Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Сасноўскі: “І са сьцягамі на вуліцы, і добрым застольлем зь сябрамі”


Сёлета спаўняецца 90 гадоў з дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэмакратычная грамадзкасьць краіны прымеркавала да гэтай даты шэраг мастацкіх імпрэзаў, а таксама шэсьце і мітынг. Як гэтае сьвята прапануюць адзначыць прадстаўнікі інтэлігенцыі?


Зьміцер Сасноўскі – лідэр гурту беларускай сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”. 31 студзеня гурт з посьпехам даў сольны канцэрт у Маскве, сёньня выступае ў Менску, у Палацы прафсаюзаў, а ў суботу, 16 лютага, дае канцэрт у Празе.

Сасноўскі: Зь дзяцінства засталося ўяўленьне пра тое, што сапраўднае сьвята для беларуса – гэта спачатку са сьцягамі на вуліцы, потым у парку з дарослымі, потым дома ўжо – з добрым застольлем з добрымі сябрамі. На гэтае сьвята павінна быць усё, пачынаючы ад выказваньня сваёй грамадзянскай пазыцыі са сьцягамі і на вуліцы і да таго, каб зь сябрамі, самымі блізкімі людзьмі дома гэта ўсё адзначыць.

Карэспандэнтка: А чым для вас ёсьць стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі? Што для вас азначае гэтая падзея?

Сасноўскі: Гэта такая падзея, якая вызначыла, напэўна, усю гісторыю Беларусі ХХ стагодзьдзя. Пасьля БНР беларускія камуністы ня здолелі нічога супрацьпаставіць, акрамя БССР. Такім чынам, ведаючы некаторыя нюансы гісторыі, можна сказаць: калі б у нас не было БНР, магчыма, не было б і БССР, і Рэспублікі Беларусь, мы былі б проста культурным анклявам. Таму ўгодкі БНР – гэта такая падзея, якую варта адзначаць і пры гэтым памятаць, што многія культурныя падзеі спараджаюць потым падзеі і палітычныя, і геапалітычныя, і супэркультурныя.

XS
SM
MD
LG