Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Расея зноў за сталом перамоваў у сувязі з праблемаю газавых паставак. Расейскі манапаліст “Газпром” прыгразіў Украіне спыніць пастаўкі паліва з 12 лютага, калі тая ня сплаціць запазычанасьці. Газавая тэма, відавочна, стане галоўнай і на заўтрашніх перамовах у Маскве паміж украінскім і расейскім прэзыдэнтамі Віктарам Юшчанкам і Ўладзімерам Пуціным.


Прадстаўнікі расейскай кампаніі “Газпром” і ўкраінскай дзяржаўнай энэргетычнай фірмы “Нафтагаз” спрабуюць вырашыць як праблему ўкраінскай запазычанасьці, так і пытаньне тэхнічных умоваў паставак газу. “Газпром” ацэньвае ўкраінскі доўг на паўтара мільярда даляраў і абяцае спыніць пастаўкі паліва, калі сытуацыя з запазычанасьцю ня будзе ўрэгуляваная.

Ультыматум “Газпрому” прагучаў з вуснаў афіцыйнага прадстаўніка кампаніі Сяргея Купрыянава ў мінулы чацьвер:

“Калі цягам найбліжэйшых дзён, да панядзелка ўлучна, сытуацыя ня будзе ўрэгуляваная, “Газпром” працягваць гэтую дапамогу ня будзе, і пастаўкі расейскага газу для Ўкраіны будуць спыненыя”.

Учора ў Мюнхэне ў часе канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі першы віцэ-прэм’ер Расеі Сяргей Іваноў заявіў, што ягоная краіна “ўжо даўно не займаецца дабрачыннасьцю на мільярды даляраў”.

“Нафтагаз” не прызнаваў сваёй віны. Аднак першы намесьнік прэм’ер-міністра Ўкраіны Аляксандар Турчынаў прызнаў, што “Нафтагаз” вінаваты Расеі грошы.

Аналягічная спрэчка паміж Расеяй і Ўкраінай была ў студзені 2006 году. Тады Расея часова прыпыніла пастаўкі газу ва Ўкраіну, ад чаго пацярпелі й некаторыя эўрапейскія краіны. Учора ў Мюнхэне Сяргей Іваноў супакоіў эўрапейскіх партнэраў, што гэтым разам у выпадку адключэньня паставак газу Ўкраіне ім нічога не пагражае.

Газавая праблема абвастрылася напярэдадні візыту Віктара Юшчанкі ў Маскву. І, натуральна, замест плянаваных для абмеркаваньня з Уладзімерам Пуцінам стратэгічных праблемаў пытаньне пра газ выйдзе на першае месца.

Існуюць розныя падыходы да вырашэньня праблемы ў самім украінскім кіраўніцтве. Прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка, якая таксама зьбіраецца наведаць Маскву 21 лютага, выступае за падпісаньне наўпроставай дамовы паміж “Газпромам” і “Нафтагазам”. Яна лічыць, што пасярэдніцкія кампаніі вінаватыя за рост цаны на газ. Юшчанка ж выказаў засьцярогу адносна перагляду існуючай дамовы, бо, нягледзячы на рост цаны, Украіна ўсё яшчэ плаціць меней, чым бальшыня суседніх краінаў, – 180 даляраў за тысячу кубамэтраў. Рынкавая цана для газу, імпартаванага краінамі аб’яднанай Эўропы з Расеі, складае прыблізна 230 даляраў.

Дадамо, што ўчора ў Мюнхэне расейскі віцэ-прэм’ер Сяргей Іваноў таксама патлумачыў, чаму Беларусь плаціць за газ меней, чым іншыя краіны. Паводле Іванова, “Лукашэнка сказаў, што ў яго такіх грошай няма”. Сяргей Іваноў заявіў, што цэны на расейскія энэрганосьбіты не залежаць ад замежнай палітыкі Расеі. Маўляў, Расея “нікому не пастаўляе газу бясплатна”, а цана на энэрганосьбіты вызначаецца паводле празрыстай рынкавай формулы. Цяпер Беларусь атрымлівае расейскі газ па 119 даляраў за тысячу кубамэтраў.



  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG