Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У калёніі “Віцьба-3” адбылося кароткатэрміновае спатканьне Аляксандра Казуліна з дочкамі.


Сёньняшняе кароткатэрміновае спатканьне Аляксандра Казуліна з дочкамі Вольгай і Юляй доўжылася ўсяго дзьве гадзіны. “Закон дазваляе працягласьць такога спатканьня і чатыры гадзіны, але адміністрацыя калёніі дала ўдвая меншы тэрмін. Гэта адлюстроўвае цяперашнія адносіны адміністрацыі да таты”, — заявіла Вольга Казуліна пасьля спатканьня. Пра свае першыя ўражаньні дочкі палітыка распавялі праваабаронцы Раісе Міхайлоўскай, а пасьля выправіліся ў Менск і адключылі мабільныя тэлефоны. Вось пра што расказала са словаў дачок Казуліна Раіса Міхайлоўская.

“Вольга перадала мне, пра што ён ім распавёў. Што цяпер адносна яго ўжыты ціск, якога раней не было. Яго ўвесь час абшукваюць, шукаюць нейкія тэлефоны, сім-карты і гэтак далей. У яго забралі электраплітку і сокавыціскалку. Гэта яны матывуюць тым, што ён з галадоўкі выйшаў і нібыта можа харчавацца, як усе, у сталоўцы. Трымаецца ён добра, мужна. Пры гэтым лічыць, што шанцы ў яго на датэрміновае вызваленьне “ніякія”. Вольга спыталася — можа, ён пакіне на гэта хаця б адзін працэнт? Але ён пагадзіўся толькі на сотую частку працэнту. Ён лічыць, што ягоны арышт – асабістая помста Лукашэнкі, і той яго ніколі не адпусьціць. Тое, што яго не зьбіраюцца адпускаць, ён адчувае і з таго, як паводзіць сябе адміністрацыя”.

Паводле дачок Аляксандра Казуліна, у калёніі працягваецца штучная ізаляцыя палітыка ад іншых вязьняў. Тым, хто спрабуе кантактаваць з Аляксандрам Казуліным, адміністрацыя пагражае або цісьне на іх па-іншаму.

Аляксандар Казулін прызнаў, што апошнім часам адчуў і праблемы з ліставаньнем – шмат лістоў да яго не даходзяць або даходзяць з купюрамі, паведаміла Раіса Міхайлоўская.

Нагадаем, менш чым праз 40 дзён будзе два гады, як былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна трымаюць у вязьніцы. Палітыка асудзілі на 5,5 гадоў зьняволеньня “за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў”. Сваёй віны Аляксандар Казулін не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце лічыць Аляксандра Казуліна палітычным вязьнем і дамагаецца ягонага вызваленьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG