Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Па-беларуску ў судзе, войску ды выканкаме не паразмаўляеш”


Наколькі шырока беларуская мова мае быць прадстаўленая ў афіцыйнай ды іншых сфэрах грамадзкага жыцьця? Апытаньне ў Віцебску.


Карэспандэнтка: “Як вы лічыце, наколькі шырока беларуская мова мае быць прадстаўленая ў афіцыйнай ды іншых сфэрах грамадзкага жыцьця?”

Спадар: “Беларуская мова — гэта родная мова. Таму яна павінна быць прадстаўлена шырэй, чым цяпер. З кім-небудзь па-беларуску ў нас паразмаўляць можна, але калі ты прыйдзеш у суд — не паразмаўляеш. У райвыканкаме, міліцыі і ў войску па-беларуску не паразмаўляеш... Таму, калі бываю ва Ўкраіне, то зайздрошчу ўкраінцам — там па-ўкраінску размаўляюць усе, ад простага селяніна да прэзыдэнта і прэм’ер-міністра”.

Спадарыня: “Ай, мы ўсе ўжо прызвычаіліся размаўляць на расейскай мове. Таму ня так ужо й важна, каб беларускую мову ўвялі ў сфэры грамадзкага транспарту, гандлю, у крамах, рэстарацыях. Калі ж да мяне ў краме ці грамадзкай установе зьвернуцца па-беларуску, то я адкажу. З памылкамі, ды здолею. Але тое, што мы павінны ведаць сваю гісторыю і сваю мову — гэта так!”

Хлопец: “Чаму я не размаўляю па-беларуску? Таму што ў Віцебску склалася нейкая асаблівая субкультура, тут практычна не сустрэнеш ніводнага чалавека, які размаўляе па-беларуску. Але чыноўнікі ў структурах дзяржаўнае ўлады мусяць размаўляць па-беларуску! А яны — не, я ня чуў”.

Дзяўчына: “Я лічу, што, напэўна, нашы дзяржаўныя палітыкі павінны размаўляць на беларускай мове. Мы ж у Беларусі жывем, і хоць нам расейская мова таксама блізкая, усё адно. У нас жа Беларусь, а не Расея. А інакш мы ўсе станем расейцамі, і ў нас зусім ня будзе беларускай мовы”.

Спадар: “Беларуская мова — гэта мова нацыі. Ёсьць мова — ёсьць нацыя, ёсьць народ, а як не — дык і няма. Калі вы ня чуеце дзяржаўнай беларускай мовы ў афіцыйных структурах, арганізацыях, то ўзьнікае пытаньне: дык ці ёсьць нацыя?”

Дзяўчына: “Я мяркую, што і расейская, і беларуская мова — абедзьве нашыя мовы. Так што ўсё паводле жаданьня чалавека: якая бліжэй яму да сэрца, на той ён няхай і гаворыць”.

Спадар: “Я думаю, што беларуская мова мае ўжывацца ва ўсіх сфэрах афіцыйнага жыцьця: і ў судох, і ў райвыканкамах. Бо на афіцыйных пасадах павінны працаваць людзі, якія валодаюць беларускай мовай. Мне падаецца, што толькі такім чынам просты народ пачне размаўляць, ці хаця б спрабаваць размаўляць па-беларуску”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG