Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Умовы выдачы шэнгенскіх візаў і магчымасьці зьніжэньня іх коштаў -- асноўныя тэмы сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі амбасадара Літвы Эдмінаса Багдонаса.


З выказваньняў дыплямата вынікае, што рашэньне гэтага пытаньня залежыць найперш ад Брусэля.

Літва напрыканцы мінулага году далучылася да Шэнгенскай прасторы. Амбасадар Багдонас адзначыў: за студзень па новых коштах у амбасадзе Літвы беларусы атрымалі 3000 візаў. Каля траціны зь іх выдадзеныя бясплатна.

Літоўскі дыплямат сказаў, што ягоная краіна прыкладае шмат намаганьняў, каб зьменшыць кошты візаў для беларусаў:

“Але магчымасьці зьмяненьня коштаў трэба шукаць празь непасрэдны дыялёг Менску і Брусэлю. На маю думку, ён не атрымаўся. Такі прамы дыялёг фактычна не ідзе. Калі ня будзе жаданьня, дык і дыялёгу ня будзе. А будуць толькі ўзаемныя абвінавачваньні.

Дыялёг — гэта адзіны выхад у разьвіцьці дачыненьняў, ён неабходны, трэба шукаць разуменьня. Калі Літва хацела ўвайсьці ў Эўразьвяз, дык мы літаральна не вылазілі з Брусэлю. Нам зачынялі адны дзьверы, мы ўваходзілі ў другія. Там нас не разумелі. Мы высьвятлялі, чаму не разумеюць”.

Амбасадар Багдонас падкрэсьліў, што дыялёг з Эўразьвязам трэба весьці ня толькі ў справе кошту візаў:
Калі Літва хацела ўвайсьці ў Эўразьвяз, дык мы літаральна не вылазілі з Брусэлю

“Візы — гэта толькі адна частка гэтага дыялёгу. Там жа агромністы спэктар пытаньняў. Гэта і транспарт, і энэргетыка, і чалавечыя дачыненьні і каштоўнасьці. Калі вас не разумеюць, дык трэба ж нешта рабіць, каб вас зразумелі. Мы гэта таксама праходзілі”.

Другой значнай тэмай прэсавай канфэрэнцыі сталі магчымыя інвэстыцыі літоўскага капіталу ў Беларусь. Спадар Багдонас патлумачыў, чаму магчымыя 2—3 мільярды эўра зь Літвы, “чыстыя і легальныя”, не ідуць у Беларусь:

“Вы пішаце, што ў вас добры інвэстыцыйны клімат, але інвэстыцыі ідуць цяжка. Вельмі вялікі бюракратычны шлягбаўм патрэбна пераадолець. Шмат праектаў дагэтуль ляжыць на сталах і ў шафах чыноўнікаў. А гэта праекты ў галінах будаўніцтва, паслуг, хімічнай прамысловасьці...”

У якасьці прыкладу спадар Багдонас згадаў праект пабудовы гандлёва-забаўляльнага цэнтру ля стадыёна “Трактар”. Праект існуе ўжо два гады. “Але ён дагэтуль ня зрушыўся зь месца”.

Пакуль жа не Літва ўкладае ў Беларусь, а Беларусь — у Літву. Праўда, ня грошы, а працоўныя рукі. Амбасадар Багдонас сказаў: літоўскае бюро працаўладкаваньня, якое існуе ў Менску, не ўпраўляецца апошнім часам афармляць дакумэнты для беларусаў. Асаблівым попытам у Літве карыстаюцца кіроўцы грузавых аўтамабіляў і будаўнікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG