Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: міліцыя хоча зрабіць ператрус у кватэры А.Васільева


Аляксандар Васільеў

Сёньня судзьдзя Пінскага гарадзкога суду Зьміцер Лешчанка прыняў рашэньне перанесьці разгляд адміністрацыйнай справы лідэра мясцовых прадпрымальнікаў Аляксандра Васільева на 15 лютага. Тым часам міліцыя спрабуе правесьці у кватэры А.Васільева ператрус.


Аляксандар Васільеў быў затрыманы ўчора на калгасным рынку ў Пінску. Паводле словаў Аляксандра, маёр Сыраежка абвінаваціў яго ў тым, што ён нібыта арганізаваў акцыю пратэсту прадпрымальнікаў:

“Мяне завялі ў камэру, дзе я адседзеў амаль два дні. Цяпер вось завялі на суд, які мяне адпусьціў, але вось цяпер стаіць ля мяне міліцыянт і заяўляе, што хоча зрабіць ператрус у маёй кватэры. Я патрабую высьветліць, ці ёсьць у яго санкцыя пракурора. Вы, калі ласка, пазьней патэлефануйце”.

Сёлета Аляксандра Васільева ўжо судзілі. Гэта было 1 лютага. Тады судзьдзя Пінскага гарадзкога суду Тацяна Сьвібовіч разглядала два міліцэйскія пратаколы. Адзін удалося аспрэчыць. Спадар Васільеў нават без адваката пераканаў суд у супярэчлівасьці сьведчаньняў міліцыянтаў і ня быў арыштаваны, як таго патрабаваў міліцэйскі пратакол.

Праваабаронца Валеры Шчукін лічыць, што тая перамога Васільева ў судзе стала прычынай яго затрыманьня ўчора:

“Гэта адзіная прычына. Іншай прычыны і быць ня можа. За гэта яго зноў схапілі. Я яму ўжо казаў, што нельга хадзіць на акцыі аднаму. Да прыкладу, я ніколі адзін на акцыі не хаджу. Вядома, сьведка з майго боку – не гарант бясьпекі, але тым ня менш. Нельга хадзіць аднаму. Нельга!”

На пачатку сёньняшняга судовага паседжаньня Аляксандр Васільеў заявіў, што яго хвалюе лёс маці. Сёньня 65-гадовую жанчыну забрала ў лякарню “хуткая дапамога”.

Аляксандру Васільеву 35 гадоў. Ён – сябра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. За арганізацыю акцыяў пратэсту і ўдзел у іх арыштоўваўся раней на 5, 7 і 15 сутак.
XS
SM
MD
LG