаваныя. Паведамляецца, што асабліва цяжкіх выпадкаў няма”.

Па факце крушэньня пасажырскага самалёта ў міжнародным аэрапорце “Звартноц” Беларусь правядзе ўласнае расьсьледаваньне. У склад адмысловай камісіі таксама мяркуецца залучыць прадстаўнікоў заводу-вытворцы. Сёньня апоўдні група экспэртаў на чале з кіраўніком дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Вадзімам Мельнікам вылецела зь Менску ў Ерэван. У яе складзе — авіяспэцыялісты, супрацоўнікі КДБ і Генпракуратуры. На месцы здарэньня яны высьветляць: чаму пацярпеў аварыю адзіны ў парку “Белавіі” канадзкі самалёт? Як удакладняе Ганна Курыцкая, пасьля здарэньня пад пытаньнем набыцьцё іншых самалётаў гэтай клясы:

“Летась увогуле плянавалася набыць два самалёты "CRJ-100". Але пасьпелі купіць пакуль адзін — вось гэты, як выявілася, “фатальны”. Аднак у плянах на 2008 год усё ж значыцца набыцьцё другога, паколькі не пасьпелі летась. Ня ведаю, можа, цяпер гэтыя пляны і зьменяцца. То бок плянаваліся яшчэ тры “Боінгі” і "CRJ-100". Казаць, наколькі гэта будзе рэальна, пакуль не выпадае”.

Як удакладнілі ў “Белавіі”, канадзкі "CRJ-100" канцэрну “Бамбард'е” -- самалёт рэгіянальнага прызначэньня. Арыентаваны ён перадусім на невялікую колькасьць пасажыраў і выкарыстоўваецца для частых палётаў. Лёгкі ў кіраваньні, што практычна выключае памылкі з боку экіпажу. У салёне 10 месцаў бізнэс-клясы і 40 — эканом-клясы. На рэйсах “Белавіі” самалёт, які ўжо не паддаецца аднаўленьню, роўна год — зь лютага 2007-га. Апошняе абслугоўваньне праходзіў у Даніі. Машына 1999 году, што па авіяцыйных мерках — як 2—3-гадовая іншамарка, калі браць для параўнаньня ўжываны аўтамабіль.
У сувэрэннай Беларусі гэта ўпершыню. Яшчэ нядаўна мы хваліліся, што ў гэтым пляне ў нас усё ў парадку. І, бачыце адбылося такое непрыемнае здарэньне. Але было б куды страшней, каб загінулі людзі


Зацікаўленыя ведамствы пакуль не камэнтуюць магчымых прычынаў аварыі, але кажуць, што тэхнічны стан самалёта не выклікаў нараканьняў. Неспрыяльнае надвор'е ня можа быць вырашальным фактарам для сучасных самалётаў. Канчаткова сытуацыя будзе зразумелая пасьля расшыфроўкі “чорных скрыняў”. У дэпартамэнце авіяцыі кажуць, што гэта першы сур'ёзны выпадак з пасажырскімі самалётамі:

“Менавіта што тычыцца пасажырскіх перавозак, то так. У сувэрэннай Беларусі гэта ўпершыню. Яшчэ нядаўна мы хваліліся, што ў гэтым пляне ў нас усё ў парадку. І, бачыце, адбылося такое непрыемнае здарэньне. Але было б куды страшней, каб загінулі людзі”.

Іншыя катастрофы з удзелам беларускіх самалётаў прыпадаюць на часы савецкага “Аэрафлоту”. У 1982 годзе над Нараўлянскім раёнам разваліўся "Як-42". 132 пасажыры і чальцы экіпажу падалі проста зь неба. У лютым 1985-га, узьняўшыся з аэрапорту “Менск-2”, самалёт "Ту-134" з найлепшымі студэнтамі БДУ, уганараванымі паездкай у Ленінград, рухнуў у раёне Смалявічаў — з 80 пасажыраў і пілётаў выжылі 22. У сьнежні 1986-га пры заходзе на пасадку ў Бэрлінскім аэрапорце пацярпеў крушэньне такі ж "Ту-134". Загінулі ўсе пасажыры (пераважна нямецкія школьнікі) і экіпаж. 20 гадоў таму, у лютым 1988-га, блізу пасадачнай паласы зваліўся самалёт Менск-Цюмень-Сургут. Выратаваліся 25 чалавек. Нестандартны выпадак адбыўся ўжо ў часы незалежнай Беларусі. У 1992-м на лётнішчы Ўладзівастоку разваліўся самалёт "Ту-154" беларускай прыпіскі, які з “чаўнакамі” на борце вяртаўся з Кітаю. Машына папросту ня вытрымала перагрузу, пацярпелых не было.

Летась у сакавіку ў Самалі пацярпелі крушэньне два транспартныя самалёты “Іл-76”, якія працавалі ў Афрыцы пад эгідай ААН. Абодва былі зьбітыя ваеўнікамі мусульманскіх груповак. У першым выпадку экіпаж здолеў ажыцьцявіць аварыйную пасадку, а праз два тыдні 11 пілётаў і тэхнікаў другога самалёта, які вывозіў рэшткі першага, загінулі. У 2006-м шэсьць беларускіх пілётаў загінулі пры падзеньні такога ж транспартнага самалёта ў Танзаніі. У тым жа годзе падчас крушэньня "Ан-24" у складзе інтэрнацыянальнага экіпажу загінуў лётчык з Горадні.
XS
SM
MD
LG