Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці быў у Машэрава шанец трапіць у Крэмль?


Сёньня споўнілася б 90 гадоў Пятру Машэраву — кіраўніку БССР у 60-70-я гады, які трагічна загінуў у аўтакатастрофе ў кастрычніку 1980 году.


Сваякі партыйнага дзеяча ды некаторыя гісторыкі дагэтуль ня вераць у выпадковасьць сьмерці Машэрава, бо лічаць, што маскоўскіх таварышаў сур’ёзна нэрваваў самадастатковы палітык, які мог узначаліць савецкую партыйную намэнклятуру.

Маладжавы на тле струхлелых крамлёўскіх старых, Пётар Машэраў выгодна глядзеўся ў галерэі Палітбюро, карыстаючыся людзкой павагай і аўтарытэтам. Аднак, узгадвае Натальля Машэрава, дачка партыйнага лідэра, пасьля таго як зьявіліся чуткі пра хуткі перавод Машэрава ў Маскву на пасаду старшыні Савету міністраў СССР, стаўленьне да яго істотна зьмянілася. У ім пачалі бачыць перадусім канкурэнта. Тыя адносіны паступова перакрочылі і ў эпоху незалежнай Беларусі:
І пры жыцьці быў нязручны, і цяпер

“Аднолькава, нічога не зьмянілася. Усё тое самае, яшчэ ад савецкіх часоў цягнецца. Вось так, нязручны, атрымліваецца. І пры жыцьці быў нязручны, і цяпер. Ну што ж! Калі ўлады спаборнічаюць з такой вялікай асобай, як Машэраў, дык, можа, у гэтым ёсьць рацыянальнае зерне? Давайце так паглядзім. Я думаю, няправільна казаць, што ўлада пра яго нібыта забылася. Не. Яна памятае настолькі, што ня хоча, каб памяталі астатнія. Таму трэба радавацца, што ёсьць на зямлі людзі, якія пражылі так моцна і магутна жыцьцё, па-добраму. Памятаюць усе — давайце так казаць. Апошнім часам улада пазыцыянуе сябе асобна ад людзей. Але гэта праблема не народу і не Машэрава, правільна? Гэта праблема ўлады. Проста, можа, такія падзеі, як 90-гадовы юбілей, выкрышталізоўваюць існуючыя праблемы. А гэта таксама добра, гэта значыць, што чалавек пакінуў вельмі многа на гэтай зямлі. І дапамагае нам”.

Пётар Машэраў нарадзіўся 13 лютага 1918 году ў вёсцы Шыркі Сеньненскага раёну на Віцебшчыне. У вайну камандаваў партызанскім атрадам, быў сакратаром падпольнага абкаму камсамолу. Ад 1965 году — на вышэйшых партыйных пасадах у БССР.

Гісторык Валянцін Мазец, які дасьледуе грамадзка-палітычнае жыцьцё Беларусі ў савецкі пэрыяд, ня верыць у тое, што Машэраў мог узысьці на якуюсьці з вышэйшых пасадаў у СССР. Найперш таму, што не хацеў сам:

“Я аналізаваў ягоны жыцьцёвы лёс. Ведаеце вы ці не, але яго бацька быў рэпрэсаваны. Тым ня менш, сам Машэраў быў вельмі самадастатковы чалавек. А для партыйнай намэнклятуры, камуністычнай, якая гаспадарыла ў Крамлі, патрэбен быў чалавек кіраваны. Таму апрыёры, па сваіх дзелавых якасьцях ён мог падыйсьці, але па характары, самаўсьведамленьні мог бы і сам не пагадзіцца.

Дый партнамэнклятура яго проста не прыняла б як свайго. Бо калі выбіралі Гарбачова, дык ён быў правераны, свой, праходзіў узгадненьні, усе прыступкі. Што да Машэрава, ён увесь час з гэтай абоймы выпадаў. Пачынаючы хоць бы з пратэстаў, калі на беларускай мяжы тармазілі розныя рэчы, якія прызначаліся для дачкі Брэжнева. Таму тут сытуацыя дваякая.
Партнамэнклятура яго проста не прыняла б як свайго

Але безумоўна, калі разглядаць яго эканамічную палітыку, то ён імкнуўся захоўваць для рэспублікі больш эканамічнага сувэрэнітэту. Чаму ў Беларусь імкнуліся ехаць адстаўнікі вайсковыя і г.д.? Таму што ён тут для свайго народа ствараў спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы”.

Шмат хто лічыць, што канчатковы разварот цяперашніх уладаў ад Машэрава ў Беларусі адбыўся ў 2005 годзе, калі да 60-годзьдзя перамогі Аляксандар Лукашэнка аддаў распараджэньне перайменаваць адзін з цэнтральных праспэктаў у Менску — з Машэрава на Пераможцаў. Тую навіну Натальля Машэрава параўноўвае з “пахаронкай” на бацьку:

“Так, гэта можна лічыць пачаткам канца. Пра Машэрава ўлады ўзгадваюць, калі крызыс, калі трэба ратавацца. Вось тады ўспамінаюць, што калісьці і дзесьці былі побач з Машэравым. Але сёньня яны мяне не цікавяць. Я зьезьдзіла да яго на могілкі і хачу быць сёньня тут, у бацькавай кватэры, са сваімі роднымі. Мы, напэўна, робім правільна, ці не ўпершыню я вырашыла адзначыць яго дзень нараджэньня толькі сярод блізкіх. Але ўзгадваюць, тэлефануюць. І на могілкі, ведаю, паехалі. І ўспаміны пішуць — учора “Рэспубліка” надрукавала. Людзі ў гэтыя дні на вуліцы спыняюць, размаўляюць. Таму жыцьцё працягваецца, і адчуваньня нейкай згубленасьці няма. І сёньня, у 90 гадоў, бацька ўдзельнічае ў жыцьці ўлады, грамадзянскай супольнасьці, у лёсах людзей. І ў гэтым я знаходжу для сябе аптымізм”.

Уладзімер, унук Пятра Машэрава, дзеда жывым не засьпеў. Аднак ён ганарыцца такім сваяцтвам і ў юбілей таксама ўзгадвае пра Машэрава:
І сёньня ён удзельнічае ў жыцьці ўлады, у лёсах людзей...

“Ведаю, канечне. На жаль, я яго ня бачыў, не застаў жывога. Таму ведаю толькі з фотаздымкаў, з успамінаў сваякоў, іншых людзей. На жаль, пакуль што я прывязаны да працы, не магу нікуды вырвацца, але абавязкова паедзем на могілкі, а ўвечары з жонкай паедзем да бацькоў...”

Варта нагадаць, што Натальля Машэрава ў нядаўнім мінулым актыўна займалася палітыкай, была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. У 2001-м балятавалася ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, аднак без тлумачэньня прычыны з выбараў зьнялася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG