Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Карта паляка” ўведзена для людзей, для іх зручнасьці...”


Як вы ставіцеся да ўвядзеньня польскімі ўладамі “Карты паляка”? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.


Спадар: “Я толькі за тое, каб яе ўвялі. Хіба ад гэтага людзям будзе дрэнна? Калі чалавек паляк, дык добра, што будзе мець магчымасьць паехаць у Польшчу папрацаваць. Я -- толькі “за”.”

Спадар: “Нармальна да гэтага стаўлюся. Я лічу, што кожны чалавек можа знаходзіцца там, дзе яму хочацца, і каб у яго не было праблемаў. Бо ў нас – адны праблемы, прычым заўсёды”.

Дзяўчына: “Добра я да гэтага стаўлюся. Гэта дае нашым суайчыньнікам больш магчымасьцяў, каб сябе рэалізаваць у жыцьці”.

Спадар: “Калі мне трэба кагосьці наведаць са знаёмых ці блізкіх – гэта й так нікому не забараняецца. Я – супраць “Карты паляка”.

Спадарыня: “На маю думку, гэта вельмі добра й выгодна людзям. Калі чалавек пацьвердзіць сваё паходжаньне й атрымае карту, яму настолькі зручней будзе езьдзіць па Эўропе. Гэта ўсё зроблена для людзей, для іх зручнасьці”.

Спадар: “Божа, а чаму я павінен быць супраць, я толькі за гэта, каб яна была. Я сам паляк, але жыву ў Горадні. Вельмі добра стаўлюся да прыняцьця “Карты паляка”. І па-польску магу гаварыць”.

Карэспандэнт: “Ці будзеце вы дамагацца атрыманьня “Карты паляка”?

Спадар: “Буду абавязкова дамагацца, абавязкова, маю ж радню ў Польшчы”.

Спадарыня: “На мой погляд, вельмі разумна палякі зрабілі з увядзеньнем гэтай карты. Кожны ж чалавек хоча ведаць свае карані, культуру. І калі чалавек хоча наведаць сваю гістарычную радзіму, дык чаму ж яму не дазволіць гэтага зрабіць без перашкодаў?”

Спадар: “Калі гэта патрэбна некаму з тых самых палякаў, дык чаму б не. Я асабіста ня супраць гэтага”.

Дзяўчына: “Я лічу, што карта патрэбная. Гэта здыме для людзей цяжкасьці з атрыманьнем візы”.

Дзяўчына: “Вядома, што карта патрэбная, бо шмат людзей езьдзяць туды да родных, блізкіх. З картай будзе ўсё таньней і хутчэй”.

Спадарыня: “Маю сябра, мастака з Украіны. Яшчэ ў мінулым годзе мы гаварылі пра гэта і ён вельмі цешыўся, што дастане “Карту паляка”, бо яна дае яму магчымасьць езьдзіць ці не па ўсім сьвеце безь ніякіх візаў”.


КАРТА ПАЛЯКА

Карта паляка – гэта дакумэнт, які пацьвярджае прыналежнасьць да польскага народу. Уладальнік карты паляка мае правы, акрэсьленыя законам “Аб карце паляка”, прынятым сэймам Рэспублікі Польшча 7 верасьня 2007 году. Закон уступае ў сілу ў апошнія дні сакавіка 2008 году.

Асоба, якая мае карту паляка:
– можа бясплатна атрымліваць побытавую, доўгатэрміновую, шматразовую візу для перасячэньня мяжы Рэспублікі Польшча.
– можа легальна працаваць на тэрыторыі Рэспублікі Польшча без наяўнасьці дазволу на працу
– можа весьці ў Рэспубліцы Польшча эканамічную дзейнасьць на такіх самых умовах, як і польскія грамадзяне
– можа карыстацца ў Польшчы бясплатнай сыстэмай адукацыі на пачатковым, сярэднім і вышэйшым узроўні на такіх самых умовах, як і польскія грамадзяне, і, у той жа час, зьвяртацца з просьбай выдзеліць стыпэндыю і навуковую дапамогу, прызначаную іншаземцам, якія вучацца ў Польшчы ці атрымліваюць вышэйшую адукацыю – у неадкладных выпадках можа карыстацца ў Польшчы бясплатнай мэдыцынскай дапамогай на такіх самых умовах, як і польскія грамадзяне:
– можа карыстацца 37%-нымі льготамі падчас чыгуначных паездак на тэрыторыі Польшчы
– можа бясплатна наведваць дзяржаўныя музэі ў Польшчы
– можа ў першую чагу зьвяртацца па фінансавыя сродкі зь дзяржаўнага бюджэту Рэспублікі Польшча ці зь бюджэту гміннага самакіраваньня ў Польшчы, прызначанага на падтрымку палякаў за мяжой.

Атрыманьне карты паляка не азначае наданьня польскага грамадзянства, права на сталае жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Польшча ці права перасячэньня мяжы Рэспублікі Польшча без візы .


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG