Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: 6 чальцоў “Аль-Каіды” пойдуць пад трыбунал


У ЗША шэсьць падазраваных ва ўдзеле ў падрыхтоўцы тэрактаў 11 верасьня 2001 году афіцыйна абвінавачаныя ў забойстве.


Сярод абвінавачаных – Халід Шэйх Мухамад, якога лічаць кіраўніком змовы.

Cудзіць іх будзе вайсковы трыбунал. Калі ён прызнае падсудных вінаватымі, вайсковая пракуратура будзе прасіць сьмяротнага пакараньня.

У выніку нападу на Ўсясьветны гандлёвы цэнтар у Нью-Ёрку і Пэнтагон у Вашынгтоне 11 верасьня 2001 году загінулі амаль тры тысячы чалавек.

На прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнік міністэрства абароны ЗША брыгадны генэрал Томас Гартман паведаміў вынікі сьледзтва. “Аль-Кайда” распрацавала доўгатэрміновы плян нападу на ЗША. Халід Шэйх Мухамад быў сакрэтным кіраўніком змовы, і менавіта ён прапанаваў свой плян Усаму бін Лядэну яшчэ ў 1996 годзе. Ён жа займаўся арганізацыяй тэракту, сачыў за падрыхтоўкай удзельнікаў апэрацыі ў Аўганістане і Пакістане.

Сярод іншых абвінавачаных – ягоны пляменьнік Алі Абдэль Азіз Алі, які лічыўся намесьнікам кіраўніка апэрацыі. Абвінавачаньні таксама выстаўленыя памочніку Шэйха Мухамада – Мустафу Ахмэду Хаўсаві, Рамзі Бінальшыбху, які нібыта забясьпечваў сувязь паміж выкрадальнікамі самалётаў і кіраўніцтвам “Аль-Каіды”, Валіду бін Аташу, які, паводле абвінавачаньня, падбіраў і навучаў выкрадальнікаў самалётаў, і Мухамаду Кахтані, які першапачаткова плянаваўся быць на борце самалёта ў часе самагубчага тэракту. Усе яны нарадзіліся або вырасьлі ў Емэне, Савудаўскай Арабіі ці краінах Пэрсыдзкай затокі.

“Міжнародная амністыя”: частка паказаньняў магла быць атрыманая ў выніку катаваньняў

Гартман заверыў, што працэс будзе адбывацца паводле законаў, якія звычайна выкарыстоўваюцца ў часе трыбуналаў над жаўнерамі. Аднак праваабаронцы цьвердзяць, што вайсковыя суды залежныя, што яны, сярод іншага, не забясьпечваюць тых самых правоў на абарону, як грамадзянскія суды. Прыкладам, адвакаты прызначаюцца з той жа катэгорыі вайсковых юрыстаў.

Таксама праваабаронцы нагадваюць, што частка сьведчаньняў і прызнаньняў абвінавачаных была атрыманая пад прымусам і катаваньнямі. Так, на допытах Халіда Шэйха Мухамада выкарыстоўваўся мэтад уяўнага патапленьня, які лічыцца катаваньнем. Пасьля такіх допытаў ён прызнаў сябе вінаватым і ў арганізацыі нападаў на ЗША 11 верасьня, і ў шэрагу ранейшых тэрарыстычных дзеяньняў па ўсім сьвеце. У гэтым зьвязку прадстаўнік арганізацыі “Міжнародная амністыя” Робэрт Фрыер заявіў:

“Вялікай праблемай для нас зьяўляецца тое, што частка паказаньняў, якія прадстаўляюцца на працэсах падобнага кшталту, магла быць атрыманая ў выніку катаваньняў ці жорсткага абыходжаньня. А гэта – зусім недапушчальнае парушэньне міжнароднага права”.

Экспэрты мяркуюць, што трыбунал над шасьцю зьняволенымі можа прысудзіць ім сьмяротнае пакараньне, і ўжо распачаліся спрэчкі пра правамоцнасьць такога рашэньня.

Брыгадны генэрал Томас Гартман на прэсавай канфэрэнцыі пацьвердзіў магчымасьць такога выраку:

“Калі старшыня вайсковага трыбуналу, судзьдзя Сьюзан Кроўфард вырашыць, што гэтыя дзеяньні караюцца сьмерцю, падсудныя могуць быць асуджаныя да сьмяротнага пакараньня”.

Аднак, у 2006 годзе яшчэ адзін змоўшчык Мусаўі Закарыяс быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня за ягоную ролю ў тэрактах 11 верасьня.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG