Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Надта ж танна каштуе цяпер гонар”


Вось якія згадкі пра мінулае адшукаліся ў газэтных архівах сярод публікацыяў ад 13 лютага розных гадоў.


На старонках “ЛіМу” на гэтым тыдні 1938 году Зьмітрок Бядуля пад загалоўкам “Аб нашых недахопах” піша: “Умелі замаскаваныя пад пісьменнікаў ворагі народа адурманьваць, асляпляць крытыкаў. А як толькі ворагі народа былі выкрыты адпаведнымі органамі, тады і крытыкі расплюшчылі вочы: бяздарныя, нудныя, нікудышныя пісьменнікі, закрычалі яны. А ўсяго на месяц раней такія пісьменнікі былі “геніяльнымі”.

“Вячэрні Мінск” у 1978 годзе друкуе ўказ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР аб прысваеньні першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Машэраву званьня Героя Сацыялістычнай Працы. Ніжэй — указ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР: “За вялікія заслугі перад Камуністычнай партыяй Беларусі, велізарны ўклад у развіццё народнай гаспадаркі і культуры рэспублікі і ў сувязі з шасцідзесяцігоддзем з дня нараджэння ўзнагародзіць першага сакратара Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі тав. Машэрава Пятра Міронавіча Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР”.

* На старонках “Народнай волі” ў 1998 годзе Людміла Масьлюкова піша пра суд над Ірынай Халіп: “Адміністрацыйнае парушэньне судзьдзя Анатоль Барысёнак цягам 14 хвілін ацаніў у 200 тысяч рублёў кары... У маральным жа сэнсе 200 тысяч “зайчыкаў” — красная цана гонару супрацоўніка пракуратуры, мужчыны і грамадзяніна Валянціна Магарыла. Надта ж танна каштуе цяпер гонар. Інакш і быць ня можа, калі такія, з дазволу сказаць, мужчыны замест таго, каб абараніць жанчыну ад дубінак, становяцца на бок тых, хто б’е”.

XS
SM
MD
LG