Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сапоцкіне ня ўсе чулі пра “Карту паляка”


Тым часам як у Менску, Горадні, Варшаве абмяркоўваюць прыняцьце польскім Сэймам карты паляка, у мястэчку Сапоцкіна, блізу беларуска-польска-літоўскай мяжы, шмат хто пра гэта наагул нічога ня чуў.


Я ў мястэчку Сапоцкіна, за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і Літвой. Мясцовае насельніцтва тут пераважна польскай нацыянальнасьці. Стаю ў самым цэнтры побач зь сельсаветам, крамамі і помнікам Леніну.

Падыходзіць грамадка мужчын. Зьвяртаюся да іх з пытаньнем — ці ведаюць яны пра “Карту паляка”?

Спадар: “Першы раз чую пра гэта, першы раз”.

Карэспандэнт: “А ў Сапоцкіне ўвесь час жывяце?”

Спадар: “Увесь час, і нарадзіўся тут”.

Карэспандэнт: “А ці чулі вы што-небудзь пра “Карту паляка?”

Другі спадар: “Ды не, нам ніхто нічога ня кажа пра гэта”.

Падыходжу да жанчын, які выйшлі з крамы і нешта зацікаўлена абмяркоўваюць. Вітаюся й задаю тое самае пытаньне.

Спадарыня: “Пакуль нічога ня ведаю, праўда, людзі нешта казалі, але я сама нічога канкрэтнага ня ведаю”.

Карэспандэнт: “Можа, вы нешта чыталі?”

Другая спадарыня: “Нічога не чытала”.

Карэспандэнт: “Магчыма, хто-небудзь прыяжджаў з гораду ды распавядаў?”

Другая спадарыня: “Нічога ня ведаю”.

Спадарыня: “Як я разумею, калі атрымаю карту паляка, то змагу працаваць у Польшчы, вучыць сваіх дзяцей там, ну й візу дармовую атрымаю. Так я сабе гэта ўяўляю”.

Сакратар сельсавета Алена Падскрыпкіна, кажа, што ўжо сёй-той зьвяртаўся да іх па даведкі, каб пацьвердзіць сваё польскае паходжаньне.

Падскрыпкіна: “Нядаўна сутыкнулася з гэтым. Днямі да мяне прыходзіла жанчына. Яе мама нарадзілася ў нашай вёсцы ў 1934 годзе, прасіла даведку з гаспадарчай кнігі пра яе нацыянальнасьць. Гэта хоць і архіўная праца, але я знайшла патрэбныя дадзеныя”.

Спадарыня Алена кажа, што наагул людзей пакуль да іх зьвяртаецца няшмат, але пра “Карту паляка” яны ўжо чулі.



У мясцовым касьцёле пан Чэслаў, які дапамагае ксяндзу, распавядаў, што людзі пакуль рэдка зьвяртаюцца па дакумэнты, якія б пацьвярджалі іх польскае паходжаньне.

Маладая прадаўшчыца, Алена, кажа, што яна з паходжаньня полька, але пра “Карту паляка” пакуль ня чула. Тым ня менш, была б ня супраць яе атрымаць.

Алена: “Ну чаму б не атрымаць. Цяпер візы дарагія — 60 эўра. А так нават паехаць ды й адпачыць. Добра было б”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG