Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Баранавіцкім мясакамбінаце – пратэсты


На Баранавіцкім мясакамбінаце прайшоў стыхійны мітынг супраць закрыцьця цэхаў і масавага звальненьня людзей.


Днямі там згубілі працу каля 40 чалавек з кансэрвавага цэху. Такі ж лёс пагражае яшчэ сотні работнікаў камбінату.

Колькасьць працоўных дзён на мясакамбінаце складае ад 7 да 10 на месяц. Стыхійны мітынг людзі правялі, калі даведаліся пра поўнае закрыцьцё кансэрвавага цэху. Зараз яны асьцерагаюцца аналягічнага лёсу для сябе, гаворыць адна з работніц, Вольга Геніюш:

“Я кажу ад імя калектыву цэху, што нас хвалюе праблема страты працы. Нам увесь час абяцаюць, што будзе ўсё добра, што будзе рэканструкцыя, што мы рухаемся, а насамрэч мы стаім на месцы. Мы жывем у абяцанках, а працы ў нас няма. Мэр горада Дз’ячкоўскі, які ў нас быў, мы ад яго нічога не пачулі”.

Прадпрыемства было далучанае да Бярозаўскага мясакамбінату, нібыта з мэтай рэканструкцыі і мадэрнізацыі. Аднак гэта перайшло ў згортваньне вытворчасьці і звальненьне працоўных, бальшыня зь якіх – жанчыны, кажа яшчэ адна работніца прадпрыемства Ала Зайко:

“Я адна выхоўваю дзіця. Заробак за студзень 184 тысячы, як пражыць? Працаваць на камбінаце пачала з 18 гадоў, зараз мне – 37 і вось куды ісьці? Няма куды ісьці. І нас шмат такіх. Хто працуе ў забойным цэху – ва ўсіх такое становішча”.

Пісьмовыя звароты калектыў камбінату накіроўваў у канцэрн, у адміністрацыю Берасьцейскай вобласьці, прэзыдэнцкую адміністрацыю, аднак адказу ніадкуль не атрымалі. Дырэктар Бярозаўскага мясакамбінату Уладзімер Жуковіч падзеі на падпарадкаваным прадпрыемстве пракамэнтаваць таксама адмовіўся:

“Я інтэрвію нікому па тэлефоне не даю. Калі хочаце, то прыяжджайце. Усяго добрага, да пабачэньня”.

Праблемы Баранавіцкага мясакамбінату – характэрныя для прадпрыемстваў харчовай прамысловасьці краіны, і яны маюць некалькі прычынаў, кажа эканаміст Міхась Залескі:

“Прычына першая, гэта правапрымяненьне, а другая – правы чалавека. За студзень-верасень узрасла і крэдыторская запазычанасьць і дэбіторская. І калі няма нармалёвай працэдуры банкруцтва, то яны пачынаюць аб’ядноўваць прадпрыемствы. Гэта ліквідацыя ў выглядзе далучэньня. Эўрапейскае заканадаўства ў такіх выпадках пры звальненьні прадугледжвае выплату заробкаў да сямі гадоў. У нас у сувязі зь ліквідацыяй прадпрыемстваў чалавек абсалютна бяспраўны”.
XS
SM
MD
LG