Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 12 лютага


Агляд беларускага сеціва.


Сёньня Аляксандар Лукашэнка прамаўляў на адкрыцьці новага корпусу факультэту журналістыкі БДУ. Ён заявіў, што Беларусь імкнецца да супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі, “і ў першую чаргу з такімі гігантамі, як Расея, Кітай, краіны Азіі, Лацінскай Амэрыкі, Афрыкі”.

На форумах парталу tut.by ягоныя выказваньні камэнтуюць наступным чынам. ly-net: “Іран ня сёньня дык заўтра разбамбяць, Уга прылюдна лісты кокі жуе, даказваючы бясьпечнасьць гэтай травы, у Кітаі людзі за капейкі натоўпамі мруць на вытворчасьці. Добрыя сябры”.

Rosenberg: “Найбольш павесяліла, што ўсё гэта прагучала ў новым будынку журфаку. Журналістам трэба прамыць мазгі, пакуль яны самі не вывучыліся і не разглядзелі, што да чаго. Прайшлі тыя старыя добрыя часіны, калі выкладчыкі эканомікі і палітычнай журналістыкі маглі сьмела і адкрыта маляваць рэальную сытуацыю ў Беларусі перад аўдыторыяй. Потым і журналістыку такую атрымаем”.

LPA777: “Ну і зь якога перапуду ўвесь форум схамянуўся, га? Ды мне пляваць, хто, калі і што завярнуў. Трэба АЭС маёй рэспубліцы — будзе АЭС! Уга забаўляецца кокай? Але ж адкрыта прапануе эканамічную дапамогу (адрозна ад "Газпраму", між іншым)? Усё, мяне не хвалюе кока. Лунэт, ты не раўняй адыёзныя заходнія шаўкі з сапраўды зацікаўленымі ў супрацоўніцтве заходнімі бізнэс-структурамі...”

mister__x: “Самае ганебнае, што ніхто са студэнтаў не падняўся і дэманстратыўна не пакінуў залю. Усе моўчкі слухалі гэтае трызьненьне. Ганьба не Лукашэнку, ганьба маладому пакаленьню”.

nightkingdom у суполцы minsk_by паскардзіўся на тое, што ў пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка за пропуск лекцыі ці сэмінару цяпер трэба плаціць штраф у памеры 7 тысячаў рублёў. “Наколькі гэта правамоцна? “ — пытаецца блогер.

head_of_babulka цікавіцца: “Вы туды прагульваць паступалі?”

eleon: “Пачытайце дамову аб аказаньні адукацыйных паслуг. Калі ў дамове і ў дакумэнтах, на якія яна спасылаецца (статут унівэрсытэту і г.д.) гэтага няма, значыць неправамоцна. Калі ёсьць — вы самі пагадзіліся з гэтым, падпісваючы дамову”.

Блогер liashkou_a ў ЖЖ-суполцы by_politics распавёў пра гутарку трох кабетаў сталага ўзросту. “Яны ўзгадваюць скасаваньне ільготаў, падвышэньне коштаў, вяртаньне Цімашэнкай ва Ўкраіне банкаўскіх ашчаджэньняў. Потым адна зь іх падводзіць выснову: "А Лукашэнка наш саўсім іспорціўся. Усё паадбіраў. Болей за яго ніколі не прагаласую. Мяне ён ўжо не падмане". Ейныя суразмоўніцы яе падтрымалі”.

Камэнтары. trauch: “У жанры навукова-палітычная фантастыка”.

fishka_by: “Такія гутаркі на кожным кроку, але я больш чым упэўненая, што перад наступнымі выбарамі Лукашэнка падкіне ім костку, я пабягуць як міленькія галасаваць”.

dunaj: “Вы ёй, канечне, патлумачылі, што за каго яна там прагаласуе, ніякага значэньня даўно ня мае?”

У суполцы ЖЖ раіць ад 12 да 19 лютага можна паглядзець новы антыглябалісцкі кліп гурту “Ляпис Трубецкой” "Залатая антылопа".
XS
SM
MD
LG