Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На судзе над Бароўскім судзьдзя жартуе”


Агляд недзяржаўнага друку.


“Народная воля” распавядае абставіны судовага працэсу над былым кiраўнiком канцэрну "Белнафтахiм" Аляксандрам Бароўскiм. Працэс пачаўся ў Вярхоўным судзе 12 лютага. Справу Бароўскага разглядае судзьдзя Мiкалай Грынцэвiч. Ён падрабязна патлумачыў прысутным нормы i правiлы паводзiнаў. Зьвярнуў увагу на тое, што судовае разьбiраньне "далёкае ад элемэнтаў тэатральнасьцi", таму эмоцыi трэба выключыць.
На працягу пасяджэньня судзьдзя да месца сыпаў прымаўкамi i прыказкамi, – піша “Народная воля”, – чым не аднойчы выклікаў шчырую ўсьмешку ў некаторых прысутных у залі. Былы генэральны пракурор Пётр Мiклашэвiч, – даводзіць газэта, – казаў журналiстам, што ў дачыненьні да Бароўскага ўзбуджаная крымiнальная справа па артыкуле за злоўжываньне службовым становiшчам, якое нанесла буйны ўрон, а таксама па факце наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якiя складаюць службовую тайну. Паводле Мiклашэвiча, злачынствы тычылiся пытаньняў закупак, паставак i рэалiзацыi нафты i нафтапрадуктаў. "Урон склаў не адзiн мiльён даляраў", — сьцьвярджаў Мiклашэвiч.

Таксама “Народная воля” спрабуе расшукаць сапраўдныя прычыны статуту “невыязны” ў дачыненьні да лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Фармальна Цэнтральным РУУС г. Менска сп. Лябедзьку паведамілі, што рашэньне пра абмежаваньне яго выезду за мяжу прынятае на падставе крымінальнай справы, распачатай Менской гарадзкой пракуратурай паводле арт.367 ч.2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь".

Газэта “Вольнае Глыбокае” распачала аповед пра школу ў вёсцы Шкунцікі, якая сёлета сьвяткуе 145-годзьдзе. У сьвежым нумары газэты – першая частка нататкаў, якія складаюцца з успамінаў настаўнікаў і выпускнікоў школы. Аўтар артыкулу – Кляменці Кажан, выпускнік школы. Распавядае Уладзімір Скрабатун, рэдактар газэты:

“Цікава! Першая ў Глыбокім школа нядаўна сьвяткавала 70 гадоў, а тут у вёсцы – школе 145! Былы настаўнік, краязнаўца, даказаў, што гісторыя адукацыі ў гэтай вёсцы – вельмі значная. У гэтым нумары артыкул заняў паласу, а засталося – яшчэ на 3 паласы. Вялікая гісторыя: успаміны вучняў, хто вучыўся там, хто кім стаў. Герман Кірылаў, якія праславіўся адной сваёй кніжкай “Гарт”, – таксама адтуль”.

На старонках “Вольнага Глыбокага” таксама – актуаліі сёньняшніх дзён: фальшываманецтва як сродак зарабіць на жыцьцё.

“Наша ніва” ў артыкуле “Больш небясьпечныя за апазыцыю” распавядае пра групу жанчынаў — сваячак асуджаных, а таксама нязгодных з рашэньнямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах. Жанчыны зладзілі прэс-канфэрэнцыю, дзе тэмай была ацэнка дзейнасьці сучаснай судовай сыстэмы Беларусі. Сустрэча была пабудаваная ў форме маналёгаў. Прыкладам, Ніна Мірановіч з Жодзіна змагаецца за свайго сына — асуджанага на трыццаць гадоў турмы нібыта за забойства былой жонкі.

“У часе сьледзтва сына тры дні трымалі голым у камэры, зьбівалі, парвалі лёгкае і ён ня вытрымаў — узяў віну на сябе, бо думаў, што суд усё паставіць на месцы”, – распавядае маці.
XS
SM
MD
LG