Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Барыс Гарэцкі.


Як і большасьць лідэраў-маладафронтаўцаў, Барыс зьяўляецца вернікам пратэстанцкай царквы. Барыс лічыць, што з падачы ідэалягічнай вэртыкалі пра вернікаў-эвангелістаў распаўсюджваюць розныя чуткі й міты. Якія менавіта?

Гарэцкі: “Я выхоўваўся ў праваслаўнай сям’і, але ў пэўны час згубіў кантакт з царквой. Сярод іншага таму, што як прыхаджанін не адчуваў такога вэрбальнага кантакту з тым, што, уласна кажучы, адбываецца на служэньнях. І неяк мой сябар Зьміцер Дашкевіч запрасіў у пратэстанцкую царкву. Тут сапраўды адчуў дух, калі людзі моляцца думкамі, якія ім прыходзяць надушу – такім чынам ёсьць магчымасьць зьвярнуцца да Госпада па-сяброўску”.

Уліцёнак: “Такім чынам – пра міты й забабоны, зьвязаныя з эвангельскімі цэрквамі, пратэстанцкім рухам. Пачнём з самага распаўсюджанага: Біблія ў вас, Барыс, не такая, як ва ўсіх…”

Гарэцкі: “Многія яшчэ ад савецкіх часоў сапраўды лічаць, што ў пратэстантаў і наагул у эвангельскіх цэрквах карыстаюцца бібліямі з адмыслова зьмененымі тэкстамі. Але большасьць эвангельскіх суполак ня маюць нічога агульнага з выдавецкай дзейнасьцю – літаратуру мы набываем ў тых самых праваслаўных ды каталіцкіх крамах. Таму гэты міт ня мае права на існаваньне. Як і іншыя, што фактычна ўхваляюцца сёньняшнімі афіцыйнымі ідэолягамі ”.

Уліцёнак: “Напрыклад, часам кажуць пра тое, што ў эвангельскіх цэрквах (“Гляньце, якія палацы!”) хіба ці ня кожны прыхаджанін трымае фінансавую справаздачу перад пастырам, каб людзі спраўна плацілі так званую дзесяціну…”

Гарэцкі: “Бадай што нідзе няма ніякіх прымусовых аплатаў, прынамсі ў нашай царкве. Той хто хоча, ахвяруе добраахвотна. Тым больш няма абсалютна ніякай справаздачнасьці на тэму, колькі ты зарабіў і аддаў на веру. Ні ў якім разе ніхто гэтыя грошы не падлічвае і не занатоўвае”.

Уліцёнак: “Міт чарговы: у вашай царкве пары маладзёнаў падбіраюцца, і, так бы мовіць, шлюбы ўжо заключаюцца зусім не на нябёсах, а ў сьценах храму. Зноў няпраўда?”

Гарэцкі: “І ў гэтым пляне пратэстанты нічым літаральна не адрозьніваюцца ад праваслаўных ці каталікоў. Рашэньне аб тым, з кім ты будзеш будаваць сваё жыцьцё, безумоўна залежыць ад цябе самога”.

Уліцёнак: “Напярэдадні дня Сьвятога Валянціна рэзоннае пытаньне: як у вас, Барыс, з каханьнем, сям’ёй?”

Гарэцкі: “Што да апошняга, то шчыра кажучы я пакуль над гэтым не задумваўся. Хаця, мяркую, раней ці пазьней гэта прыйдзе, што будзе абсалютна нармальна”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG