Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паслухаеш дзяржаўнае радыё – дык у нас не жыцьцё, а рай!”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз.


Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Слухачы працягваюць сачыць за лёсам грамадзкага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнкі, які адмовіўся прымаць вайсковую прысягу:

Іван Карпавіч, Менск: “Я хачу сказаць пра гомельскага студэнта Зьмітра. Ён прысягу не прыняў. Тут кажуць, што яму там нібыта прапаноўваюць быць кінамэханікам. Ён наагул не павінен ніякія вайсковыя абавязкі выконваць. Таму што за два дні Статут ніхто ня вывучыць... Але салдат павінен праходзіць курс маладога байца, а потым прысягу прымаць. Слушна, што ён не прыняў. Па-другое, ёсьць пастанова суду, яна вышэйшая за нейкага Мальцава ці не? Ці Мальцаў — закон?!”

Судзьдзя Юрый Жораў сваёй пастановай прыпыніў выкананьне рашэньня Гомельскай гарадзкой прызыўной камісіі наконт прызыву ў чыгуначныя войскі студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнку, паўторна адлічанага з унівэрсытэту імя Ф.Скарыны.

Аднак падпалкоўнік Войшаль заявіў, што ня можа адпусьціць Жалезьнічэнку. Маўляў, трэба, каб сваё рашэньне скасавала прызыўная камісія. Але камісія ўжо распушчана, прызыў скончыўся. І атрымліваецца, што пастанову суду няма каму выконваць.

На пытаньне, хто можа вызваліць Зьмітра Жалезьнічэнку з войска, адказвае юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Гары Паганяйла.

Паганяйла: “Міністар абароны Мальцаў як афіцыйная асоба павінен падпарадкавацца рашэньню суду і аддаць загад пра вызваленьне Жалезьнічэнкі ад тэрміновай службы. Вайсковы камісар павінен прыняць такое рашэньне. Да гэтага яго можа прымусіць і міжгарнізонны пракурор, можа прымусіць і пракурор Гомельскай вобласьці, можа прымусіць зрабіць гэта і суд, які прыняў рашэньне і абавязаны дамагацца ягонага выкананьня”.

11 лютага госьцем Начной Свабоды быў сябра Рады не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Андрэй Пачобут. Размова ішла пра ўвядзеньне Польшчай “Карты паляка” і пра нэгатыўную рэакцыю на гэта афіцыйнага Менску.

Мы атрымалі СМС-паведамленьне ад Уладзімера з Горадні: “Палякаў у Беларусі няма, апошнія зьехалі напрыканцы 50-х. Лічу зьневажальным для чалавека даводзіць сваю польскасьць, каб атрымаць “Карту паляка”.

Аўтару СМС-кі адказвае Андрэй Пачобут:

“Вельмі дзіўнае сьцьвярджэньне, што палякаў няма. Мы ёсьць. Ня ўсе палякі зьехалі. Прыкладам, мае продкі ня зьехалі ў Польшчу, а засталіся ў Беларусі. Што тычыцца зьневажальнага: што тут зьневажальнага? Калі ня хочаш атрымліваць карту, ніхто цябе не прымушае. Для мяне асабіста нічога зьневажальнага ня будзе, калі я пакажу пасьведчаньне пра народзіны, дзе напісана “паляк”.

Завершым праграму такім тэлефанаваньнем:

Пётр Сьцяпанавіч, слухач-вэтэран: “Часам днём слухаю дзяржаўнае радыё. Жыхар сельскай мясцовасьці расказвае, як ім добра жывецца пры цяперашняй уладзе. Старшыня райвыканкама ахвотна распавядае, як яны дасягнулі такіх посьпехаў. Атрымліваецца: не жыцьцё, а рай! А 18 гадзіне вечара ўключаю сваё радыё, Радыё Свабода, і слухаю да позьняга вечара. Журналісты Зьміцер Бартосік і Віталь Сямашка вандруюць па раённых цэнтрах і па вёсках Беларусі і распавядаюць праўдзівую інфармацыю пра жыцьцё людзей у сельскай мясцовасьці. Разгаварыць і дабіцца адкрытасьці ад запужанага мясцовай уладай вяскоўца ня проста, тут патрэбен асаблівы талент ня толькі журналіста, але яшчэ і псыхоляга...

У мяне ёсьць вялікая просьба да Зьмітра Бартосіка. Паважаны Зьміцер, знайдзіце, калі ласка, час і наведайце горад Беразіно, які знаходзіцца на 103-м кілямэтры па трасе Менск-Магілёў. Гэта самы праблемны горад у Менскай вобласьці па беспрацоўі. Спыніцеся, калі ласка, на 96 кілямэтры ў вёсцы Паплавы. Спытайцеся пра калгасную лазьню, якая развалена ўжо 13 гадоў, пра калгасную фэрму, пагаварыце зь людзьмі. Я і мае аднавяскоўцы будзем вам вельмі ўдзячныя. Можа, пасьля вашага візыту гэтыя праблемы зрушацца зь месца”.

XS
SM
MD
LG