Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пчолы ў Юрацішках зрабіліся больш агрэсіўнымі



Спадарыня: “Геаграфічнае становішча вельмі добрае — на шляху ў Ашмяны, Менск, Гродна...”

Гэта з таго нямногага, чым хваляцца ў Юрацішках. Па ўсіх названых напрамках можна дабрацца толькі чыгункай. Аўтобусны прыпынак тут закрылі з-за нерэнтабельнасьці некалькі год таму. Аднайменная ж чыгуначная станцыя з таньнейшымі квіткамі — на ўздыме. Мінулым годам адзначыла сваё стагодзьдзе. Яе супрацоўнікі нядаўна дамагліся, каб тут на дзьве хвіліны спыняўся хуткі цягнік “Масква — Гродна”. У Менску ён усяго праз тры гадзіны. Гістарычнай цікавосткай пра чыгунку падзяліўся Ўладзімер Круцікаў, старшыня суполкі Партыі БНФ зь Ліды. Ён прапанаваў суправаджаць мяне, бо ў Юрацішках прайшлі яго маленства і маладосьць, а бацька быў начальнікам тутэйшай чыгуначнай станцыі.

Круцікаў: “Калі цар Аляксандар II у 1878 годзе будаваў гэтую чыгунку, ад Маладэчна да Гародні была пракладзена дзьвюхкалейная дарога. Калі прыйшлі бальшавікі ў 39-м, адну каляю ад Гродна да станцыі Гаўя разабралі. Абяцалі, што адновяць праз два гады. Але так і не зрабілі — прайшло больш за 60 год. Жывем горш, чым пры цары...” (Сьмяецца.)

Мы ў акуратным, сьвежапафарбаваным вакзальным будынку станцыі Юрацішкі. Вакзал абслугоўваюць 10 чалавек. Адзінаццаты — начальнік, 61-гадовы спадар Зянюк — у часе маёй вандроўкі дапрацоўваў апошні дзень перад выхадам на пэнсію. Ён інфармуе:

Зянюк: “Юрацішкі абслугоўвае 4 кліентаў — аб’яднаньне “Мастадрэў”, Івейскі лясгас, філіял Лідзкага аб’яднаньня хлебапрадуктаў “Гароднясяло” — грузім цукар. Аб’ёмы штогод павялічваюцца на 7%...”

На пэнсіі Мікалай Аляксандравіч думае ўшчыльную заняцца пчалярствам. Мае 24 вульлі, зь якіх зьбірае да тоны мёду на год. Але апошнім часам, кажа ён, з тутэйшымі пчоламі адбываецца нешта незразумелае.

Зянюк: “Пчолы зрабіліся больш агрэсіўныя. Раней ня джалілі, а цяпер апранацца трэба як мае быць. Заелі так адну гаспадыню, што памерла. Не было племянной працы, і ад скрыжаваньня розных пчолаў атрымалася мутацыя...”

У суразмоўцы лёс досыць традыцыйны для заходняга беларуса.

Зянюк: “Уся радзіна ў Польшчы — адны паехалі ў 45-м, іншыя ў 52-м. Я прыяжджаю да іх — думаю, як гаварыць буду? А яны чыста па-беларуску — мы так ня можам. Бацька застаўся зямлю каравуліць — хто ж думаў, што столькі год калгасы будуць?! (Сьмяецца.) Зямля сёньня нікому ня трэба, а тады! А ў вёсках моладзі няма. Нараджальнасьць нулявая. На маёй вуліцы ў адной хаце пэнсіянэрка, у другой, наступная пустая. Раніцай устанеш узімку — сьледу няма, акрамя сабачак...”

Гарпасёлак за 4 км ад станцыі. Па дарозе сустракаем 76-гадовую спадарыню Марыю Пілеўскую, былую настаўніцу матэматыкі. Яе пэнсія — 400 тысяч. Чамусьці перакананая:

Пілеўская: “Прыбавяць, а як жа — цэны растуць! Мы прызвычаіліся жыць — як ёсьць, так і ёсьць. Ільготамі не карысталася — добрыя лекі на іх не давалі. А які карвалол я і так куплю...”

Накіроўваемся да спадара Ўрублеўскага, якога ў Юрацішках ведае кожны. Працаваў дырэктарам вячэрняй школы. Краязнаўца, піша ў мясцовую прэсу. З усьмешкай называе сябе паплечнікам Ельцына ды Гарбачова, бо таксама з 1931 году нараджэньня. Зрэшты, кажа, што традыцыйна мае дэмакратычныя перакананьні. А яшчэ...

Урублеўскі: “Арлеанская дзева была ў Францыі — дык я нарадзіўся праз 500 год пасьля яе...”

Валянцін Антонавіч сядлае свайго любімага коніка — распавядае пра назапашаны краязнаўчы матэрыял.

Урублеўскі: “Юрацішкі — паселішча вельмі старажытнае. Ёсьць дакладная дата пабудовы першай бажніцы — 1532 год. Пабудаваў Альбрэхт Гаштольд, магнат, канцлер ВКЛ, што захоўваў пячатку. Назва паходзіць ад літоўскага “юратас” — русальніца. Міталягічныя дзяўчаты, унізе з рыбы хвост, што прыгожа сьпявалі, асабліва на Купальлі — у нас яшчэ называюць Русальлямі. Раней шмат было азёраў — цяпер дрыгва. Заселеныя былі балтамі. Таму ў нас шмат прозьвішчаў балцкага паходжаньня — Надзейка, Нарэйка, Побаль, Гаштольды тыя ж...”

Твар спадара Урублеўскага, дарэчы, як і, бадай, ва ўсіх, з кім сустракаліся, змрачнее, калі пачынаем гаману пра сучасны стан паселішча.

Урублеўскі: “За апошнія гады закрыўся аўтапарк, хлебазавод, прамкамбінат, ледзь дыхае завод гародніны, больш-менш працуе дрэваапрацоўчы цэх. У быткамбінаце толькі адзін чалавек з рытуальнымі паслугамі...”

Карэспандэнт: “Чаму распаліся?”

Урублеўскі: “Нерэнтабельнасьць. Нявыгаднасьць. У гэтым годзе аграгарадок будзе. Маё меркаваньне — справа пустая. Грошы адпускаюцца вялікія — ня ведаю, як яны разьмяркоўваюцца. Чым больш мы пішам пра рэанімацыю вёсак, тым больш яны падаюць...”

* * *

Падыходзім да тутэйшага малаказавода, які тут, нароўні з лясгасам, называюць “самым пасьпяховым” прадпрыемствам. У невялікім аднапавярховым будынку працуюць аж... 9 чалавек. Гутару з майстрам адзінага сэпаратарнага цэху, спадарыняй Марыяй Алянціновіч.

Алянціновіч: “Малака паступае ў нас 40 тон у дзень, улетку 80. Узімку малы заробак — 300—400, а ўлетку — 600—700. Мы толькі ахалоджваем малако — перапрацоўкі ніякай няма. Во аграгарадок абяцаюць...”

Карэспандэнт: “Верыце ў аграгарадок?”

Алянціновіч: “Веру. Можа, будынак падфарбуюць. Больш нічога...”

У кампактным, нібыта, пасёлку, тым ня менш, 27 вуліц і завулкаў. Аднак трохпавярховы, па тутэйшых мерках, хмарачос сярэдняй школы відаць здалёк. 20 год таму тут вучылася 800 школьнікаў, цяпер — крыху болей за 300. Нас сустракае настаўніца беларускай мовы Алена Дуніч. Адразу — пра перамены, якія надыходзяць.

Дуніч: “Прыйдзецца пацясьніцца, бо аграгарадок, дзіцячы садок, школу мастацтваў хочуць перанесьці. А ў нас клясы па 11 чалавек...”

Алена Паўлаўна разам з шэрагам настаўнікаў уваходзіць у адзіную ў Юрацішках палітычную арганізацыю — прапрэзыдэнцкае грамадзкае аб’яднаньне “Белая Русь”. На пытаньне, наколькі добраахвотным было ўступленьне, сарамліва апускае вочы.

Дуніч: “Нам прапаноўвалі — ня ведаю...” (Усьміхаецца.)

А яшчэ спадарыня Алена — жонка адзінага ў Юрацішках фэрмэра Анатоля Дуніча. Хоць у фэрмэрстве той 10 год, жонка пэсымістычна ацэньвае гаспадарчыя пэрспэктывы.

Дуніч: “Вельмі дрэнная зямля. Камяніца — штогод прыбіраем камяні, але выходзяць, як зубы дракона. Ад 15 да 20 цэнтнэраў з га — вельмі дрэнны ўраджай. На такой зямлі ня станеш багатым, але станеш гарбатым. Камбайн не функцыянуе. Паліва дарагое, аўтазапчасткі — людзі адмаўляюцца ад зямлі...”

Карэспандэнт: “Юрацішкі паміраюць?”

Дуніч: “Напэўна. Няма прадпрыемстваў, каб можна было застацца, жыльлё пабудаваць. Гэта вёска — людзі размаўляюць на беларускай мове ў хаце...”

На вуліцы знаёмлюся з 15-гадовымі Сяргеем Шайко, Аўгенам Кайдзісам ды Віктарам Азімам.

Карэспандэнт: “Думаеце заставацца ці пабяжыце?

Хлопцы: “Напэўна, заставацца — тут жа радзіма, прывыклі. Працаваць будзем, каб грошы зарабляць...”

Карэспандэнт: “У вас жа беспрацоўе...”

Хлопцы: “У лясьніцтве. Там і бацька робіць, зарабляе няблага — пад 800 тысяч... Можна і выехаць адвучыцца ў горадзе, а потым вярнуцца сюды...”

Карэспандэнт: “Я нарваўся на трох галоўных патрыётаў Юрацішак?”

Хлопцы: “Напэўна...” (Сьмяюцца.)

44% зямлі вакол паселішча — лясы. Але праца ў лясгасе яўна не прываблівае дзяўчат — выпускніц 11 клясы Тацьцяну Каспяровіч ды Кацярыну Капляд.

Дзяўчаты: “Зьбіраюся ў Менск, у фізкультурны інстытут... У Юрацішках сумна — няма чаго рабіць...”

Па дарозе на станцыю гутару пра вынікі вандроўкі са спадарожнікам — сябрам Партыі БНФ Уладзімерам Круцікавым.

Круцікаў: “Прыкра, крыўдна... Няўжо нельга прадпрыемствам даць ільготы, каб зрабіць працу людзям? Бачыце, самае магутнае прадпрыемства — на 9 чалавек! У Юрацішках больш за палову насельніцтва працаздольная. А астатнія што — сьпіваюцца, крадуць?! Рыхтуем гастарбайтараў для чужых дзяржаў? Няўжо цяжка даць шуфлю таму, хто жадае, каб зарабіў 10 тысяч на рамонце дарог? Маленькія гарадкі не павінны зьнікаць. Ня могуць жа ўсе паехаць у мэгаполіс. У іх захоўваецца культура беларуская, традыцыі. Тут людзі, якія маюць сьвядомасьць, гучыць мова беларуская — усё, чым жыве Беларусь...”
XS
SM
MD
LG