Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 11 лютага, панядзелак


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Грамадзкі актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка публічна адмовіўся прымаць вайсковую прысягу. Студэнт-выдатнік, адлічаны з унівэрсытэту за грамадзка-палітычную дзейнасьць, па-ранейшаму застаецца ў войску, не зважаючы на рашэньне гомельскага суду аб прыпыненьні ягонай службы. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Ніна Ярмалінская: “Вітаю шаноўнае спадарства! Дакуль улады будуць зьдзекавацца з нашых дзяцей і калечыць ім жыцьцё?! Сёньня чарговай ахвярай стаў студэнт унівэрсытэту Зьміцер Жалезьнічэнка. А заўтра наступны? Дайце нарэшце магчымасьць моладзі жыць і вучыцца ў нармальных чалавечых умовах!”

У Беларусі сёлета пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Выказваньне слухача:

Спадар: “Добры дзень. На гэтым тыдні было абвешчана пра правядзеньне так званых выбараў у Беларусі. Насамрэч гэта пустая, нікому не патрэбная, цалкам фальшывая кампанія. Тым ня менш яна каштуе дзесяткі мільярдаў рублёў. Гэта тыя грошы, што адабралі ў вэтэранаў, інвалідаў, чарнобыльцаў, студэнтаў, донараў. Якія могуць быць выбары, калі ўлада належыць аднаму чалавеку, пануе дыктатура ў рэспубліцы? Ня варта праводзіць такую кампанію, тым самым лепш зьберагчы людзкія грошы”.

“Як склаўся далейшы лёс Дашы і яе Юркі зь фільму “Плошча Каліноўскага”. Над чым цяпер працуе рэжысэр Хашчавацкі?” – пытаецца слухач у СМС- допісе. Яму адказвае Юры Хашчавацкі:

“Даша жывая і здаровая і, як заўжды, закаханая. Юрка, наколькі я ведаю, таксама жывы і здаровы. А я зараз раблю вялікі сэрыял пра найноўшую гісторыю Беларусі. Гэты дакумэнтальны сэрыял складуць каля 12 сэрый. У ім гаворыцца пра тое, што з намі было апошнія 15 гадоў. Гэтым фільмам я спрабую асэнсаваць усю лёгіку таго, што з намі адбылося”.

“Я жыву ў Беларусі. А калі шчыра казаць, дык адчуваю сябе іншаземцам. Тут амаль нічога беларускага”, – напісаў на Свабоду Андрусь. Далей выказваньні на розныя іншыя тэмы:

Аляксандар Паўловіч, Горадня: “Хачу падзяліцца думкамі наконт новапрынятай пастановы аб дапамозе героям вайны і працы, удзельнікам войнаў і некаторым іншым катэгорыям у выглядзе 350 тысяч у год на лячэньне. А дзе браць грошы? Вядома, у тых, хто атрымлівае 185—200 тысячаў. Вялікі дзякуй прэзыдэнту за яго клопат пра дабрабыт багатых, а вы, галадранцы, галасуйце за Лукашэнку”.

Спадар: “Пра “Карту паляка”. Вось беларускае МЗС выказала заклапочанасьць у сувязі з тым, што польскі парлямэнт прыняў закон “Аб Карце паляка”. Ёсьць жа такія карты, як “Карта грэка”, вугорца ці ўкраінца, і ніхто ня скардзіцца. Можа, і кіраўніцтву Беларусі прыняць “Карту беларуса”, за што ім будуць удзячныя тысячы беларусаў?”

Пётар Сьцяпанавіч: “У “чорныя сьпісы” невыязных вышэйшых чыноўнікаў Беларусі на чале з прэзыдэнтам трапіў і вышэйшы чыноўнік апазыцыі Анатоль Лябедзька. Наконт дзяржаўных чыноўнікаў рашэньне прымалі ЗША і Эўразьвяз. А наконт Лябедзькі — наша кіраўніцтва. Але хрэн за рэдзьку не саладзейшы. Забарона — яна і ёсьць забарона”.

Аляксандар Анатолевіч Яцкевіч, Віцебск: “Расейскі Чарнамор даў вялікі крэдыт не для таго, каб лягчэй жылося такім, як я. Ён даў крэдыт для КДБ, для МУС”.

Спадарыня: “Слухаю вас кожны дзень і кожны вечар. Калі ласка, больш музыкі, бо гэтая палітыка ўжо дастала! Дзякую”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG