Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” .


У ХV Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ўзялі ўдзел каля шасьцісот айчынных і замежных выдавецтваў, у тым ліку зь Ізраілю, які сёлета быў ганаровым госьцем беларускага кнігавыдавецкага фэсту. Яшчэ адной знакавай падзеяй выставы сталася прэзэнтацыя Збору твораў Васіля Быкава, які выдае маскоўскае выдавецтва “Время”. Чаму творы Быкава не выходзяць у нас? На гэтае ды іншыя пытаньні адказвае прыватны выдавец Зьміцер Колас.

Цяпер, калі такі факт адбыўся, калі “Время” зладзіла прэзэнтацыю твораў Быкава, нашым чыноўнікам у Міністэрстве інфармацыі павінна быць сорамна”

Міхась Скобла: “Спадар Зьміцер, сотні выдавецтваў удзельнічалі ў выставе-кірмашы – каб другіх паглядзець і сябе паказаць. Другой такой зборні выдаўцоў у Беларусі не бывае. Чаму ж вы праігнаравалі гэтае прэстыжнае кніжнае мерапрыемства?”

Зьміцер Колас:
“Я хацеў у ім паўдзельнічаць, але акурат перад выставай прыхварэў. А таму спазьніўся падаць адпаведную заяўку. Калі дайшла чарга да яе разгляду, засталося апошняе месца, у самым куце. І я вырашыў ня браць удзелу. Хоць у папярэднія гады ў мяне такой магчымасьці не было. Справа ў тым, што мне некалькі разоў за сваю выдавецкую кар’еру давялося перарэгістоўваць, нават мяняць сваё выдавецтва.. А таму не было чаго на той выставе паказваць. А сёлета якраз было што паказаць, ды, на жаль, не атрымалася. На падобных выставах-кірмашах сустракаюцца спэцыялісты, дзеляцца ўражаньнямі пра свае выданьні, імкнуцца да лепшых узораў, паказваюць свае набыткі, сустракаюцца з тымі, у каго б яны хацелі набыць правы на тое ці іншае выданьне. Гэта ўжо я гавару як выдавец замежнай літаратуры. У гэтым, бясспрэчна, ёсьць карысьць ад падобных выставаў. Але мне хацелася проста паказаць тое, што ў мяне выйшла на беларускай мове. Таму што сёньня кніжны рынак перанасычаны расейскамоўнай літаратурай, і беларускамоўныя кнігі губляюцца ў гэтым акіяне. То чаму ня выставіць іх на асобным стэндзе, дзе яны ня будуць заслоненыя тысячамі іншых выданьняў, калі ёсьць такая магчымасьць?”

Скобла: “Знакавай падзеяй сёлетняй выставы, несумненна, была прэзэнтацыя Збору твораў Васіля Быкава, які выдае расейскае выдавецтва “Время”. Выдае – гэта варта падкрэсьліць – па-беларуску. На выставе маскоўскі выдавец Барыс Пастарнак расказваў пра свой быкаўскі кніжны праект. І тут мне хочацца спытацца ў айчынных кнігавыдаўцоў словамі Ўладзімера Караткевіча: “Адкажыце, унукі Скарыны, дзе ваш гонар, моц і краса?” Чаму айчынную клясыку вы аддалі расейцам?”

Я проста ўпэўнены, што расейскае выдавецтва не выдавала Васіля Быкава за свой кошт. Думаю, на гэта былі пэўныя датацыі...
Колас:
“Я проста ўпэўнены, што расейскае выдавецтва не выдавала Васіля Быкава за свой кошт. Думаю, на гэта былі пэўныя датацыі. Іначай, расейскаму выдавецтву ажыцьцяўляць гэты праект было б абсалютна нявыгадна. Пагадзіцеся, расейскамоўнае выданьне таго ж Быкава прынесла б яму куды большыя прыбыткі. Таму кідаць камень у гарод беларускіх выдаўцоў ня варта. Я тут хачу абараніць сваіх калегаў, якім даводзіцца працаваць у няпростых умовах. Чаму, напрыклад, я ня ўзяўся выдаваць Быкава? Буду шчырым, мне гэта хацелася б зрабіць. Але выданьне Збору твораў Быкава ў 14 тамах – надзвычай дарагі праект, у мяне такіх фінансавых магчымасьцяў няма”.

Скобла: “Нават кнігі Быкава не самаакупныя?”

Колас: “Можа быць, і самаакупныя. Гэта залежыць ад накладу. Калі наклад прыстойны, 3000—5000 тысячаў асобнікаў, то, магчыма, гэты праект і акупіцца. Але, паўтаруся, выдаваць зборы твораў складана. Трэба выпускаць адразу некалькі тамоў, а пакуль яны прададуцца, пакуль грошы вернуцца… Каб адважыцца на такое, трэба мець вялікі грашовы абарот. Безумоўна, можна было нашай дзяржаве парупіцца і выдзеліць пад выданьне Быкава пэўныя сродкі. І я думаю, што цяпер, калі такі факт адбыўся, калі “Время” зрабіла такую прэзэнтацыю, нашым чыноўнікам у Міністэрстве інфармацыі павінна быць сорамна”.

“Нічога страшнага ня будзе ў тым, калі Паліграфкамбінат імя Коласа набудуць расейцы”

Скобла: “У Беларусі выдатныя паліграфічныя прадпрыемствы – і Дом друку, і Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа, і Фабрыка каляровага друку. Як паведамлялася ў СМІ, неўзабаве Паліграфкамбінат мае быць прададзены расейскім прадпрымальнікам. Дзяржава наша аберагае трубапровады, буйныя заводы, кажучы, што гэтым самым аберагае незалежнасьць Беларусі. А ці не нясе пагрозу нашай незалежнасьці страта “заводаў” па вытворчасьці кніг?”

Колас: “Паліграфія – такая ж самая галіна эканомікі, як і ўсе астатнія. І калі на яе не накінуць нейкія ідэалягічныя цуглі, то нічога страшнага ў гэтай куплі-продажы няма. У той самай Расеі замежны капітал скупіў ці ня ўсе папяровыя камбінаты, і нічога страшнага для расейцаў не адбылося. А ў выпадку з нашым Паліграфкамбінатам, можа, і лепш будзе, калі ўладальнікам стане не дзяржава, а прыватны капітал, якому ўсё роўна, на якой мове і якую літаратуру друкаваць. Расейцы выдаюць Быкава, значыць, і тут, хочацца спадзявацца, будзе ўсё добра”.

“Не ўяўляю, як з манітора чытаць “На росстанях” Якуба Коласа ці паэму Янкі Купалы “Яна і я”?

Скобла:
“На адкрыцьці кніжнай выставы гучалі аптымістычныя прамовы, называліся мільёны прачытаных за прамінулы год кніг. А як па вашых адчуваньнях – нашы людзі сталі чытаць больш, чым, прыкладам, пяць-дзесяць гадоў таму?”

На жаль, маладое пакаленьне чытае нашмат менш, чым мы ў свой час. Кнігу выцясьняе інтэрнэт...
Колас:
“Цяжка адназначна адказаць на гэтае пытаньне. Мяркуючы па накладах, то менш сталі чытаць. А мяркуючы па назвах выдадзеных кніг, то – больш. Думаю, што скарацілася кола чытачоў, але тыя, хто чытаў, і сёньня чытаюць. На жаль, маладое пакаленьне чытае нашмат менш, чым мы ў свой час. Кнігу выцясьняе інтэрнэт. Там, вядома, можна знайсьці і добрую літаратуру, але я не ўяўляю сабе, як з манітора чытаць “На росстанях” Якуба Коласа ці паэму Янкі Купалы “Яна і я”? Сапраўдная літаратура патрабуе ўсё ж і адмысловага стаўленьня да сябе”.

Скобла: “На выставе прадставілі свае кнігі ці ня ўсе дзяржаўныя выдавецтвы. І кошты на іх прадукцыю, трэба прызнаць, даволі памяркоўныя, паколькі яны атрымліваюць дзяржаўную датацыю ў памеры 50% затратаў на выданьне. Як жа прыватныя выдавецтвы могуць тут вытрымаць канкурэнцыю?”

Колас: “Няма ніякай канкурэнцыі паміж прыватнымі і дзяржаўнымі выдавецтвамі. Бывае, што і прыватны выдавец атрымлівае дзярждатацыю. Гэта залежыць ад таго, якое выданьне рыхтуецца. Напрыклад, нядаўна мае калегі з выдавецтва “Энцыкляпэдыкс” выдалі беларускі гербоўнік, своеасаблівы даведнік па эмблематыцы. І мелі на гэта дзяржаўную датацыю. У свой час я выдаваў дапаможнік для школы, і там была стоадсоткавая дзяржаўная датацыя. Увогуле, у любой краіне дзяржава дапамагае ў выданьні тых кніг, якія яна лічыць патрэбнымі, “сацыяльна-значнымі. Якія кнігі сёньня лічацца “сацыяльна-значнымі” ў нашай краіне, я ня ведаю, паколькі даўно не зьвяртаўся па датацыю”.

Скобла: “А якога кшталту кнігі сёньня карыстаюцца найбольшым попытам?”

Колас: “Пераважна, практычная літаратура – энцыкляпэдыі, слоўнікі, даведнікі”.

Скобла: “Вашае выдавецтва спэцыялізуецца галоўным чынам на выданьні замежнай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову. Няўжо Густаў Майрынк запатрабаваны больш, чым Уладзімер Караткевіч, а Роб-Грые – больш, чым Багдановіч?”

Колас: “Не думаю, што трэба параўноўваць замежных аўтараў зь беларускімі. Кожны зь іх цікавы сам па сабе. Як выдавец, я стаўлю сабе за мэту пашырыць сьветагляд беларускага чытача, пазнаёміць яго з усёй разнастайнасьцю ўсясьветнай літаратуры, з самымі рознымі літаратурнымі школамі, плынямі і стылямі”.

“Дзіва дзіўнае, але слоўнікі не купляюцца беларускімі ВНУ. Лінгвістычны ўнівэрсытэт не набыў ніводнага (!) слоўніка”

Скобла: “Летась у кнігарні я пабачыў расейска-беларускія слоўнікі, выдадзеныя маскоўскм выдавецтвам для (!) турыстаў і бізнэсмэнаў. І, дзіўная рэч, прадавачка мне паведаміла, што слоўнікі карыстаюцца попытам. Што вы скажаце пра такія дзівосы айчыннага кніжнага рынку?”

Лінгвістычны ўнівэрсытэт не набыў ніводнага (!) слоўніка...
Колас:
“Трэба толькі вітаць падобныя захады расейскіх выдавецтваў. Я таксама выдаў некалькі дыхтоўных слоўнікаў. Гэта ангельска-беларускі слоўнік Валянціны Пашкевіч і нямецка-беларускі слоўнік Мікалая Кур’янкі. Яны карыстаюцца пэўным попытам, праўда, чамусьці толькі ў прыватных пакупнікоў. Дзіва дзіўнае, але слоўнікі не купляюцца беларускімі ВНУ. Скажам, Лінгвістычны ўнівэрсытэт не набыў ніводнага (!) слоўніка. Па адным асобніку кожнага слоўніка набыў БДУ. Гэта болей чым дзіўна, гэта папросту ня ўкладваецца ні ў якія рамкі. А людзі купляюць слоўнікі, і купляюць няблага. У параўнаньні з мастацкай літаратурай слоўнікі разыходзяцца значна лепш. Але мы павінны дбаць ня толькі пра наш час, але і пра будучыню. У будучай Беларусі замежныя мовы будуць абавязкова запатрабаваныя. І сёньня мы рыхтуем да выданьня гішпанска-беларускі і італьянска-беларускі слоўнікі”.

“З дапамогай “усебеларускай складчыны” можна ажыцьцявіць адзін, два, тры праекты, але ня болей”

Скобла: “Мы з вамі гаварылі пра тое, як складана здабыць сродкі на выданьне вартасных кніг. Сёньня ў Беларусі зьявілася практыка ўсебеларускай складчыны на выданьне нацыянальнай клясыкі. Напрыклад, “Беларускі кнігазбор” абвесьціў збор сродкаў на выданьне твораў Рыгора Барадуліна ў сваёй “залатой” сэрыі. Атрымліваецца нават сымбалічна: народны паэт выдаецца на народныя грошы. Можа быць, па гэткім шляху трэба ісьці айчынным выдаўцам?”

Дарэчы, і Быкава можна было б выдаць з дапамогай усенароднай падпіскі...
Колас:
“Падобная практыка існавала і ў былым Савецкім Саюзе. І называлася яна – падпісныя выданьні. Спачатку ўносіліся грошы, а потым выдавалася кніга. І людзі былі задаволеныя, што яны загадзя купілі яшчэ нявыдадзеную кнігу. Абвешчаная “Кнігазборам” акцыя як бы далучае да выдавецкага працэсу звычайных людзей, і гэта добрая практыка. Але яна можа спрацаваць толькі пры выданьні кніг, які карыстаюцца сапраўды ўсебеларускім попытам. Творы Рыгора Барадуліна тут акурат падыходзяць. Дарэчы, і Быкава можна было б выдаць з дапамогай усенароднай падпіскі. Але ж ёсьць літаратура, якая ня можа мець масавага чытача, але яна абавязкова павінна выходзіць. Рэальна папярэдне сабраць грошы з аматараў такой літаратуры – вельмі цяжка. Усе кнігі паводле такой формулы выдаваць проста немагчыма. З дапамогай “усебеларускай складчыны” можна ажыцьцявіць адзін, два, тры праекты, але ня болей”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG