Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 13 лютага 2008 году


Многіх нашых слухачоў зацікавілі нядаўнія падзеі на менскай вуліцы Карла Маркса. Нагадаю: гарадзкія ўлады маюць намер падчас рэканструкцыі цэнтральнай часткі сталіцы прымусова выселіць жыхароў некалькіх дамоў гэтай вуліцы на ўскраіну горада. Незадаволеныя жыхары, якім у выніку такога перасяленьня пагражаюць буйныя фінансавыя страты, тыдзень таму выйшлі на вуліцу з пратэстам.

На сытуацыю адгукнуўся наш слухач Валеры Грыцук зь Менску. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Кіраўніцтва Менску хоча зрабіць цэнтар гораду больш сучасным і прыбытковым. Гэта — нармальна.

А ў вялікіх кватэрах на гэтай вуліцы жывуць пераважна старыя людзі і вельмі часта — адзінокія.

Дзяржава ўсюды мае права (пры належнай кампэнсацыі) на перасяленьне з прапановай такой жа жылой плошчы. Дык чаму ўзьнікла гэтая праблема?

Адметна, што раней гэтым жыхарам дэпутаты гарсавета не былі патрэбныя, гэтыя жыхары не пратэставалі, калі скасавалі раённыя Саветы дэпутатаў. Яны не цікавіліся палітыкай — вось яна сама і прыйшла ў іх дом. Яны думалі, што дыктатарская ўлада іх абміне.

Гэтыя старыя “бедныя” людзі даўно маглі прадаць свае кватэры і купіць меншыя, у іншым месцы, — піша Валеры Грыцук зь Менску. — А тыя зь іх, што купілі кватэры на Карла Маркса “за 200 000 даляраў”, таксама хай не крыўдуюць — ім прапануюць кватэры такой самай плошчы. А грошы іхныя ўсё адно несумленна здабытыя.

Дзяржава і ў іншых краінах, нават дэмакратычных, можа прымусіць прадаць дом. Таму што жыцьцё не стаіць на месцы. Трэба будаваць новыя дарогі, узводзіць новыя будынкі. Усе ведаюць, што ў цэнтры кожнай сталіцы зямля дарагая, і найперш яна патрэбна для бізнэс-офісаў альбо для “актыўнага адпачынку”.

Але галоўнае, што праекты рэканструкцыі ў дэмакратычных краінах абмяркоўваюцца і дэпутатамі, і насельніцтвам загадзя, бо там —дэмакратыя”,

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Валеры Грыцук зь Менску.

У сваіх рэпартажах Радыё Свабода неаднаразова зьвярталася да тэмы пратэстаў жыхароў менскай вуліцы Карла Маркса і падрабязна распавядала пра сутнасьць канфлікту. Справа ня ў тым, спадар Грыцук, што людзі ня хочуць зразумець патрэбаў горада і катэгарычна адмаўляюцца высяляцца са сваіх дамоў. Ці заплаціць дзяржава за адабраныя кватэры ў адпаведнасьці зь іхным рынкавым коштам? Ці прапануе яна ўласьнікам у выглядзе кампэнсацыі раўнацэннае жыльлё ў цэнтры гораду? Вось зусім лягічныя пытаньні, якія трывожаць людзей. І трывожаць небеспадстаўна. Бо ўсе ведаюць пра звычайную для Беларусі завядзёнку: адбіраючы ў чалавека кватэру альбо дом у цэнтры горада, чыноўнікі ўзамен ультыматыўна прапануюць новабудоўлю на ўскраіне безь ніякіх кампэнсацыяў.

Наш слухач Фёдар Лапцеў з латвійскага горада Якабпілса працягвае размову, пачатую ў папярэдніх перадачах іншымі нашымі слухачамі — наконт кампэнсацыяў падманутым укладчыкам савецкага Ашчаднага банку.Цікавасьць да гэтай тэмы ў Беларусі ды іншых былых савецкіх рэспубліках аднавілася пасьля нядаўніх навінаў з Кіева пра тое, што ўкраінскі ўрад распачаў выплату такіх кампэнсацыяў сваім грамадзянам. У этнічнага беларуса Фёдара Лапцева — уласная гісторыя ўзаемадачыненьняў з Ашчадным банкам і беларускімі чыноўнікамі. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“У Латвіі я — з 59 году, але заўсёды марыў вярнуцца ў родную Беларусь. Таму ў свой час і паклаў 4000 савецкіх рублёў на ашчадную кніжку ў пасёлку Парычы на Гомельшчыне.

Цяпер мне 78 год, я інвалід. Маю патрэбу ў чарговай апэрацыі. Мэдыцына ў нас вельмі дарагая. Вось я і пачаў зьвяртацца ў розныя высокія органы беларускай улады, каб вярнулі мае грошы. Накіраваў за няпоўныя тры гады 19 розных пісьмовых зваротаў, у тым ліку 8 — на імя прэзыдэнта Лукашэнкі. І ўсё бескарысна. Адказ адзін: “Няма сродкаў!” Як жа так? Украіна значна бяднейшая, чым Беларусь, а там людзям грошы вяртаюць. Я тройчы прасіў, каб мне далі магчымасьць сустрэцца з прэзыдэнтам Лукашэнкам. І тройчы мне адмаўлялі”, — піша Фёдар Лапцеў з латвійскага Якабпілса. —

“Я думаю, што беларуская ўлада сьвядома чакае, пакуль мы ўсе паўміраем. Вось як на прыкладзе нашай сям’і... Малодшы брат памёр у 2006 годзе. Усё жыцьцё працаваў у калгасе. Якая капейка была на ашчаднай кніжцы — усё прапала. Сястра, якой 82 гады, таксама ўсё жыцьцё была калгасьніцай, мела тысячу рублёў. Таксама, відаць, не дачакаецца сваіх грошай. Што гэта, калі не бесчалавечнасьць з боку кіраўніцтва Беларусі?” —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Фёдар Лапцеў з горада Якабпілса, з Латвіі.

Ня толькі ў вас, спадар Лапцеў — у соцень тысяч беларускіх грамадзянаў узьнікаюць такія ж пытаньні да ўлады. У краіне на працягу апошніх гадоў, як сьцьвярджае кіраўніцтва, нечуваны эканамічны рост — больш як 10 працэнтаў штогод. Куды ж падзеліся прыбыткі? Чаму знаходзяцца грошы на шматлікія лядовыя палацы, футбольныя манежы, дарагія гатэлі і бізнэс-цэнтры — і няма грошай на тое, каб выканаць абавязак дзяржавы перад падманутымі грамадзянамі, якія чакалі больш як пятнаццаць год і многія зь якіх чакаць болей проста ня могуць?

Праблемы моўнай дыскрымінацыі, выцісканьня беларускай мовы з грамадзкага ўжытку турбуюць нашага слухача Віктара Ерамеевіча зь Менску. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“З моўнымі праблемамі сутыкаліся многія народы сьвету. Аднак, напрыклад, баўгары, нягледзячы на многія стагодзьдзі асыміляцыі пад прыгнётам Асманскай імпэрыі, здолелі захаваць сваю культуру і мову. Нават цыганы, ня маючы ўласнай краіны, вандруючы па сьвеце, ня страцілі мовы. Чаму ж мы, беларусы, ператварыліся ў “тутэйшых”, “трасяншчыкаў”?

Трэба дапамагчы роднаму слову заняць у нашым грамадзтве дамінуючы статус. Добра было б наладзіць на Радыё Свабода гутаркі з прадстаўнікамі амбасадаў краін СНД, балтыйскіх дзяржаваў, якія б распавялі пра свой досьвед моўнага адраджэньня, зрабілі адпаведныя параўнаньні з моўнай сытуацыяй у Беларусі”, — піша Віктар Ерамеевіч зь Менску. — “Варта таксама праводзіць сустрэчы па гэтай тэме зь беларускімі навукоўцамі, пісьменьнікамі, рупліўцамі роднага слова.

Мяркую, адзін з галоўных русыфікатараў на Беларусі — Руская праваслаўная царква. Дзякуючы падтрымцы з боку рэжыму, магчымасьці яе значна ўзрасьлі. Культавыя будынкі растуць паўсюль, як грыбы. Памяркоўны люд моліцца за сьвятую Русь на “едином и могучем”. Неабходна супрацьстаяць гэтай навале, трансьляваць беларускамоўныя набажэнствы, даваць магчымасьць выступаць на радыё сьвятарам на беларускай мове”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Ерамеевіч зь Менску.

Дзякуй вам, спадар Ерамеевіч, за прапановы. Да моўнай праблемы мы зьвяртаемся ў сваіх праграмах досыць часта. Гісторыкі, мовазнаўцы, пісьменьнікі, палітыкі выказваюцца на гэтую тэму ў многіх перадачах — асабліва калі на тое зьяўляюцца апэратыўныя падставы.

Наўрад ці слушныя вашы агульныя папрокі на адрас праваслаўных вернікаў, якія, як вы пішаце, “моляцца за сьвятую Русь на “великом и могучем”. Чаму вы не дапускаеце, што тысячы і тысячы беларускіх праваслаўных моляцца за сваю радзіму — Беларусь, за свае сем’і і сваіх блізкіх? Дый малітвы пры гэтым прамаўляюць не па-расейску, а па-царкоўнаславянску. Хоць, вядома, названыя вамі праблемы існуюць — гэта датычыць і мовы набажэнстваў, і статусу праваслаўнай царквы ў Беларусі.

На заканчэньне — новы ліст ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёна. Слухач распавядае пра свае сёньняшнія пэнсіянэрскія трывогі і клопаты, якімі жывуць і многія іншыя вясковыя жыхары. Павал Сац піша:

“Пайшоў я нядаўна ў свой былы калгас (а цяпер каапэратыў) “Ляхаўцы” — спраўдзіць, колькі гадкоў мной адпрацавана ў гаспадарцы. А там у працоўнай кнізе адзначана, што мяне выключылі з калгаса яшчэ 1 студзеня 2005 году — у сувязі з тым, што нібыта ня выпрацаваў мінімуму і парушаў статут калгаса. А мне пра гэта ніхто нават не паведаміў, і даказаць цяпер нешта ўжо не змагу...

Але майго імкненьня да справядлівасьці гэта ня спыніць. Змагаўся і буду змагацца за свабоду, і казаць праўду буду ўсім у вочы”, — піша Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. — “Жыцьцё цяпер нялёгкае і становіцца ўсё больш складаным. Думаю, падчас наступных прэзыдэнцкіх выбараў пэнсіянэры ды інваліды Лукашэнку больш не падтрымаюць, няхай не разьлічвае.

Многія самастойна зарабляць грошы ўжо ня ў стане. Льготы адабралі. З атрыманай пэнсіі засталося 80 тысяч. Вось і выбірай: ці абутак купіць, ці зубы на паліцу.Ня купіш цёплыя боты — давядзецца хадзіць зімой у гуме. Добра, што хоць цяперашняя зіма — для бедных, цёплая. А так — ляжы на печы і нікуды носу не высоўвай. На паходы да доктара ўжо няма грошай. Добра, што ўлетку здароўе дазволіла крыху зарабіць. Ды яшчэ ня п’ю я і не палю — дык і тут эканомія”, —

напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Нялёгкая гэта справа — змагацца за справядлівасьць і казаць праўду ў вочы. Асабліва ў маленькай вёсцы, дзе чалавек адчувае сябе цалкам залежным ад калгаснага ды сельсавецкага начальства. Вытрымкі вам і цярпеньня, спадар Сац. І добрага здароўя, каб і на наступнае лета была магчымасьць крыху зарабіць і меней залежаць і ад мізэрнай пэнсіі, і ад калгасных начальнікаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG