Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас сустрэчы са студэнтамі БДУ Аляксандар Лукашэнка параўнаў прадпрымальнікаў са спэкулянтамі.


Паводле Лукашэнкі, прадпрымальнікам, маўляў, далі на пэўны час істотныя льготы, але некаторыя пачалі працаваць па шэрых схемах, увозіць у краіну тавары сумнеўнай якасьці. Таму й прыняты ўказ № 760, які дазваляе наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. “У іншым выпадку, — сказаў А.Лукашэнка, — прадпрымальнікі мусяць перарэгістравацца ў прыватныя унітарныя прадпрыемствы.”

Старшыня незарэгістраванага прафсаюзу прадпрымальнікаў “Разам” Ірына Яскевіч зь Віцебску сказала:
Калі ў нас нешта забіраюць, няхай нешта дадуць узамен

“Мы не спэкулянты, а мы людзі, якія застаюцца бяз працы. І вельмі просім, калі ў нас нешта забіраюць, няхай нешта дадуць узамен. Я думаю, што прэзыдэнта не зусім дакладна інфармуюць. Мы не пайшлі ні ў які шэры бізнэс. Калі нехта ў цэху, на заводзе нешта там скрадзе, то ўвесь жа цэх не зачыняюць. Асноўная маса людзей мае вельмі мала грошай, таму і не пераходзіць у “ЧУП”. Таму і ёсьць такі намер — усё ж паспрабаваць данесьці да прэзыдэнта, што лепш было б бліжэй разгледзець праблему прадпрымальнікаў. Мы проста хочам працаваць, у нас няма іншых сродкаў існаваньня”.

У некаторых гарадах прадстаўнікі мясцовых адміністрацый праводзяць сустрэчы з прадпрымальнікамі. Ірына Яскевіч пабывала на такой сустрэчы ў Віцебску:

“Учора нас запрашалі ў аблвыканкам, пыталіся, ці пойдзем мы 18-га і хто тут тыя “эмісары”. Мы нават папрасілі — раскажыце падрабязьней. Кіраўніцтва нашай вобласьці чамусьці вырашыла, што мы пойдзем 18-га. Таму, напэўна, ня трэба іх падводзіць”.

Выканаўца абавязкаў старшыні Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў заявіў, што ўдзельнікі акцыі пратэсту маюць намер паставіць на плошчы намёты. Ён сказаў, што А.Лукашэнка чарговы раз агучыў набор клішэ, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці:
Людзі рашуча настроеныя заставацца на плошчы, каб адбіць гэты ўказ

“Пра якія роўныя ўмовы можна казаць, калі проста вынішчаюць малы бізнэс? Ён казаў, што скрозь зубы чыноўнікам нельга размаўляць з прадпрымальнікамі. Хоць сам скрозь зубы размаўляе, бо не адчувае за прадпрымальнікамі сур’ёзнай масы. А маса прадпрымальнікаў вельмі сур’ёзная, толькі трэба згуртавацца. Тады, я думаю, ён ня будзе скрозь зубы гаварыць пра прадпрымальнікаў. Мы самі павінны яго прымусіць паважліва ставіцца да правоў грамадзянаў, у тым ліку і прадпрымальнікаў. Людзі рашуча настроеныя заставацца на плошчы, каб адбіць гэты ўказ”.

Паводле актывіста кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Крываля, А.Лукашэнка спрабаваў усіх пераканаць у тым, чаго насамрэч няма:

“Ён зрабіў усіх прадпрымальнікаў спэкулянтамі. Гэта прапіхваньне сваіх пажаданьняў, ачмурваньне людзей. Вельмі хутка пойдуць праверкі гэтых “ЧУПаў”. Засьпяваюць яшчэ ЧУПаўцы, засьпяваюць! І кінуцца да тых людзей, якія будуць адстойваць свае правы. Тут ня толькі ад улады залежыць, але і ад супольных дзеяньняў прадпрымальнікаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG