Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Гарэцкі: “Аб’ектыўнасьці бракуе і недзяржаўным інтэрнэт-сродкам”


Грамадзкі рэдактар тыдня – моладзевы актывіст Барыс Гарэцкі працуе на Радыё Рацыя. Як ён ацэньвае стан сёньняшніх беларускіх мэдыяў?


Уліцёнак: “Ваш радыёрэйтынг Эф-эм-эфіру: каму аддаяце перавагу?”

Гарэцкі: “Аўтарадыё”. Адзіная радыёстанцыя, празь якую можна пачуць беларускія сьпевы, тыя гурты, якія ня так даўно былі яшчэ забароненыя”.

Уліцёнак: “Ну а навіны сацыяльна-эканамічныя, палітычныя?”

Гарэцкі: “У большасьці сваёй гэтыя паведамленьні – інфармацыя БелТА й Інтэрфаксу. На белапанаўскую накладаецца негалосная забарона”.

Уліцёнак: “Ну а вашыя сымпатыі-антыпатыі сярод тых радыёстанцый, якія БелТА атэстуе “падрыўнымі”?

Гарэцкі: “Ня варта вешаць ярлыкі – “падрыўная” там ці “апазыцыйная”: я на 100 працэнтаў упэўнены, што праз эфір Радыё Свабода ці Радыё Рацыя можна пачуць значна больш праўдзівай інфармацыі, чым праз паведамленьні той жа БелТа.

На жаль, цяпер беларускія незалежныя СМІ ў прынцыпе маюць магчымасьць разьвівацца толькі ў інтэрнэце. Ну, можа быць, гэта й недарма: па падліках экспэртаў, Беларусь у гэтым сэктары даволі разьвітая краіна.

“Беларускі партызан” ці тая ж самая “Хартыя-97” падаюць інфармацыю са сваіх пэўных пазыцый. Ісьціну трэба шукаць паміж паведамленьнямі вось гэтых, скажам, двух крыніцаў, а яшчэ БелТА й БелаПАНу…”

Уліцёнак: “Атрымліваецца, якасьці, аб’ектыўнасьці навінаў бракуе і недзяржаўным інтэрнэт-сродкам?”

Гарэцкі: “Шчыра кажучы – так. Бо калі разглядаць уважліва той самы “Партызан”, то часам можна ўбачыць там і пэўную колькасьць выразных прапагандысцкіх сюжэтаў”.

Уліцёнак: “І ўсё ж: інтэрнэт-рэйтынг для вас? Куды вы найперш заходзіце, каб уведаць нейкую навіну?”

Гарэцкі: “Хіба што цікаўлюся паведамленьнямі БелаПАНу, Радыё Свабода, “Нашай Нівы” – гэта адны з самых аб’ектыўных і апэратыўных крыніцаў у Інтэрнэце”.

Уліцёнак: “Вашае стаўленьне да дзяржаўнай прэсы?”

Гарэцкі: “Звышнатуральнага ад іх чакаць не прыходзіцца. Адзінае, што часам пад уплывам нейкіх староньніх сілаў нават на старонках гэтых выданьняў зьяўляюцца даволі правакацыйныя матэрыялы – каб паказаць нібыта прысутнасьць, эфэкт дэмакратыі на сваіх старонках”.

XS
SM
MD
LG