Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адбылася першая прэсавая канфэрэнцыя новага кіраўніка офісу АБСЭ ў Беларусі Ганса-Ёгана Шміта.


Нямецкі дыплямат ня стаў ацэньваць становішча ў Беларусі, спаслаўшыся на тое, што яшчэ недастаткова вывучыў сытуацыю ў краіне.

Ганс-Ёган Шміт прызнаў, што ў дачыненьнях офісу АБСЭ зь Беларусьсю існуюць праблемы:

“Хачу спаслацца на адну з праблемаў — гэта праблема тых праектаў, якія офіс ажыцьцяўляе разам зь беларускім урадам. На мой погляд, працэс іх рэгістрацыі занадта зацягнуты. Чамусьці так атрымліваецца, што гэтыя праекты рэгіструюцца толькі напрыканцы году. І як жа тады можна іх рэалізаваць за месяц?!”

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра свае пляны, спадар Шміт сказаў, што кансультаваўся са сваімі нямецкімі папярэднікамі Эбэргардам Гайкенам і Гансам-Георгам Вікам:

“Гэта вельмі важна — выбраць прагматычны падыход. Як сказаў адзін з маіх калегаў, трэба трымацца прагматычнага падыходу, але ў станоўчым сэнсе гэтага слова.

Я ўпэўнены, што немагчыма тут працаваць без падтрымкі вашага ўраду. Калі ў мяне зьявілася магчымасьць прадставіць сябе, я сказаў, што не хачу пакінуць Беларусь ужо наступнай раніцай пасьля прылёту сюды. Я думаю, гэта было б не ў інтарэсах АБСЭ”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў адзначае: цяпер офіс АБСЭ ў Менску ўжо не валодае такім мандатам, які б дазваляў вырашаць сур’ёзныя пытаньні.

“Таму ўплыў офісу будзе дастаткова абмежаваны. А тое, што прызначылі сюды нямецкага дыплямата, можа адыграць кумулятыўную ролю. У нас тут актыўны нямецкі амбасадар спадар Вайс. А яшчэ і кіраўнік офісу зь Нямеччыны. І калі Нямеччына на дзяржаўным роўні вызначыла сваю палітыку адносна Беларусі як больш скіраваную на колькасьць і якасьць кантактаў, дык можа адбыцца кумулятыўны эфэкт. Яны будуць працаваць у зьвязцы.

А яшчэ, магчыма, да іх падключыцца Францыя, якая мае ў Беларусі важны інтарэс, зьвязаны, сярод іншага, і з будаўніцтвам АЭС. Тады можна будзе казаць і пра зьмяненьне эўрапейскага курсу ў дачыненьнях зь Беларусьсю. Не пра тое, што ёсьць нейкая іншая стратэгія, а пра тое, што некаторыя краіны абралі больш актыўную палітыку ў дачыненьнях зь Беларусьсю”.

Ганс-Ёган Шміт зьмяніў на пасадзе кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску швэдзкага дыплямата Оке Пэтэрсана, які пакінуў Беларусь яшчэ ў жніўні. Да свайго новага прызначэньня спадар Шміт ачольваў аддзел культурных сувязяў у Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны. А раней працаваў намесьнікам амбасадара Нямеччыны ва Ўкраіне. Спадар Шміт — чацьверты па ліку кіраўнік менскага офісу АБСЭ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG