Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Баранавічаў запрасілі прадпрымальнікаў на сустрэчу


Сёньня ў цэнтры Баранавічаў адбылася несанкцыянаваная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760.


Паводле актывіста прадпрымальніцкага руху Мікалая Чарнавуса, на акцыю прыйшлі больш за дзьвесьце прадпрымальнікаў і найманых асобаў. Яны патрабавалі адмены прэзыдэнцкага ўказу № 760. Удзельнікі акцыі скандавалі: “Работу!” У інтэрвію “Свабодзе” яны патлумачылі, што вымусіла іх прыйсьці на мітынг:

Спадарыня: “Мы сабраліся, каб нам далі свабодна працаваць. Каб нам не перашкаджалі”.

Спадарыня: “Бо нам есьці хочацца. У нас забіраюць усё – і ўладу, і працу. Я інвалід другой групы. Мне не даюць працаваць, зьнялі ўсе льготы. А што мне есьці?”

Прадпрымальнік: “Створаны такія ўмовы, што праз год мы ўсе вымушаныя будзем застацца бяз працы. Мы з жонкай вымушаныя будзем існаваць на капейкі. У мяне ў траўні звольненыя тры чалавекі, якія дагэтуль бяз працы”.
Праз год заснемся бяз працы...

Спадарыня: “Урад нас сам штурхае на тое, каб мы парушалі законы, наша заканадаўства, якое фармуецца супраць нас, невядома ў чыіх інтарэсах. Я была прадпрымальнікам, у мяне працавалі двое найманых. Адна зь іх — маці-адзіночка, сама сірата. Ёй няма каму дапамагчы, і як ёй карміць дзіця?”

На пачатку акцыі былі затрыманыя два маладафронтаўцы: Яраслаў Грышчэня і непаўналетні Вадзім Бегені. Іх адвезьлі ў міліцыю, але потым адпусьцілі, калі ўдзельнікі акцыі вырашылі пайсьці да будынку міліцыі, каб запатрабаваць вызваленьня затрыманых. Аднак міліцыянты склалі на хлопцаў пратаколы.

“Яны заявілі, што мы з Вадзімам лаяліся матам, калі стаялі каля помніка Грыцаўцу, – расказаў Яраслаў Грышчэня. – Прывезьлі ў РУУС, склалі пратакол, перагледзелі ўсе асабістыя рэчы, там быў мэгафон, сьцяг. Яны ўсё гэта аддалі, пасадзілі ў машыну і прывезьлі мяне дадому. Сказалі, калі мяне ўбачаць на плошчы Леніна падчас мітынгу, дадуць сем сутак”.

“Там напісалі, што мы выкрыквалі антыдзяржаўныя лёзунгі ў мэгафон і лаяліся матам, – дадае Вадзім Бегені. – Гэтага зусім не было. Мы проста стаялі, размаўлялі, падышлі чатыры міліцыянты, скруцілі нас. Пасадзілі ў машыну і павезьлі”.

Да ўдзельнікаў мітынгу выйшла кіраўніца ўпраўленьня эканомікі гарвыканкаму Раіса Ўласовіч. Яна прапанавала прадпрымальнікам прыйсьці ў сераду на сустрэчу ў будынак гарсавету. У размове з карэспандэнтам “Свабоды” яна сказала:

“Я іх папрасіла напісаць, чаго яны хочуць, якія праблемы яны хочуць вырашыць. Калі адмяніць указ прэзыдэнта, то мы гэта не вырашаем”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG